Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 11 Сакавіка)
Эканамічны агляд мінулага тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

З пачаткам сакавіка абвастрыліся аграрныя праблемы. Улады паведамілі, што створаны Рэспубліканскі штаб падрыхтоўкі й правядзеньня веснавое сяўбы. Але гэты звыклы для каманднай эканомікі прыём у сёньняшніх умовах анічога не дае.

Тым больш, што адначасова патрэбен штаб па выратаваньню жывёлы ад падзяжу з-за паўсюднай бяскорміцы. Паводле заявы намесьніка старшыні ўраду Валерыя Кокарава, кармоў хопіць толькі на першую дэкаду сакавіка, а сёньня 11 сакавіка – значыць, кармоў ужо практычна няма. У некаторых раёнах Віцебскае вобласьці спрабавалі выганяць жывёлу ў поле, каб каровы елі нейкія зімовыя парэшткі. Але гэта толькі зьнясільвае і без таго зьнямоглых жывёлінаў.

Крызыс у жывёлагадоўлі назіраецца ня толькі ва ўсходніх, але і ў заходніх абласьцях, якія дагэтуль лічыліся найбольш пасьпяховымі ў аграрным сэктары. У Гарадзенскай вобласці, напрыклад, рэзка зьнізілася прадукцыйнасьць жывёлы – надоі і прывагі – чаго раней не было. З-за бяскормцы гіне жывёла ў Берасьцейскай вобласьці. Часьцей за ўсё яна проста йдзе пад нож.

Напрыклад у Баранавіцкім раёне статак буйное рагатае жывёлы зьменшыўся на 3 550 галоваў. Такое ж становішча і ў іншых раёнах вобласьці. У калгасах імя Фрунзэ й “Шлях Леніна” Лунінецкага раёну зьмяншэньне пагалоўя склала 400 і 600 галоваў адпаведна. Амаль па 300 галоваў страцілі гаспадаркі Кобрыньскага раёну і г.д.

І вось у гэтых умовах ствараецца штаб у справах веснавое сяўбы, калі невядома, куды скіроўваць пазычаныя грошы: на выратаваньне жывёлы ці на закупку запчастак ды паліва?

Шукаючы выйсьце, Аляксандар Лукашэнка выдаў указ “Аб мерах па паляпшэньню фінансавага стану арганізацыяў аграпрамысловага комплексу”. Паводле гэтага ўказу, сельскагаспадарчым прадпрыемствам ажно да 1 студзеня 2005 году дадзена адтэрміноўка ў справе пагашэньня запазычанасьці ў падатках. Адначасова сьпісваюцца пені, налічаныя за нясвоечасовае ўнясеньне плацяжоў у рэспубліканскі бюджэт, у тым ліку – у дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя фонды. Як бачым, калгасам ды саўгасам ахвяруюцца грошы, якіх няма ані ў гаспадарках, ані ў дзяржавы. Зразумела, што гэта анічога ня дасьць вёсцы ў сёньняшніх умовах.

Адзіная надзея на сродкі пазабюджэтнага фонду (а гэта дзясяткі мільярдаў рублёў) ды на тую валюту, якую, паводле нядаўняга адмысловага ўказу Лукашэнкі, будуць звыш ранейшае нормы прадаваць экспартэры дзяржаве на працягу сакавіка й красавіка. Дзеля закупкі паліва.

Але й гэтыя грошы яшчэ толькі мусяць паступіць, а яны патрэбныя ўжо сёньня. Таму штаб – штабам, а ўключаць друкарскі варштат уладам, хутчэй за ўсё, давядзецца…

Уладзімер Кулажанка, Менск

XS
SM
MD
LG