Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“Калі ў бліжэйшыя тыдні ў Беларусі не адбудуцца пэўныя зьмены, краіна будзе пазбаўленая статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі са Злучанымі Штатамі”, – гэтак заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску намесьнік амбасадара ў асабістых даручэньнях у краінах СНД Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Рос Ўілсан. Спадар Ўілсан таксама адзначыў, што рэакцыя ўладаў на “Марш Свабоды – 2” стане індыкатарам іхнае гатоўнасьці да перамоваў.

Гэта другі візыт высокапастаўленага амэрыканскага чыноўніка ў Беларусь. Першы раз спадар Ўілсан быў тут у сакавіку 1999 году. Адкрываючы прэсавую канфэрэнцыю, ён адзначыў, што з таго часу ў Беларусі мелі месца як пазытыўныя, гэтак і нэгатыўныя тэндэнцыі. Праўда, станоўчым спадар Ўілсан назваў толькі вяртаньне ў Менск амбасадара Спэкгарда пасьля завяршэньня драздоўскага канфлікту. Ва ўсіх астатніх галінах жыцьця Беларусі гэтыя тэндэнцыі маюць нэгатыўны характар.

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту выказаў асаблівую занепакоенасьць судовымі працэсамі паводле палітычных матываў над былым прэм’ер-міністрам Міхалам Чыгіром, дэпутатамі Андрэям Клімавым і Ўладзімерам Кудзінавым, прысудам Васілю Лявонаву й Васілю Старавойтаву і лёсам зьніклых вядомых асобаў.

За дзень свайго побыту ў Менску прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту меў вельмі насычаны графік сустрэчаў. Ён спаткаўся з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Міхалам Мясьніковічам, з прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў і праваабарончых арганізацыяў, а таксама з жонкамі палітычных вязьняў і зьніклых асобаў.

Пакідаючы сёньня апоўдні Менск (адразу пасьля прэсавае канфэрэнцыі), спадар Ўілсан меўся сустрэцца ў аэрапорце з кіраўніком Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ спадаром Вікам, які менавіта ў гэты час мусіў прыляцець у Менск.

Гаворачы пра мэты свайго візыту, спадар Ўілсан, па-першае, назваў выказваньне поўнае падтрымкі дыялёгу паміж уладаю і апазыцыяй: “Я даў зразумець беларускім уладам, што мы ня маем анічога супраць правядзеньня дыялёгу паводле той пашыранай формулы, якую яны прапанавалі”, – заявіў Ўілсан. – “Але я падкрэсьліў, што толькі дыялёг, які павінен весьціся з дэмакратычнай апазыцыяй, можа паспрыяць разьвязаньню нутраных беларускіх праблемаў. Без правядзеньня такога дыялёгу палітычны крызыс у Беларусі ня будзе разьвязаны, гэтак сама як і міжнародная ізаляцыя Беларусі. Я падкрэсьліў, што ў дыялёгу асаблівую ролю мусіць адыграваць місія АБСЭ ў Менску”, – сказаў амэрыканскі дыплямат.

Другая мэта візыту – заклікаць беларускія ўлады стварыць адпаведны палітычны клімат, які зрабіў бы магчымым правядзеньне дыялёгу. А гэта значыць, паважаць права людзей на мітынгі й дэманстрацыі, вызваліць палітычных зьняволеных і даць справаздачу пра пошукі зьніклых асобаў. Адказваючы на пытаньне, ці прыймалі афіцыйныя асобы якія-небудзь забавязаньні наконт “Маршу Свабоды”, спадар Ўілсан сказаў:

(Ўілсан: ) “Беларускія афіцыйныя асобы запэўнілі, што ўлады хочуць, каб заўтрашняя дэманстрацыя прайшла мірна. І што яны ня хочуць паўтарэньня складанасьцяў, створаных імі самімі, пад час восеньскае маніфэстацыі летась. І я падкрэсьліў, што рэакцыя беларускіх уладаў на заўтрашнюю маніфэстацыю будзе разглядацца як пэўны паказьнік гатоўнасьці да сапраўднага дыялёгу з народам”.

І, нарэшце, трэцяй мэтаю свайго візыту Ўілсан назваў заклік да беларускіх уладаў зьмяніць выбарчы кодэкс, каб можна было правесьці выбары ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі. І гэта не саступка апазыцыі, а адзіны захад, пры якім магчымыя рэальныя перамовы, – падкрэсьліў амэрыканскі дыплямат.

А што будзе, калі падзеі ў Беларусі пойдуць паводле нэгатыўнага сцэнару, калі ўлады адмовяцца йсьці на якія-кольвек саступкі? Што зьменіцца ў пазыцыі ЗША ў такім выпадку? На гэтае пытаньне вашага карэспандэнта спадар Ўілсан адказаў…

(Ўілсан: ) “Магчыма, больш правільна гаварыць пра тое, што ня зьменіцца. Міжнародная ізаляцыя Беларусі ня скончыцца. Тыя стасункі са Злучанымі Штатамі, якія хацела б мець беларускае кіраўніцтва, ня будуць мець месца. Як, напэўна, вы ведаеце, цяпер мы разглядаем пытаньне аб адмене агульнае сыстэмы прэфэрэнцыяў у дачыненьнях з Беларусьсю. Гэтая сыстэма вельмі моцна залежыць ад сытуацыі з правамі працоўных. У сувязі з праблемамі ў вашай краіне з правамі працоўных, мы прынялі рашэньне разглядаць пытаньне аб прыпыненьні сыстэмы прэфэрэнцыяў.

Калі казаць больш шырока, гэтыя прэфэрэнцыі ў стасунках зь Беларусьсю былі скіраваныя на тое, каб аблегчыць пераход да рынкавай эканамокі, што не адбываецца зараз у Беларусі. Калі ў бліжэйшыя тыдні ў Беларусі не адбудзецца пэўных зьменаў, гэтыя прэфэрэнцыі будуць адмененыя”, – заявіў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

Варта патлумачыць нашых слухачам, што пад сыстэмаю прэфэрэнцыяў маецца на ўвазе статус найбольшага спрыяньня ў гандлі са Злучанымі Штатамі, які мае Беларусь. Ягоная адмена, паводле некаторых зьвестак, будзе каштаваць беларускай эканоміцы каля 80 мільёнаў даляраў і страты тысячаў працоўных месцаў.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG