Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Менску распаўсюдзіла ацэнку Выбарчага кодэксу, падрыхтаваную Бюро ў справах дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі ў бясьпецы й супрацоўніцтве ў Эўропе. Міжнародныя экспэрты прыйшлі да высновы, што Выбарчы кодэкс не адпавядае забавязаньням перад АБСЭ.

У дакумэнце Бюро ў справах дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, якое ўваходзіць у структуру АБСЭ, зроблены аналіз падпісанага 15 лютага Аляксандрам Лукашэнкам Выбарчага кодэксу. Выснова, зробленая на падставе аналізу, наступная: “Прыняты Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь не адпавядае забавязаньням перад Арганізацыяй у бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе, у прыватнасьці, забавязаньням, якія выкладзеныя ў Капэнгагэнскім дакумэнце ад 1990 году”.

Міжнародныя экспэрты на чале са спадаром Джэсі Пілгрымам найперш засяроджваюць увагу на складзе выбарчых камісіяў. Адзначаецца, што Цэнтральная выбарчая камісія не прадугледжвае шматпартыйнага або плюралістычнага прадстаўніцтва – як у ёй, гэтак і ў камісіях ніжэйшага роўню. Праект кодэксу “дае кіруючай партыі выканаўчае ўлады манапольны кантроль над усімі выбарчымі камісіямі”.

Яшчэ адная важная праблема – грамадзкі кантроль за выбарамі. У артыкуле 13 Выбарчага кодэксу нават не прадугледжваецца, што выбарчыя дакумэнты павінныя быць прадастаўленыя дзеля агульнага азнаямленьня й спраўджаньня на ўсіх стадыях выбарчага працэсу. Гэты ж артыкул, падкрэсьліваюць экспэрты, не патрабуе, каб усе выбарчыя дакумэнты захоўваліся на працягу часу, дастатковага дзеля агульнага азнаямленьня і аналізу выбарчых дакумэнтаў.

Шмат увагі надаецца й разьдзелу наконт спраўджваньня подпісаў. Экспэрты нават прыводзяць канкрэтныя прыклады недарэчнасьцяў у гэтым разьдзеле. Напрыклад, калі агульная колькасьць недакладных подпісаў выбаршчыкаў, выяўленых пры спраўджваньні, складае больш за 15 адсоткаў ад агульнае колькасьці спраўджаных подпісаў у падпісных аркушох, далейшае спраўджаньне спыняецца. Але такі падыход ня можа ўжывацца. І вось чаму. Каб вылучыцца кандыдатам у парлямэнт, прэтэндэнт мусіць сабраць ня менш аднае тысячы подпісаў выбаршчыкаў. Уявім, што прэтэдэнт сабраў 2,5 тысячы подпісаў. Аднак 100 выбаршчыкаў забыліся ўпісаць у аркушы нумары сваіх пашпартоў. Яшчэ 100 – не дасягнулі веку 18 гадоў. 30 – не зьвярнулі ўвагу на тое, што трэба ўпісаць у аркуш дату нараджэньня. 50 – з-за няўважлівасьці забыліся паставіць подпіс. Нарэшце, 100, якія паставілі подпісы, – не зьяўляюцца выбаршчыкамі. Такім чынам, агульная колькасьць несапраўдных подпісаў – 380. І гэта дае падставу зьняць кандыдата з выбарчай гонкі. І ніхто не бярэ да ўвагі тое, што ён сабраў 2120 сапраўдных подпісаў – а гэта ўдвая больш за патрэбную колькасьць…

І падобных прыкладаў шмат.

Заўважым, што гэта ўжо другая адмоўная ацэнка беларускага выбарчага заканадаўства. Раней гэтак жа нэгатыўна паставілася да яго Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG