Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 9 сакавіка)
Група грамадзянаў Беларусі, агульнай колькасьцю 78 чалавек, падала ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт заяву на правядзеньне ў Дзень Волі сьвяточных шэсьця, мітынгу й канцэрту. Трэба сказаць, што гэта ўжо чацьвертая па ліку заўка на вулічную акцыю, прымеркаваную да 25 сакавіка.

78 чалавек просяць сталічны выканаўчы камітэт дазволіць правядзеньне сьвяточнае дэманстрацыі, мітынгу й канцэрту, прымеркаваных да 83-х угодкаў абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі. Плянуецца, што калёна з 30-ці тысячаў чалавек пройдзе ад пляцу Якуба Коласа праспэктам Францыска Скарыны да сквэру Янкі Купалы.

Сакратар Управы Беларускага Народнага Фронту над кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі Вячаслаў Сіўчык кажа, што сьвяткаваньне Дня Волі будзе масавым:

(Сіўчык: ) “Аналягічныя заяўкі падазеныя па больш чым 20 гарадох Беларусі ў асноўным на правядзеньне шэсьцяў і мітынгаў. Гэта, мы лічым, будзе той дзень, які скансалідуе ўсе незалежніцкія дэмакратычныя сілы,”

– паведаміў Вячаслаў Сіўчык.

БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі зьбіраюцца правесьці акцыю разам з прадпрымальнікамі “Камароўскага” кірмашу Менску. Акрамя гэтага гандляры хочуць зарганізаваць выязны кірмаш у сквэры Янкі Купалы для ўдзельнікаў сьвяточных акцыяў.

Намесьніца старшыні прафэсійнага зьвязу “Садружнасьць” Кацярына Навумовіч кажа, што гандляры вырашылі аб'яднаць свае намаганьні з БНФ каб, перад усім, абараніць свае інтарэсы:

“Я б не стала зьвязваць наўпрост удзел прдпрымальнікаў у сьвяткаваньні 25 сакавіка з палітычнай дзейнасьцю. Нейкая частка прадпрымальнікаў, безумоўна, палітычна актыўная ўжо сёньня. Дзякуючы дзеяньням уладаў я ўпэўнена, што колькасьць прадпрымальнікаў, якія ўдзельнічаюць у палітычных акцыях рэзка павялічыцца”, – паведаміла Кацярына Навумовіч.

Беларускі Народны Фронт пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка плянуе правесьці 10-тысячнае шэсьце й мітынг ад пляцу Незалежнасьці да сквэру Янкі Купалы асобна. Сытуацыю тлумачыць прэсавы сакратар Хрысьціянска-Кансэрватыўнае партыі БНФ Валер Буйвал:

(Карсэпандэнт: ) “Спадар Буйвал, чаму прадстаўнікі вашай партыі не далучыліся да аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня Волі 25 Сакавіка?”

(Буйвал: ) “Таксама мы можам сказаць – чаму ўсе астатнія не далучыліся да нашага аргкамітэту па сьвяткаваньні 25 Сакавіка? Я думаю, што гэта чыста фармальныя праблемы. Давайце ня будзем дзяліць 25 Сакавіка – угодкі незалежнасьці беларускага народу. Чым больш людзей, чым больш арганізацыяў у Беларусі будуць рыхтавацца да гэтай важнай для ўсіх нас даты, да гэтага сьветлага сьвята, тым лепш,”

– паведаміў Валер Буйвал.

15 сакавіка ў Менску пройдзе «Марш Свабоды – 2». Магчымыя наступсты ад маніфэстацыі могуць стаць падставаю для Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, каб не дазволіць сьвяточныя акцыі. Вячаслаў Сіўчык спадзяецца, што «Марш Свабоды» не паўплывае на рашэньне гарадзкіх уладаў:

(Сіўчык: ) “Мы падавалі сьвядома на вельмі кароткі маршрут па цэнтральнй вуліцы для таго, каб гэтае сьвята было шырокамаштабнае. І ў гарвыканкама няма ніякіх падставаў уносіць свае прапановы і зьмены ў той маршрут, які мы падалі. Я ўсё ж такі спадзяюся, што нам удасца правесьці гэтае мерапрыемства так, як мы хочам,”

– зазначыў спадар Сіўчык.

Ягор Маёрчык, Менск

XS
SM
MD
LG