Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Мытны хаўрус паміж Беларусьсю й Расеяй стаў прычынаю канфлікту паміж расейскім Вярхоўным судом і Мытным камітэтам. У выніку грамадзяне атрымалі магчымасьць вывозіць тавары з трэціх краінаў празь Беларусь у Расею без дадатковай аплаты мытаў у расейскі бюджэт. Ня выключана, што ў выніку Расея можа перагледзець дамову аб мытным хаўрусе.

Пагадненне аб мытным хаўрусе, якое было падпісанае ў 1995 годзе, прадугледжвае, што паміж Беларусьсю й Расеяй няма мытных бар’ераў. А калі нехта ўвозіць тавары на тэрыторыю мытнага хаўрусу, ён плаціць мыты той дзяржаве, дзе ён спачатку меркаваў выкарыстоўваць гэтыя тавары.

Першапачаткова прадугледжвалася, што краіны мытнага хаўрусу ўвядуць аднолькавыя мыты. Але ж на практыцы высьветлілася, што ня ўсё так проста. У Беларусі й Расеі розныя інтарэсы, і з пачатку йснаваньня хаўрусу бакі так і не дамовіліся пра ўніфікацыю мытных тарыфаў на шматлікія тавары.

Кіраўнік інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Павал Данэйка лічыць – “У краіны, якая перарабляе сыравіну, іншыя прыярытэты, чым у краіны, якая сыравіну вывозіць. Таму аднолькавых мытных пошлінаў у Расеі і Беларусі быць ня можа”.

Калі расейцы гэта зразумелі, яны паспрабавалі абараніць свой бюджэт, які страціў вялічэзныя сумы на таварах, што йшлі празь Беларусь. Ужо ў 96-м годзе Мытны камітэт Расеі прыняў правілы, згодна зь якімі тыя, хто прывезьлі тавары ў Расею празь Беларусь, павінны заплаціць у расейскі бюджэт розьніцу ў пошліне.

Дарэчы, па шматлікіх таварах, у тым ліку – па аўтамабілях, розьніца складае даволі значную суму. Расейская грамадзянка Жана Гаўрыленка, чый брат зь Беларусі хацеў падарыць ёй аўтамабіль, не захацела рабіць даплату й зьвярнулася ў Вярхоўны суд Расеі, які вырашыў справу на яе карысьць. На юрыдычнай мове гэта называецца прэцэдэнтам, гэта значыць, што цяпер кожны можа не плаціць дадаткова грошы ў расейскі бюджэт. У выніку ў Беларусі можа аднавіцца бізнэс у вывазе “іншамарак” у Расею.

Павал Данэйка лічыць: “Я вітаю гэтае рашэньне суду. Яно паставіць на месца палітыкаў, якія ня думаюць пра наступствы сваіх палітычных кампаніяў. Ня выключана, што ў двухбаковыя дакумэнты будуць унесеныя зьмены. Таму што мытны хаўрус як мытны хаўрус існаваць ня можа. Расея і Беларусь маглі б стварыць зону свабоднага гандлю, у якой тавары зь дзьвюх краінаў маглі б перасоўвацца бяз мытаў, а тавары з трэціх краінаў – з мытамі”.

Ганна Навумовіч, Менск

XS
SM
MD
LG