Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Напярэдадні апазыцыйнай акцыі “Марш Свабоды – 2” менская міліцыя распачала паляваньне на распаўсюднікаў улётак.

Да “Маршу Свабоды – 2” засталося два дні. Многія жыхары Менску праз свае паштовыя скрыні атрымалі ўлёткі з заклікам удзельнічаць у маршы.

А вось распаўсюд улётак на вуліцах сутыкаецца зь перашкодамі з боку ўладаў: праваахоўныя ворганы наладзілі сапраўднае паляваньне на распаўсюднікаў улётак і сымболікі “Маршу Свабоды”.

У юнакоў, якіх міліцыянты затрымлівалі апошнія тры дні, забіралі ўлёткі, а саміх адпускалі. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі ня склалі аніводнага пратаколу. На пытаньне нашага радыё, чаму зрываюцца ўлёткі з заклікам удзелу ў дазволенай уладамі акцыі, міліцыянты адказалі, што дзейнічаюць згодна з загадам, але што гэта за загад – не ўдакладнілі.

Супрацоўнікі лінейнага аддзелу міліцыі Менскага мэтрапалітэну таксама спаслаліся на нейкую загадкавую інструкцыю, у адпаведнасьці зь якой яны павінны сачыць, каб у мэтро не было аніякіх улётак і налепак з сымболікаю “Маршу Свабоды”.

У нядзелю, калі пачаў дзейнічаць гэтак званы рэжым узмацненьня, тэлевядучы праграмы “Рэзананс” Зімоўскі вельмі нэгатыўна пракамэнтаваў маючую адбыцца акцыю апазыцыі, з выкарыстаньнем кадраў Беларускае тэлевізіі пра падзеі 17 кастрычніка.

Сябра аргамітэту, намеснік старшыні Сацыл-дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Аляксей Кароль распавёў “Радыё Свабода”:

(Кароль: ) “9 сакавіка мы атрымалі дазвол і ўзгоднілі маршрут шэсьця пад час Маршу Свабоды-2. Тым ня менш нас непакояць некаторыя дзеяньні ўладаў, міліцыі і прапагандысцкагна апарату. Зрываюцца ўлёткі аб Маршы, на тэлебачаньні нагадалі аб Маршы Свабоды-1 і робяць зь яго страшылку, палохаюць людзей, каб яны не прыйшлі. З боку аргкамітэта маецца цьвёрды намер не мяняць маршрут і не рабіць ніякіх непрадугледжаных акцыяў, вытрымаць усё так, як мы ўзгаднілі. Мы баімся, што такія манэўры, такія правакацыйныя дзеяньні могуць быць з боку ўлады дзеля таго, каб ізноў збэсьціць апазыцыю ў вачах шырокага кола насельніцтва. Спадзяемся, што ўлады ўсё ж такі ўстрымаюцца ад такіх намераў, і 15 сакавіка Марш Свабоды-2 пройдзе ў нармальных рамках”.

Гаварыў Аляксей Кароль, намесьнік старшыні Сацыял-дэмакратычнае партыі.

Ня толькі праваахоўныя ворганы змагаюцца з апазыцыйнай сымболікаю. Сёньня адміністрацыя 65-й сярэдняе школы загадала вучням зьняць з ранцаў налепкі з сымболікаю “Маршу Свабоды”.

Любоў Лунёва, Менск

XS
SM
MD
LG