Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ізраільскі прэм’ер Эхуд Барак і палестынскі лідэр Арафат дамовіліся аднавіць мірныя перамовы яшчэ ў гэтым месяцы. Аднак да разьвязаньня супярэчнасьцяў паміж Ізраілем і Палестынай у пытаньні тэрыторыяў яшчэ вельмі далёка. Гэтай тэме прысьвечаны вялікі артыкул у сёньняшнім нумары “New York Times”.

Лідэры Палестыны ды Ізраілю 8-га сакавіка дамовіліся аднавіць перамовы ў Вашынгтоне з тым, каб падпісаць двухбаковае мірнае пагадненьне да 13 верасьня. Пра гэта было абвешчана па выніках дзьвюх сустрэчаў паміж Эхудам Баракам і Ясірам Арафатам, апошняя зь якіх адбылася ў Рамалаху, на тэрыторыі палестынскае аўтаноміі.

Папярэдняя такая сустрэчая прайшла больш як месяц таму ў сэктары Газа ды скончылася няўдачай. Празь некалькі дзён пасьля пачатку саміту, палестынскі бок прыпыніў перамовы. Палестынцы былі незадаволеныя ізраільскімі прапановамі наконт часу й маштабу вяртаньня акупаваных Ізраілем земляў на заходнім беразе Ярдану.
Яны сьцьвярджалі, што Ізраіль на перамовах імкнуўся навязаць свае прапановы ў пытаньні тэрыторыяў, якія павінныя перайсьці пад поўны альбо частковы кантроль Палестыны.

Прэзыдэнт Клінтан вырашыў, што ў гэтай сытуацыі лепш аднавіць перамовы на больш нізкім ўзроўні. Прэсавы сакратар дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джэймс Рубін сказаў тады, “што гэта найлепшы шлях для таго, каб падштурхнуць пачатак перамоўнага працэсу”. Аднак, дадаў ён, “нават добры пачатак можа ня мець працягу”.

Удзельнікі перамоваў, якія мяркуецца распачаць 18 сакавіка ў Вашынгтоне, будуць мець мала часу, каб канчаткова ўзгадніць свае праекты, прапанаваныя да падпісаньня. Паводле Рубіна, вырашана, што неабходнасьць правесьці большую частку падрыхтоўкі да пачатку сустрэчы лідэраў, на менш высокім узроўні.

Дарадца прэзыдэнта Клінтана Дэніс Рос назваў дыскусію паміж Эхудам Баракам і Ясірам Арафатам на асабістым узроўні “вельмі канструктыўнай”. Ён сказаў таксама, што ўдзельнікі перамоваў могуць зноў прыступіць да працы над мірным пагадненьнем пасьля мусульманскіх сьвятаў, якія скончацца ў сярэдзіне сакавіка.

У часе перапынку ў перамоўным працэсе ЗША ды Эгіпет прымаюць дыпляматычныя захады ў адносінах абодвух бакоў перамоваў. Улічваючы важную ролю Эгіпту, Барак і Арафат вырашылі сустрэцца ў чацьвер з прэзыдэнтам Мубаракам у горадзе Шарм-эль-Шэйх у Сінаі.
Толькі пасьля гэтай сустрэчы, магчыма, можна будзе меркаваць, наколькі прасунуўся працэс ўзаемапаразуменьня паміж Палестынай ды Ізраілем.

Апошняя сустрэча Арафата і Барака ў палестынскім месцы Рамалах было трактаванае як саступка ў бок лідэра Палестыны. У часе двухбаковых перамоваў, гэта быў першы выпадак, калі ізраільскі прэм’ер адправіўся на сустрэчу на тэрыторыю, кантраляваную палестынцамі.

Барак спрабуе паралельна весьці мірныя перамовы адразу з Палестынай, Сірыяй і Ліванам, і гэта выклікае крытыку ў ягоны адрас. Такую палітыку ў Ізраілі многія лічаць нерэалістычнай ды рызыкоўнай.
Перамовы з Сірыяй спыненыя пачынаючы з сярэдзіны студзеня. Адразу пасьля правалу перамоваў прасірыйскія ўзброеныя атрады Хэзбалах аднавілі напады на ізраільскіх жаўнераў на поўдні Лівану.

На пачатку гэтага тыдня ізраільскі кабінэт міністраў прагаласаваў за тое, каб прымусіць Сірыю вывесьці свае сілы ў аднабаковым парадку з паўднёвага Лівану, калі мірнае пагадненьне ня будзе падпісанае да ліпеня. Супраць гэтага выступаюць сірыйскае й ліванскае кіраўніцтва.
Палестынцы ды ізраільцяне, перамовы паміж якімі спыніліся неўзабаве пасьля зрыву перамоваў зь Сірыяй, спрабуюць дамовіцца паміж сабой вось ужо апошнія сем гадоў. Сем месяцаў таму ўдалося дамовіцца адносна перадачы палестынцам земляў на Заходнім беразе Ярдану, акупаваных Ізраілем.

Шэсьць і адна дзясятая адсоткі тэрыторыі ўжо вернутыя пад кантроль палестынскае аўтаноміі. У выпадку посьпеху, пад поўным альбо частковым кантролем Палестыны будзе 40 адсоткаў земляў на Заходнім беразе.

Аднак адразу пасьля таго, як Ізраіль прапанаваў палестынцам цягам апошняга раўнду перамоваў вярнуць найгоршыя пустынныя землі, Арафат запатрабаваў вярнуцца да закрытага ўжо, здавалася раней, пытаньня аб Ерузаліме, у тым ліку арабскім квартале ў раёне Старога Места. Статус Ерузаліма, які Ізраіль лічыць непадзельнай сталіцай краіны, меўся быць уключаны ў выніковую мірную дамову.
Пытаньне земляў вельмі лёгка можа ўсплыць на бліжэйшай сустрэчы двух кіраўнікоў.

Мяркуецца, што Ізраіль мог бы вярнуць звыш 10 адсоткаў земляў на Заходнім Беразе Ярдану. Аднак, гэта ня будуць добра асвоеныя тэрыторыі каля Ерузаліма, на якія равзьлічвае Палестына.
Міністар замежных справаў Ізраілю Давід Леві сказаў, што ягоная краіна ня згодная аддаваць тэрыторыі буйных прамысловых цэнтраў, населеных арабамі толькі для таго, каб заахвоціць палестынцаў да вяртаньня за стол перамоваў.

Ясір Арафат запатрабаваў ад Ізраілю вярнуць большую частку акупаваных земляў да падпісаньня выніковай дамовы, аднак Эхуд Барак, падобна ягонаму папярэдніку Нетаньягу, імкнецца аддаць землі толькі пасьля таго, як дамова ўступіць у дзеяньне.

Дарэчы, як стала вядома, пасьля сёньняшняй гадзіннай сустрэчы Ясіра Арафата і Эхуда Барака ў Шарм-эль-Шэйху, прэзыдэнт Эгіпту Госьні Мубарак заявіў, што ён аптымістычна ацэньвае пэрспэктывы мірных перамоваў паміж Ізраілем і Палестынай.

Віталь Тарас

XS
SM
MD
LG