Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня міністар абароны Расеі паведаміў, што 84 дэсантнікі загінулі ў выніку сутыкненьня з чачэнскімі паўстанцамі ў раёне Улус-Керту, які разьмешчаны што ў сарака кілямэтрах у паўднёва-ўсходнім кірунку ад Грознага.

Лічба, якую сёньня назваў расейскі міністар абароны Ігар Сяргееў, амаль у тры разы перавышае тую, якую Масква абвесьціла напачатку. Расейскі генэрал Мікалай Бурбуйга адзначыў, што толькі аднаму дысантніку з усёй роты ўдалося ўратавацца, астатнія ж загінулі, прадэманстраваўшы, паводле словаў генэрала, “масавы гераізм, вытрымку і адданасьць вайсковаму абавязку”.

На мінулым тыдні 20 расейскіх амонаўцаў былі забітыя, калі трапілі ў засаду каля Грознага.

Памочнік выканаўцы абавязкаў расейскага прэзыдэнта Сяргей Ястржэмбскі быў вымушаны прызнаць, што чачэнскі паўстанцы нанесьлі фэдэральным войскам “цяжкія страты”. Варта нагадаць, што зусім нядаўна камандаваньне фэдэральнай вайсковай групоўкі сьцьвярджала, што ваенная аперацыя фактычна скончаная, і да канчатковай перамогі над чачэнцамі застануцца лічаныя дні. Пры гэтым заявы прэзыдэнта Чачні Масхадава і палявых камандзіраў пра новы, “партызанскі” этап вайны, расейскія генэралы інакш як “абсурднымі” не называлі.

Між тым відавочна, што зьнішчэньне амаль у поўным складзе двух элітных расейскіх падраздзяленьняў – гэта не выпадковая ўдача чачэнцаў, а вынік сплянаванай у адпаведнасьці з вайсковай тактыкай аперацыі.

Новая тактыка чачэнскіх паўстанцаў – найперш, выхад з аблогі (што цяпер і адбываецца ў Аргунскай цясьніне), пасьля чаго плянуюцца два варыянты дзеяньняў. Першы – гэта нечаканыя ўдары па пазыцыях ды падразьдзяленьнях фэдэральных войскаў, як гэта здарылася ў выпадку з пскоўскімі дэсантнікамі. Другі – гэта падзел на дробныя, бяззбройныя групы па тры-чатыры чалавекі, расьсейваньне сярод мірнага насельніцтва з тым, каб празь нейкі час і зноў арганізавацца, узяць у рукі зброю і нанесьці ўдар. І першае, і другое – у клясычных традыцыях партызанскіх войнаў усіх часоў і ўсіх народаў.

У адпаведнасьці гэтаму – і новая тактыка фэдэральных войскаў. Як паведаміў выканаўца абавязкаў камандуючага аб’яднанай фэдэральнай групоўкай Генадзь Трошаў, уся тэрыторыя Беларусі нарэзаная на ўчасткі, за кожным замацаваныя вайсковыя падразьдзяленьні. “Шукаюць і зьнішчаюць,” – заявіў генэрал Трошаў. Дадамо, што “шукаюць і зьнішчаюць” ужо сярод мірнага насельніцтва, і гэта таксама – традыцыйная тактыка, гэтым разам ужо – карніцкая.

Тым часам, чачэнская вайна, як паведамляе карэспандэнт нашага радыё Майкл Лелівельд, вядучыя амэрыканскія аналітыкі і экспэрты ў справах Расеі лічаць, што чачэнская вайна й пасьля яе завяршэньня будзе вельмі доўга ўплываць на амэрыканска-расейскія дачыненьні.

Пэрспэктывы Расеі пасьля гэтай вайны абмяркоўваліся на гэтым тыдні амэрыканскімі і расейскімі палітолягамі на адмысловай канфэрэнцыі, якая была арганізаваная Бэбсанаўскім каледжам і бізнэсовай школай ў Вэлеслі, штат Мінэсота.

Маршалл Голдман, кіраўнік аддзелу расейскіх дасьледваньняў Гарвардзкага ўнівэрсытэту, ўзьняў пытаньне, ці будзе навогул існаваць Расея пасьля чачэнскай вайны?

Тым ня менш Голдман, аўтар шматлікіх манаграфіяў, верыць, у тое, што амэрыканска-расейскія дачыненьні захаваюцца, нягледзячы на разыходжаньне пазыцяў у адносінах да гэтай вайны. Аднак ён прагназуе нагатыўны ўплыў на магчымасьць інтэграцыі расейскай эканомікі ў сусьветную і бізнэсовых партнэрскіх дачыненьнях з Захадам.

“І мы, і расейцы будзем заўсёды мець засьцярогу адзін перад другім, разумеючы, што нашыя стандарты – розныя, ” – кажа Голдман.

Грамадзкая думка ў Расеі падтрымлівае вайну ў Чачні, і гэтая падтрымка можа павялічвацца, нягледзячы на пратэсты Захаду. Але Чачня – гэта толькі адна з прычынаў разыходжаньняў паміж ЗША і Расеяй.

Шмат пытаньняў у экспэртаў выклікае палітычная лінія, якая можа быць ўзятая Ўладзімерам Пуціным пасьля ягонага абраньня прэзыдэнтам Расеі.

Майкл Брунэр, прафэсар гісторыі Бэбсанскага унівэрсытэту, правёў аналёгію з 1993 годам, калі заходнія краіны падтрымалі Ельцына ў ягоным канстытуцыйным супрацьстаяньні з парлямантам. На Захадзе спадзяваліся, што перамога Ельцына будзе мець вынікам эканамічныя пераўтварэньні. Аднак Ельцын скарыстаў перамогу дзеля таго, каб паставіць сябе над законам. І цяпер жаданьне грамадзтва бачыць “парадак” і моцную дзяржаву прынесла вялікую папулярнасьць Пуціну. Аднак “у краіне, дзе пануе беззаконьне, рынкавая эканоміка пераўтвараецца ў пачварную зьяву,” – падкрэсьліў амэрыканскі прафэсар Майкл Брунэр.

Сяргей Навумчык, Прага

XS
SM
MD
LG