Адвакатка Ўладзімера Кудзінава Тацяна Станкевіч наведала свайго
падабароннага ў калёніі, што на вуліцы Апанскага.
Сёньня адвакатка Тацяна Станкевіч мела магчымасьць даведацца пра стан
здароўя Ўладзімера Кудзінава й высьветліць у адміністрацыі калёніі, чаму
яе падабароннага сем сутак утрымлівалі ў штрафным ізалятары. Паводле словаў
адвакаткі, Уладзімер Кудзінаў з выгляду бадзёры, ня надта стомлены. Але
ж ён заўсёды (нават, калі й дрэнна сябе адчувае) выгляду не падае.
Пасьля размовы са сваім падабаронным Тацяна Станкевіч паведаміла “Радыё
Свабода”:
“Я сёньня наведала Ўладзімера Кудзінава ў мейсцы адбыцьця пакараньня.
Пазаўчора яго выпусьцілі са штрафнога ізалятару. Ён там знаходзіўся сем
сутак за парушэньне рэжыму. Гэтае парушэньне выявілася ў тым, што ён запаліў
цыгарэту й трохі адышоў ад таго мейсца, дзе праводзілася зарадка, літаральна
за некалькі сэкундаў да яе сканчэньня. Гэта лічыцца парушэньнем рэжыму
і зьяўляецца фармальнай падставаю дзеля таго, каб зьмясьціць у штрафны
ізалятар.
Спачатку яго трымалі ў старым корпусе, дзе ўмовы ўтрыманьня не адпавядаюць
ніякім санітарным нормам. Там вельмі халодна й вільготна. Уладзімер Кудзінаў
патрабаваў, каб яго перавялі ў новае памяшканьне, дзе таксама ёсьць штрафны
ізалятар. Атрымаўшы адмоўны адказ, ён абвясьціў галадоўку.
У выніку – праз суткі адміністрацыя задаволіла ягоныя патрабаваньні.
Ён утрымліваўся ў новым корпусе, дзе лепшыя ўмовы: у тамтэйшым ізалятары
кожны мае права мець рэчы асабістае гігіены”, – паведаміла Тацяна Станкевіч.
Гэтае пакараньне ўжо ня першае. Нагадаем, што летась у верасьні Ўладзімер
Кудзінаў таксама ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары. Якія наступствы гэта
можа мець для вязьня?
Адвакатка Кудзінава лічыць: “Небясьпека гэтых пакараньняў палягае ў
тым, што, калі асуджаны мае два пакараньні, то ў выпадку, калі будзе абвешчаная
амністыя, адміністрацыя мае права не ўжываць да яго амністыю. У дачыненьні
да Кудзінава – гэта можа быць падставаю, каб не зьніжаць тэрмін ягонага
зьняволеньня на адзін год.
Як кажа сам Уладзімер, анічога страшнага ў гэтым няма. Але ўсё гэта
ня вельмі добра, бо яму яшчэ засталося быць у няволі тры гады”, – паведаміла
адвакатка Тацяна Станкевіч.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1