Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Кіеве сёньня пікетавалі амбасаду Беларусі. Удзельнікі падтрымлівалі “Марш Свабоды – 2” і выступалі супраць паўтарэньня ва Ўкраіне беларускага сцэнару.

Акцыю салідарнасьці зь беларускім “Маршам Свабоды” арганізавалі тры ўкраінскія моладзевыя арганізацыі: Суполка ўкраінскай моладзі, Малады Рух, грамадзкае аб”яднаньне “Моладзь – надзея Ўкраіны”. Таксама ў арганізацыі мерапрыемтва браў удзел Народны рух.

Прадстаўнікі гэтых арганізацыяў паведамілі, што гэтым разам пастанавілі не адпраўляць сваіх пасланцоў у Менск, каб не дазволіць рэжыму Лукашэнкі пасьля абвінаваціць украінскіх экстрэмістаў у арганізацыі масавых хваляваньняў.

Перад амбасадай Беларусі ў Кіеве каля 50-ці актывістаў скандавалі антылукашэнкавыя лёзунгі, а таксама пратэставалі супраць намеру ўкраінскіх уладаў правесьці рэфэрэндум. Гаворыць Тарас Шамайда, галава кіеўскай арганізацыі Маладога руху:

(Шамайда: ) “Мы наагул лічым, што такія захады ўкраінскіх уладаў – гэта паўтарэньне беларускага сцэнару 1996 году. Тады таксама адбыўся рэфэрэндум, пасьля якога скарацілася колькасьць дэпутаў у парлямэнце, была ўтвораная Верхняя палата. Было дазволена прэзыдэнту разганяць парлямэнт. Канстытуцыя Беларусі была прынятая на рэфэрэндуме. Ад таго часу распачалася самая жорсткая фаза беларускай дыктатуры. І гэта тыповы шлях для рэжымаў, якія хочуць усталяваць аўтарытарнае кіраваньне. Таму, падтрымоўваючы народ Беларусі, мы салідарызуемся з намаганьнямі эўрапейскіх арганізацыяў спыніць палітычную авантуру ва Ўкраіне”.

(гучаць лёзунгі “Беларусь – у Эўропу!”)

У небясьпечнай ад усяго гэтага аддаленасьці стаяць дзьве жанчынкі пад парасонамі і размаўляюць. У Кіеве сёньня дождж. Падыходжу і пытаюся: вы ведаеце, што тут адбываецца?

(Голас: ) “Не…”

А вам цікава?

(Голас: ) “Не цікава. Мы прыйшлі, бо маем справы”.

А вы часам не зь Беларусі?

(Голас: ) “Зь Беларусі”.

Вы падтрымліваеце сёньняшнюю акцыю?

(Голас: ) “Нічога мы ня ведаем. Навошта гэтая акцыя?”

А як там вам жывецца?

(Голас: ) “Добра…”

Праўда?

(Голас: ) “Так…”

Зараз зьвяртаюся да школьнікаў, хлопчыкаў гадоў па 12. Іхную ўвагу прывабілі плякаты і лёзунгі дэманстрантаў. Што яны ведаюць увогуле пра ўладу Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі?

(Голас: ) “Многа чаго ведаем. Туды больш газу паступае. Бэнзыну, магчыма”.

А чаму больш?

(Голас: ) “Яны ж там з Расеяй нейкую дамову заключылі. Дакладна ня ведаю”.

А ці чулі вы, што там парушаюцца правы чалавека?

(Голас: ) “Не…”

Чарговы ўдзельнік пікету гаворыць:

(Голас: ) “Увесь сьвет ідзе адным, так бы мовіць, калідорам. А вось Лукашэнка – перашкода. Як і Сэрбія, так і Лукашэнка. Хаця ў пэўнай ступені ён сам не разумее, якую функцыю адыгрывае…”

Наступная жанчына паведаміла:

(Голас: ) “Вы ведаеце… Я – настаўніца. І калі я гляджу ў сьветлыя вочы дзяцей, калі яны радуюцца – я думаю, будучыня – у сьветлых вачах нашых дзяцей. І яна будзе абавязкова”.

Гэты суразмоўца быў больш катэгарычны:

(Голас: ) “Пакуль той Лукашэнка жыве, жыцьця ня будзе на Зямлі. Там – Лукашэнка, Югаславія, Саддам Хусэйн. Нічога добрага мы не дачакаемся. Шматпакутны, няшчасны народ - беларусы. Гэта ж другі Гітлер”.

Дарэчы, над галовамі маніфэстантаў – партрэт Лукашэнкі “пад Гітлера”.
Ніякай магчымасьці сустрэцца з прадстаўнікамі амбасады пікетоўцы не шукалі. Арганізатары пікету паведамілі, што няма пра што размаўляць, пакуль над будынкам амбасады лунае не сапраўдны беларускі сьцяг, а гэтая анучка”.

Павло Балькоўскі, Кіеў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG