Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У ЗША расьце заклапочанасьць з нагоды шматлікіх фактаў парушэньня правоў чалавека ў Чачні. Гэтая заклапочанасьць узмацняецца тым, што Ўладзімер Пуцін – адзін з галоўных ініцыятараў вайны ў Чачні – амаль напэўна будзе абраны прэзыдэнтам Расеі 26 сакавіка. Дзяржаўны Сакратар ЗША Мэдлен Олбрайт у сувязі з гэтым зьмясціла на старонках газэты “Washington Post” свой камэнтар.

“Расея ў дадзены момант, - піша Мадлен Олбрайт, - знаходзіцца адначасна ў пэрыядзе гістарычнай прэзыдэнцкай кампаніі і крывавай вайны ў Чачні, якая шакуе ўсясьветную грамадзкую думку. Зразумела, што вядучыя амэрыканскія палітыкі ня могуць выказвацца ў падтрымку якога-небудзь кандыдата ў прэзыдэнты Расеі, але адначасна мы выказваем свой пратэст супраць гэтай жорсткай і беспэрспэктыўнай вайны”.

На думку Дзяржаўнага Сакратара ЗША Мадлен Олбрайт, якую яна выказвае на старонках газэты “Washington Post”, у Амэрыцы даволі распаўсюджаны пункт гледжаньня, што адміністрацыя прэзыдэнта Клінтана падтрымлівае выканаўцу абавязкаў расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, і што яна вагалася, ці выступіць з крытыкай Расеі за тое, што яна робіць у Чачні. У сапраўнасьці ж, лічыць дзяржсакратар ЗША, справы выглядаюць зусім інакш.

Амэрыканскія афіцыйныя асобы, пачынаючы ад прэзыдэнта Клінтана, неаднойчы характарызавалі спадара Пуціна як здольнага і энэргічнага чалавека, які ведае справу, шчырага і адкрытага, які хоча праводзіць эканамічныя рэформы, будаваць дзяржаву права і ажыцьцяўляць кантроль узбраеньняў. Усё гэта сьцьвярджэньне аб’ектыўных фактаў, лічыць Мадлен Олбрайт, але не падтрымка Пуціна.

Сама Олбрайт не аднойчы падкрэсьлівала, і робіць гэта зноў у сваім артыкуле, што Пуцін – чалавек дваякі. З аднаго боку ён належаў да рэфарматарскіх колаў Санкт-Пецярбурга, а з другога – ён правёў амаль усё сваё сьвядомае жыцьцё ў КГБ, ён адказваў за зьнішчальную чачэнскую кампанію.

У справе Чачні Мадлен Олбрайт падкрэсьлівае, што ЗША прызнаюць тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі і не выступаюць супраць права Расеі змагацца з тэрарызмам на яе ўласнай тэрыторыі, але там, дзе трэба, ЗША заўсёды выступалі з вострай крытыкай Расеі.

У верасьні летась, яшчэ да таго, як чачэнская вайна пачалася, калі выбухі бомбаў зьнішчылі два жылыя дамы ў Маскве, мы папярэджвалі расейскія ўлады, - піша на старонках “Washington Post” дзяржаўны сакратар ЗША Мадлен Олбрайт, - аб тым, што гэта ня можа стаць падставай для абмежаваньня правоў чалавека. Калі расейскія войскі збамбавалі базар у Грозным у кастрычніку, мы схарэктарызавалі гэты факт як “агідны і варты жалю”. Калі ж пачалася расейская ваенная кампанія ў Чачні, мы заявілі, што выкарыстаньне сілы расейскай арміяй “празьмернае, і мы асуджаем яе тактыку”.

У лістападзе, калі прэзыдэнт Клінтан удзельнічаў у Стамбульскім саміце, ён праз увесь стол, за якім сядзелі эўрапэйскія лідэры, заявіў Барысу Ельцыну, што Расея ня мае права разглядаць гэтую вайну як сваю ўнутраную справу. У студзені сёлета, калі ў Чачні быў арыштаваны карэспандэнт Радые Свабода Андрэй Бабіцкі, мы паведамілі расейскаму ўраду, што ён адказны за ягоны лёс, і заклікалі расейцаў сказаць усю праўду. У лютым наш штогадовы даклад у справе правоў чалавека падаў у дэталях жахлівыя наступствы вайны для цывільнага насельніцтва.

Калі праваабарончая арганізацыя “Human Rights Watch” апублікавала свой даклад пра растрэлы ў Грозным, мы запатрабавалі поўнага і незалежнага расьсьледаваньня з удзелам міжнародных экспэртаў і з прыцягненьнем да адказнасьці вінаватых, сьцьвярджае Мадлен Олбрайт.

Расейскі міністар замежных справаў Ігар Іваноў назваў гэтую заяву Дзяржаўнага Дэпартамэнту “інфармацыйным тэрарызмам”. У адказ Мадлен Олбрайт заявіла непасрэдна самому Пуціну ў мінулым месяцы, што толькі калі Расея зможа апраўдацца ў сувязі з гэтымі абвінавачаньнямі, толькі тады міжнародныя абавязальніцтвы Расеі будуць успрымацца сур’ёзна. Тое самае Пуцін пачуў, калі на мінулым тыдні прачытаў асабістае пасланьне прэзыдэнта Клінтана ў справе Чачні. Пра гэта, галоўным чынам, гаварыла Мадлен Олбрайт Ігару Іванову на саміце ў Лісабоне ў мінулую пятніцу.

“Якіх бы пагадненьняў мы не шукалі ў іншых справах, - падсумоўвае свой артыкул у “Washington Post” Дзяржаўны Сакратар ЗША Мадлен Олбрайт, - мы павінны пераканаць Расею, што гэтая вайна (асабліва таму, што цяжкія расейскія страты на мінулым тыдні сьведчаць, што яна далёкая ад заканчэньня) павінна быць вырашаная палітычнымі, а не ваеннымі сродкамі. Няздольнасьць Расеі прызнаць гэты факт можа прывесьці яе да яшчэ большай міжнароднай ізаляцыі. І мы будзем працягваць гэтую лінію, каб гэтая праўда дайшла да Расеі”.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG