Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Рок-гурт “НРМ” бярэ ўдзел у фінальнай частцы Маршу Свабоды-2. Інтэрвію кіраўніка і саліста гурта Лявона Вольскага.

(Карэспандэнт: ) “Рок супраць рэвалюцыяў – так называўся канцэрт, у якім некалі гурт “НРМ” браў удзел. Чаму ж сёньня гурт “НРМ” – сталы ўдзельнік усіх акцыяў, якія з поўным правам можна назваць рэвалюцыйнымі?”

(Вольскі: ) “Тут варта патлумачыць. Тая акцыя – Рок супраць рэвалюцыяў – была адзінаю ў нашай біяграфіі. Гэта быў фэстываль, дзе ўдзельнічалі беларускія каманды. Гэта было пад час панаваньня дэмакратыі ў нашым грамадзтве. Але, як вы ведаеце, дэмакратыя ў нас надоўга не затрымалася. Гэта было ў 1993 годзе, і літаральна праз год здарыўся паўзучы пераварот, і рэвалюцыйныя ідэі зноў набылі сваю актуальнасьць. Мы іх прытрымліваліся напрыканцы 80-х гадоў пад час актыўнай дзейнасьці нашай каманды, прытрымліваемся і зараз.

Нам, на шчасьце, не давялося растлусьцець, як расейскім рок-музыкам тыпу “ДДТ”, “Алісы”, “Машыны Часу” і г.д. Надыход дэмакратыі быў пасьпяховым для іх у сэнсе фінансавым, але ў сэнсе менавіта року быў правальным. У нас адваротная сытуацыя. У нас няма джыпаў, затое ёсьць імпэт”.

(Карэспандэнт: ) “Ты сам сказаў, што актыўнасьць вашага рок-гурту пачалася яшчэ напрыканцы 80-х. Прайшло больш за 10 гадоў. Мяняюцца часы, мяняюцца арганізатары акцыяў, прыйшло новае пакаленьне, так званая “маладая хваля”, а музычнае афармленьне ўсё тое ж… Ваш гурт запрашаўся і тады, і зараз…”

(Вольскі: ) “На мой погляд, гэта зьвязана са славутым беларускім балотам альбо з кансэрватызмам беларускім і з тым, што тут зь цягам часу нічога не мяняецца.

Вы гаворыце, што арганізатары акцыяў мяняюцца. На мой погляд, мала што зьмянілася. Людзі, якія займаліся той жа самай справай, толькі, можа, не на першых ролях, зараз яны знаходзяцца ля стырна гэтага ўсяго. Мне здаецца, што гэта толькі паказальнік кансэрватыўнасьці беларускай. Мала што зьямяняецца, праходзіць 10-15 галоў, а ідэя рэвалюцыі застаецца актуальнай, і людзі ўсё тыя ж.

Хіба што спадзяваньне на моладзь, якая, я спадзяюся, сёньня прыйдзе і на мітынг, і на наш канцэрт. Зьявяцца нарэшце новыя твары, а за імі ўжо пацягнуцца новы пакаленьне рэвалюцыянэраў, якія прывядуць у рэшце рэшт гэтую зямлю да дабрабыту і дэмакратыі”.

Гутарыла

Алена Радкевіч

XS
SM
MD
LG