Беларускія ўлады перашкаджаюць прыезду міжнародных аглядальнікаў на
“Марш Свабоды – 2”. Арганізатары акцыі дбаюць пра бясьпеку гасьцей, якія
ўжо прыехалі, і таму не паведамляюць іхных імёнаў.
Першапачаткова плянавалася, што назіраць за хадою “Маршу Свабоды” будуць
некалькі дзясяткаў міжнародных назіральнікаў. Гэта праваабаронцы й дэпутаты
з ЗША й краінаў Усходняе Эўропы. Аднак некаторыя зь іх ня здолелі прыехаць
у Беларусь з-за супраціву афіцыйных беларускіх уладаў. Так, сёньня стала
вядома, што дэлегацыя парлямэнтароў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў
Швэцыі не атрымалі беларускія візы.
Прадстаўнікі палітычных партыяў і праваабарончых арганізацыяў даволі
неахвотна адказвалі сёньня на пытаньне пра міжнародных назіральнікаў. Практычна
ўсе адказы зводзіліся да таго, што колькасьць ды імёны гасьцей удакладняюцца,
і што больш дакладная інфармацыя будзе пазьней, у часе правядзеньня акцыі.
Аднак дакладна вядома, што ў якасьці назіральнікаў на “Маршы Свабоды”
прысутнічаюць прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Amnesty International
Мэцьці Прынгл, а таксама прадстаўнікі чэскае праваабарончай арганізацыі
“People in Need” (Людзі ў бядзе).
Магчыма, што арганізатары “Маршу” ня хочуць афішаваць імёны гасьцей,
таму што дбаюць пра іхную бясьпеку. Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка публічна
выказаў пагрозы на адрэсу ўдзельнікаў “Маршу” й назіральнікаў.
Адзін з арганізатараў “Маршу” Анатоль Лябедзька кажа, што такія выказваньні
Лукашэнкі даўно не зьяўляюцца нечаканымі:
(Лябедзька: ) “Тое, што ўчора прагучала – на вялікі жаль, гэта ня красіць
чалавека. Гэта рыторыка, якая ўжо звычайная для вуснаў былога празыдэнта
Беларусі. Гэта азначае, што тая ініцыятыва, якую высунуў Вік, кіраўнік
Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ, аб правядзеньні круглага стала паміж
арганізатарамі Маршу Свабоды і кіраўнікамі гораду і праваахоўных ворганаў
– яна адхіленая. І больш за тое, Лукашэнка фактычна пацьвердзіў, што рэжым
гатовы пайсьці на новыя правакацыі”.
Анатоль Лябедзька не выключае ўдзел у магчымых правакацыях сяброў “Русского
Национального Единства”…
(Лябедзька: ) “Пакуль няма дакладных крыніцаў, я расцэньваю гэта як
чуткі, але ў нашых умовах мы павінны прымаць да ведама і нават такую інфармацыю.
Таму што мы ведаем, якая існуе база для РНЕ ў Беларусі – яны даволі прывольна
тут сябе адчуваюць”.
– паведаміў Анатоль Лябедзька.
Арганізатары запэўніваюць, што яны ўжо распрацавалі мэханізмы прадухіленьня
правакацыяў. У чым палягае сутнасьць гэтых захадаў, спадар Лябедзька не
паведаміў, спаслаўшыся на тое, што гэта “зьяўляецца тэхнічным момантам”.
Ягор Маёрчык, Менск
Самае папулярнае
1