Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ці спыняць беларускія ўлады палітыку рэпрэсіяў у дачыненьні да дэмакратычных прафэсійных саюзаў? Адказ на гэтае пытаньне павінна была даць учорашняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Ярмошыным. Сёньня высьветлілася, што палёгкі прафэсійным саюзам чакаць наўрад ці варта.

Сёньня Беларускі кангрэс дэмакратычных прафэсійных саюзаў атрымаў ліст за подпісам выканальніка абавязкаў прэм’ера Ўладзімера Ярмошына пра стаўленьне ўраду да гэтых саюзаў. Камэнтуючы для нашага радыё зьмест ліста, намесьнік прэзыдэнта Кангрэсу Ўладзімер Макарчук сказаў: “Ён туманны й расплывісты. Канкрэтыкі ў ім няма. Можна так тлумачыць, а можна й гэтак. Дзяржаўныя ворганы не выконваюць распараджэньне ўраду, а будуць выконваць распараджэньні Праўнае ўправы адміністрацыі прэзыдэнта”, – паведаміў Уладзімер Макарчук.

Між тым, прафэсійныя саюзы спадзяваліся на пазытыўныя зьмены. Асабліва пасьля папярэджаньня Злучаных Штатаў Амэрыкі пра тое, што ў выпадку, калі беларускія ўлады ня зьменяць свайго стаўленьня да дэмакратычных прафэсійных саюзаў, якое разыходзіцца зь міжнароднымі стандартамі, яны выключаць Беларусь са сваёй сыстэмы гандлёвых прэфэрэнцыяў. Чым гэта пагражае?

Паводле зьвестак Міністэрства замежных справаў, летась Беларусь прадала ў ЗША тавараў на суму 80 мільёнаў даляраў. У вонкаэканамічным рэйтынгу Беларусі ЗША займаюць 8 месца паводле аб’ёмаў валютнага экспарту. Зразумела, што ў выпадку выключэньня Беларусі з амэрыканскай сыстэмы прэфэрэнцыяў яе экспарт у ЗША можа скараціцца на дзясяткі мільёнаў даляраў.

Першы віцэ-прэм’ер Васіль Даўгалёў, паводле дасьведчаных крыніцаў, неаднаразова спрабаваў спыніць кампанію перасьледу дэмакратычных прафэсійных саюзаў, каб пазьбегнуць непажаданых наступстваў у вонкавым гандлі. Але ў атачэньні Лукашэнкі мае месца і іншая плынь, прадстаўнікі якое бачаць ў прафэсійных саюзах небясьпечных палітычных праціўнікаў Лукашэнкі. І яны выступаюць за працяг антыпрафсаюзнага гвалту.

Вось чаму, на думку назіральнікаў, Лукашэнку адвялі ролю арбітра ў нутры ўладнае каманды. На шалях апынулася пытаньне – што лепш: страціць некалькі дзясяткаў мільёнаў “экспартных” даляраў, але “прыдушыць” прафэсійныя саюзы, ці наадварот. Той факт, што ўчорашняя сустрэча Лукашэнкі зь Ярмошыным ня ўнесла яснасьці ў гэтае пытаньне, сьведчыць, прынамсі, пра адсутнасьць у Лукашэнкі жаданьня аддаць перавагу эканамічнаму фактару.

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG