Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Старшыня суда Савецкага раёну Менску Пётар Кіркоўскі вынес рашэньне ў справе пазову шэфа Дзяржаўнага камітэту авіяцыі і Фэдэрацыі футболу Беларусі Рыгора Фёдарава да рэдакцыі газэты “Прессбол”. Суд прызнаў рэдакцыю вінаватай у абразе гонару й годнасьці спадара Фёдарава і забавязаў выплаціць яму кампэнсацыю – 1 мільён 200 тысячаў рублёў.

Падзеі разгортваліся наступным чынам: Рыгор Фёдараў пакрыўдзіўся на сэрыю публікацыяў у “Прессболе”, у якіх сьцьвярджалася, што ён давёў беларускі футбол да жахлівага стану й вінаваты ў карупцыі і злоўжываньні службовым становішчам. Рыгор Фёдараў падаў пазоў у суд, у якім патрабаваў спагнаць на сваю карысьць з выданьня 50 мільёнаў, галоўнага рэдактара Ўладзімера Беражкова 10 мільёнаў і ягонага намесьніка Сяргея Новікава 5 мільёнаў дэнамінаваных рублёў – гэта беспрэцэдэнтна высокія сумы для такога кшталту справаў.

Журналісты “Прессболу” сьцьвярджалі, што ў сваіх матэрыялах не ставілі за мэту абразіць асабіста старшыню Фэдэрацыі, а хацелі пазнаёміць чытачоў з рэальным станам футбольнае гаспадаркі краіны.

Судовае разьбіральніцтва ў гэтай справе цягнулася амаль месяц, і вось сёньня абвешчана рашэньне. Старшыня Савецкага раённага суду Пётар Кіркоўскі прызнаў абразьлівымі ў вадносінах да Фёдарава абвінавачваньні ў карупцыі і пратэкцыянізьме. (У публікацыях “Прессболу” сьцьвярджалася, што старшыня Фэдэрацыі разам з удзельнікамі футбольнае каманды “Палаты прадстаўнікоў” у нефармальнай абстаноўцы вырашаў, якім клюбам дапамагчы, а якім не.) Безпадстаўнымі прызнаныя і сьцьвярджэньні газэты пра тое, што Рыгор Фёдараў злоўжываў службовым становішчам і за дзяржаўны кошт вазіў у Японію на футбольны форум сваю дачку.

Суд таксама палічыў абразьлівымі выкарыстаньне газэтаю ў вадносінах да Фёдарава крымінальна-жаргоннае лексыкі й забавязаў рэдакцыю і Ўладзімера Беражкова выплаціць галоўнаму беларускаму лётчыку й футбалісту адпаведна 1мільён і 200 тысячаў дэнамінаваных рублёў. Намесьніка галоўнага рэдактара “Прессбола” Сяргея Новікава суд вызваліў ад адказнасьці. Судзьдзя таксама забавязаў рэдакцыю апублікаваць адпаведнае абвержаньне.

Тым часам, у ходзе судовага разьбіральніцтва высьветлілася, што спадар Фёдараў неаднаразова парушаў закон. Напрыклад, незаконна атрымліваў падвойны заробак – і ў Камітэце авіяцыі, і ў Фэдэрацыі футболу.

Вось што паведаміў нашаму радыё пасьля абвяшчэньня прысуду намесьнік галоўнага рэдактара “Прессболу” Сяргей Новікаў:

(Новікаў: ) “Рашэньне суду, зразумела, не выклікае ніякага задавальненьня. На нашую думку, не дасягнута галоўнае – суд не задаволіў нашага хадайніцтва наконт прыватных вызначэньняў з выпадку парушэньня Рыгорма Фёдаравым трох важных законаў нашай краіны – Закону аб асновах службы ў дзяржаўным апараце, Закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях і Закону аб друку. Мы заявілі хадайніцтва, каб з нагоды гэтых выпадкаў былі зробленыя прыватныя вызначэньні, але судзьдзя ў сваім рашэньні ўвогуле абыйшоў гэтае нашае патрабаваньне, і гэта дае нам падставы лічыць, што ўсё ж такі суд у сваіх дзеяньнях ня быў стопрацэнтна незалежным,”

– гэта быў адзін з адказчыкаў на працэсе Сяргей Новікаў.

Рэдакцыя “Прессболу” мае намер абскардзіць гэтае рашэньне. А 22 і 24 сакавіка ў тым жа Савецкім раённым судзе пачнецца разгляд зыскаў, пададзеных “Прессболам” супраць Рыгора Фёдарава і афіцыйнага друкаванага воргану Фэдэрацыі – газэты “Всё о футболе”.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG