Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня на працэсе над Міхалам Чыгіром даў паказаньні старшыня Мытнага камітэту Вікенці Макарэвіч, супраць якога, як высьветлілася, таксама ўзбуджалася крымінальная справа.

Старшыня Мытнага камітэту Вікенці Макарэвіч быў выкліканы сёньня ў суд, каб дапамагчы разабрацца з эпізодам, зьвязаным з узычэньнем фірме “Піаск” адтэрміноўцы на год у выплаце мытаў. Распараджэньне пра гэта падпісаў у 1995 годзе прэм’ер-міністар Міхал Чыгір, спасылаючыся на рэкамэндацыю ўрадавае валютнае камісіі.

Чыгір тлумачыў на судзе, што, паколькі фірма заключыла дамову на закуп аўтамабіляў да того, як былі ўведзеныя новыя мытныя тарыфы, адтэрміноўка выплатаў была патрэбна “Піаску”, каб выканаць свае забавязаньні перад партнэрамі, атрымаць грошы й разьлічыцца зь бюджэтам. Галоўнай умоваю адтэрміноўкі была гарантыя ад “Белінвэстбанку”, якую фірма “Піаск” павінна была атрымаць з дамапогаю міністэрства фінансаў. “Бяз гэтае гарантыі мытня не павінна была прапускаць празь мяжу аўтамабілі, якія завозіла ў Беларусь фірма “Піаск”, – казаў на судзе Міхал Чыгір.

Вікенці Макарэвіч тлумачыў сёньня, чаму гэта ўсё ж адбылося. Паводле словаў старшыні Мытнага камітэту, распараджэньне, падпісанае Чыгіром, прымушала мытню выйсьці за межы ранейшае практыкі. Раней мытня давала падобныя адтэрміноўкі ў выплатах ня больш як на два месяцы, а тут быў тэрмін ажно год. І ўсё ж мытня выканала гэты загад, бо падпарадкоўвалася ўраду.

Праўда, як высьветлілася ў судзе, выканала напалову. Аўтамабілі празь мяжу прапусьціла бяз мытаў, а гарантыю ад банку ня спраўджвала. Як гэта ўдалося зрабіць насуперак дакладнаму ўказаньню Чыгіра й дзейным інструкцыям, патлумачылі ў судзе супрацоўніцы мытні Лідзія Позьняк і Надзея Міхеева. Проста ў Мытным камітэце было скарочанае распараджэньне ўраду, зь яго выкінулі ўмову атрыманьня гарантыі банку, і ў выніку ў менскай рэгіянальнай мытні, якая атрымала скарочаны загад, гэтая гарантыя нікога ўжо не цікавіла…

“Я была ўпэўненая, што гарантыя знаходзіцца ў Рэспубліканскім мытным камітэце”, – шчыра сказала суду Надзея Міхеева. Цікава, што гэтыя паказаньні мытніцы разыходзіліся з тым, што казаў суду старшыня камітэту Вікенці Макарэвіч. Ён увогуле сёньня блытаўся ў сваіх паказаньнях. Прыкладам, калі сьведку Макарэвіча спыталі, ці ўзбуджалася супраць яго крымінальная справа ў гэтым эпізодзе, ён рашуча адказаў, што не ўзбуджалася. Давялося зачытаць пастанову аб прыпыненьні справы супраць яго. Тады Макарэвіч прызнаў, што сапраўды гэта было, але ён пра такую справу забыў.

Міхал Чыгір лічыць падобныя паказаньні сьведкі Макарэвіча спробаю ўхіліцца ад адказнасьці за парушэньне распараджэньня ўраду. Для Чыгіра пытаньне толькі ў тым, чаму дагэтуль нічога ня зроблена, каб спагнаць мыты з фірмы “Піаск” або з тых, хто купіў у яе аўтамабілі.

Міхаіл Чыгір лічыць: “Усе аўтамабілі маюць свае нумары. Іх праверыць вельмі проста, бо ўсе аўтамабілі праходзяць рэгістрацыю. Гэта ж не бутэлька гарэлкі, якую хтосьці дзесьці выпіў, і цяпер невядома, каго дзе шукаць, хто можа заплаціць мыта. Адзін з высокіх чыноўнікаў пракуратуры сказаў мне, што гэтыя аўтамабілі патрапілі ва ўпраўленьне справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”, – гэта быў экс-прэм’ер Міхал Чыгір.

Такім чынам, паводле ягоных дадзеных, аўтамабілі, якія не прайшлі размытненьне, былі набытыя ўправаю справамі прэзыдэнта й далей магчымыя два варыянты. Або гэтыя машыны дагэтуль працуюць у Беларусі, і тады незразумела, чаму іх нельга знайсьці. Або іх прадалі з прыбыткам за мяжу, хутчэй за ўсё – у Расею. Тады прыбытак з гэтай незаконнай апэрацыі склаў самае меншае 600 тысячаў даляраў – суму ня выплачаных у бюджэт мытаў.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG