Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 11 cакавіка)
Судовыя выканаўцы менскага раёну паведамілі сям’і экс-міністра Васіля Лявонава, што маёмасьць дому Лявонавых пад Менскам зноў будзе апісаная. Уладзімер Кудзінаў трымаў у калёніі галадоўку, каб дамагчыся паляпшэньня ўмоваў утрыманьня. Васіль Старавойтаў захварэў на бранхіт пад час знаходжаньня ў Менску. Міхал Чыгір, абапіраючыся на першыя вынікі слуханьня сваёй справы ў судзе, заяўляе, што сьледчыя наўмысна не расьледвалі эпізоды, якія працуюць супраць іхнае вэрсіі.

Сям’я былога міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава папярэджана, што да іх зноў прыйдуць судовыя выканаўцы, каб паўтарыць працэдуру апісаньня маёмасьці. “Першы попіс быў зроблены пасьля завяршэньня судовага працэсу над бацькам, тады апісалі ўсю мэблю й побытавую тэхніку, але гэтага падалося недастаткова, цяпер кажуць, што будуць апісваць лыжкі, відэльцы ды іншую драбязу”, – распавяла дачка Лявонава Сьвятлана Ўласава.

Экс-міністар быў засуджаны да чатырох гадоў калёніі. Але суд вырашыў, што былога міністра трэба пазбавіць ня толькі волі, але і ўсяе маёмасьці. Страты, нанесеныя Лявонавым дзяржаве, былі ацэненыя ў 130 даляраў, і відаць, каб кампэнсаваць гэтыя страты – маёмасьці Лявонава ўжо недастаткова, паколькі ўзяліся за лыжкі ды рондлікі. Нічога сабе злодзей!

Тым часам сам Лявонаў працягвае вывучаць пратакол свайго працэсу й вынесены яму прысуд. У гэтых дакумэнтах, як аказалася, шмат супярэчнасьцяў. Дачка Лявонава Сьвятлана, якая прысутнічала на працэсе, кажа: “…Там скажоныя факты, пра якія казалі сьведкі. Гэта падробка. Такога людзі не казалі”, – перакананая Сьвятлана Ўласава.

Яна параўноўвае прысуд з запісамі, якія вяла пад час слуханьняў справы й заяўляе, што ў выніку недакладнасьцяў часам незразумела, пра які працэс ідзе гаворка, супраць Лявонава ці супраць Старавойтава, якога судзілі ў Кіраўску. Сьвятлана кажа, што бацька ўпарта працуе над дакумэнтамі, каб падрыхтаваць абгрунтаваную скаргу.

Тым часам згаданы дачкою Лявонава Васіль Старавойтаў працягвае знаходзіцца ў Менску. Ён праходзіў у сталіцы курс лячэньня, і раптам захварэў на бранхіт. Але сваякі сьцьвярджаюць, што Старавойтаў ужо адчувае сябе лепш, і ён хутка будзе ў стане працягваць далей прызначанае яму лячэньне.

На гэтым тыдні скончыўся тэрмін утрыманьня ў турэмным ізалятары дэпутата Ўладзімера Кудзінава. Ён быў пакараны сямю днямі ізалятару за парушэньне правілаў паленьня. У калёніі зь ім сустрэлася адвакатка Тацяна Станкевіч, якая і падзялілася з намі ўражаньнямі. Паводле адвакаткі, пад час адбыцьця пакараньня Кудзінаў трымаў напрацягу дня галадоўку – пратэставаў супраць дрэнных умоваў, і дамогся паляпшэньня – яго перавялі ў іншы корпус, дзе ізалятар больш цывілізаваны. Пасьля ізалятару, кажа адвакатка, Кудзінаў не выглядае на маральна зламанага чалавека.

Пастаўленая перадапошняя кропка на працэсе дэпутата Андрэя Клімава, суд над якім цягнууся зь ліпеня мінулага году. Прагучалі апошнія прамовы ўсіх дзевяці абвінавачваных паводле гэтае справы, і суд пайшоў рыхтаваць свой вэрдыкт. Паводле закону, гэта павінна адбывацца ў адмысловым пакоі, у якім нават адключаныя тэлефоны. Але незразумела, як судзьдзі выканаюць гэтае правіла, калі раіцца яны будуць яшчэ тыдзень, да сямнаццатага сакавіка? Мяркую, гэтае пытаньне рытарычнае.

І напрыканцы некалькі інфармацыі пра працэс над Міхалам Чыгіром. Сьведкі, што пачалі выступаць на працэсе, або заяўляюць, што іхныя паказаньні сьледчыя скажалі, або паўтараюць блытаныя паказаньні, якія чамусьці раней не высьветлілі сьледчыя.

Міхал Чыгір абураецца: “Гэта сьведчыць аб тым, што ў нас сьледчыя ворганы ня ведаюць, чым займацца і як займацца. Там дзе трэба, яны не займаюцца. Што адбылося ў Гародні? Чалавек два гады пісаў у пракуратуру і МУС, што ў яго скралі машыну, і два гады прайшло, пакуль справу ўзбудзілі і заняліся гэтай фірмай”.

Працэс над Міхалам Чыгіром ідзе штодня безь перапынкаў у гарадзкім судзе Менску.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG