Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


У Ічкерыі ідуць баі. Сусьветныя сродкі масавай інфармацыі, апрача франтавых паведамленьняў, падаюць камэнтары да арышту чачэнскага палявога камандзёра Салмана Радуева і разглядаюць пытаньні парушэньня правоў чалавека ў зоне расейска-чачэнскага канфлікту.

Восьмыя содні працягваюцца баі ў раёне чачэнскай вёскі Саадзі-хутар? якую расейцы назывыаюць Камсамольская. Расейскія вайсковыя аддзелы сутыкнулася тут з жорсткім супрацівам незалежнікаў пад кіраўніцтвам палявога камандзёра Руслана Гэлаева, які насуперак ранейшым паведамленьням пра ягоныя ўцёкі, знаходзіцца ў Саадзі-хутары і кіруе абаронай.

Трапны агонь чачэнскіх снайпэраў, нягледзячы на бесперапынныя ўдары расейскай авіяцыі і гарматніцы, прыносіць значныя страты фэдэральным сілам. Паводле відавочцаў, баі ідуць практычна за кожны дом. Паводле некаторых ацэнак, колькасьць абаронцаў вёскі прыблізна 300 чалавек.

Тым часам міністар абароны Ігар Сяргеев, у часе сёньняшняй сустрэчы з журналістымі заявіў, што вялікіх чачэнскіх фармаваньняў у Ічкерыі не засталося. Паводле ягоных словаў, паўстанцы, якіх не атрымалася зьнішчыць, расьсеяныя на дробныя групы па 15-20 чалавек. Што ж да Саадзі-хутару, то тут, паводле міністра, было ад 700 да 1000 незалежнікаў і зьнішчыць іх вельмі цяжка, бо вёска ідэальна падрыхтаваная да абароны.

Як заявіў расейскі міністар ўнутраных справаў Владзімір Рушайла, траціна Саадзі-хутару застаецца пад кантролем чачэнскіх фармаваньняў. Ён жа сказаў, што вёска практычна разбураная і мірных жыхароў у ёй няма.

Між тым, заходнія сродкі масавай інфармацыі працягваюць абмяркоўваць візыт на Паўночны Каўказ дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, якая заклікала неадкладна спыніць агонь і пачаць мірныя перамовы. Паводле кіраўніка дэлегацыі Фрэнка Джада, парлямэнтары занепакоеныя парушэньнямі правоў мірных грамадзянаў неспакойнага рэгіёну. Бальшыня затрыманых і зьмешчаных у лягяры асобаў, - сказалі ўражаныя заходнікі, - нават не сустракалася з адвакатамі.

У той самы час міністэрства ўнутраных справаў Інгушэтыі паведаміла, што ў мінулыя содні ўпершыню, цягам апошніх двух месяцаў, з Інгушэтыі ў Ічкерыю выехала больш людзей, чым з Ічкерыі ў Інгушэтыю: 776 чалавек супраць 1929, але, паводле дарадніка Фэдэральнае міграцыйнае службы Расеі Владзіміра Лісіна “устойлівай тэндэнцыі да вяртаньня ўцекачоў у родныя ім мясьціны – няма”.

І апошняе. Захоняя прэса працягвае аналізаваць арышт чачэнскага палявога камандзёра Салмана Радуева.

“Гэты арышт, - піша “The Wall Street Journal”, - мае для Расеі вялікае прапагандысцкае значэньне. Масква цьвердзіць, што большая частка тэрыторыі Ічкерыі знаходзіцца пад ейным кантролем, аднак апошнім часам фэдэральнае войска зазнае там вялікія страты…

Пуцін, - працягвае газэта, - зьяўляецца бясспрэчным фаварытам у наступных прэзыдэнцкіх выбарах, аднак ягоныя шанцы на перамогу ў першым туры залежаць ад таго, як грамадзкасьць ацэніць хаду баявых дзеяньняў у Ічкерыі… Арышт Радуева, - на думку газэты, - дазволіць таксама адцягнуць увагу грамадзкасьці ад рэзкай крытыкі вайскоўцаў за іхныя дзеяньні ў рэспубліцы”.

Што ж да чачэнскага боку, то прэзыдэнт Ічкерыі Аслан Масхадаў адмовіўся пракамэнтаваць арышт Радуева. Ён толькі паўтарыў тое, што ўжо казаў у часе інтэрвію Радыё Свабода. Паводле ягоных словаў, ён ня ведае, дзе знаходзіцца Салман Радуеў, таму што Радуеў у баёвых дзеяньнях ня ўдзельнічае.

Сяржук Сокалаў-Воюш

XS
SM
MD
LG