Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня распаўсюджаны адкрыты зварот “Міжнароднай Лігі правоў чалавека” да краінаў-сябраў АБСЭ ў зьвязку з сытуацыяй у Беларусі. Яго падпісала выканаўчы дырэктар гэтай арганізацыі Кэці Фіцпатрык. Падаем тэкст звароту.

Адкрыты зварот Міжнароднай Лігі правоў чалавека
да старшыні АБСЭ, Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ,
Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску,
дзяржаваў-удзельніцаў АБСЭ пра сытуацыю ў Беларусі.

Пра сытуацыю ў Беларусі

8 сакавіка 2000

Больш як два гады АБСЭ выкарыстоўвае ўсе свае інстытуты, каб пераадолець крызіс з правамі чалавека і палітычны тупік у Беларусі, спрабуючы прымірыць беларускую апазыцыю і ўладу.

Дыпляматычныя намаганьні сфакусаваныя на пачатак дыялёгу паміж рэшткамі разбураных дэмакратычных інстытутаў у Беларусі, а менавіта – Вярхоўным Саветам 13 скліканьня і сябрамі партыяў, якія ў яго ўваходзяць, гэтаксама як і новымі партыямі, якія яго падтрымліваюць, – а з другога боку – зь непаслухмянай і аўтарытарнай уладай Лукашэнкі.

На працягу ўсяго гэтага часу было неабходна дзеля самога дыялёгу заўсёды і паўсюль падкрэсьліваць пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека у сэнсе “перашкоды для дыялёгу”. Мы мяркуем, што такая прывязка правоў чалавека да палітычнага працэсу наносіць істотную шкоду самім правам чалавека у Беларусі.

Палітычны лідэр зьнікае і толькі праз тры тыдні пасьля яго зьнікненьня, старшыня АБСЭ выказвае пратэст і адзначае важнасьць працягу дыялёгу, што ніяк не камэнтуе Кансультацыйна-назіральная група на месцы. Палітычны вязень жорстка зьбіты, прывезены ў суд з гузакамі, у парванай вопратцы, і гэты выпадак расцэньваецца як перашкода для дыялёгу. Палітычны вязень выпушчаны перад пачаткам саміту ў Стамбуле і пратэст дзяржаваў там заглушаны, але вязень дагэтуль знаходзіцца пад сьледствам. Усе гэтыя няўдалыя спробы адстаяць правы чалавека падарвалі стан грамадзянскіх і палітычных свабодаў, якія відавочна адсоўваюцца на другі плян, у цень выбарчага працэсу, які, як добра вядома з агульнага вопыту АБСЭ, амаль заўсёды мае свае недахопы.

Цяпер настаў час назваць брутальныя акцыі тым, чым яны ёсьць: гэта не перашкоды дыялёгу, які патрэбны для выбараў і пошуку выйсця з тупіку з боку місіі АБСЭ і яе сябраў, але гэта вялікія, сыстэматычныя, працяглыя і нарастаючыя парушэньні правоў чалавека, якія не дапускаюць, каб адбыліся нармальныя, прызнаныя дэмакратычныя выбары.

Больш за тое, гэта час прызнаць, што палітычны тупік у Беларусі спрычынены не разьяднанай ці непаслухмянай апазыцыяй, не яе ўпартай адмовай ад кампрамісу, не малой падтрымкай, якую аказвае апазыцыі насельніцтва, пазбаўленае інфармацыі, але, хутчэй, менавіта беларускімі ўладамі. Сытуацыя з правамі чалавека такім чынам мае перавагу перад выбарамі, а не проста дыялёг пра выйсьце з палітычнага тупіку.

Гэта гуманітарны крызіс, які стварае не праблему дыялёгу, але стварае небяспечнага і нестабільнага сябра АБСЭ. Настаў час прыкласьці больш намаганьняў, каб адсочваць сытуацыю з правамі чалавека, паведамляць пра яе і выкарыстоўваць усе інстытуты АБСЭ, каб зрабіць правы чалавека якраз галоўным патрабаваньнем, перадумовай дэмакратыі. АБСЭ ня мусіць траціць далей свае намаганьні на дыпляматыю ў справе вельмі недасканалых выбараў, асабліва калі такая дыпляматыя наўпрост адвергнутая ўладай Лукашэнкі.

Дасюль прынята нямала пагадненьняў, аднак яны не ўвасабляюцца у сфэры правоў чалвека – гэта пагадненьні адносна доступу да дзяржаўных СМІ, адносна вызваленьня Міхаіла Чыгіра і зьняцьця зь яго абвінавачаньняў, адносна адмены цэнзуры і адносна расьсьледавання зьнікненя Ганчара, Красоўскага і Захаранкі.

Усе гэтыя пагадненьні, гэтаксама як і абяцаньні правесьці грунтоўнае расьсьледаваньне зьнікненьняў, ігнаруюцца або адкідаюцца. Настаў час, каб з гэтага былі зробленыя высновы, хаця б для плянаў Кансультацыйна-назіральнае місіі.

(Працяг тэксту заявы слухайце і чытайце заўтра)

XS
SM
MD
LG