Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Амбасадар ЗША ў Беларусі Дэніэл Спэкгард спадзяецца на вызваленьне дэпутата Андрэя Клімава з турмы. Спадар Спэкгард мяркуе, што беларускім уладам трэба праявіць паблажлівасьць да Клімава, які за два гады знаходжаньня за кратамі згубіў здароўе.

Сёньня надзвычайны й паўнамоцны амбасадар ЗША ў Беларусі Дэніэл Спэкгард наведаў Ленінскі суд Менска, дзе аднавіўся працэс над Андрэем Клімавым. Спэкгард заявіў, што ўважліва сочыць за гэтым працэсам і спадзяецца на справядлівы прысуд Клімаву:

“…Я спадзяюся, яго выпусьцяць. Ён адседзеў ужо больш за два гады, у яго дыябет і хворае сэрца, дома яго чакая жонка й трое малых дзетак, я мяркую, што двух гадоў зьняволеньня дастаткова і спадзяюся, што беларускі ўрад прадэманструе літасьць да Клімава”, – сказаў “Радыё Свабода” Дэніэл Спэкгард.

Зьяўленьне на працэсе амэрыканскага амбасадара й прадстаўнікоў іншых замежных місіяў, а таксама шмат каго са сваякоў і знаёмых абвінавачваных тлумачылася тым, што ўжо сёньня мог прагучаць прысуд Клімаву ды іншым падсудным. Бо слуханьні фактычна завершыліся яшчэ два тыдні таму, заставалася выслухаць прамову апошняга з абвінавачваных, Аляксандра Калаціліна, і мала хто сумняваўся ў тым, што прысуд ужо гатовы. Не выключалася, што сёньня ж ён і будзе абвешчаны, але суд зрабіў інакш.

Працэс цягнуўся літаральна некалькі хвілінаў, судзьдзі выслухалі кароткую просьбу Калаціліна вырашыць справу справядліва, і абвесьцілі перапынак да 17 сакавіка. Такім чынам, толькі праз восем дзён мы даведаемся , якім будзе лёс дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава.

Нагадаю, пракурор просіць даць Клімаву дзевяць гадоў турмы ды яшчэ й канфіскаваць ягоную маёмасьць. Іншым абвінавачваным пагражае ад двух гадоў умоўна да пяць гадоў калёніі. Пры гэтым ніхто з падсудных сябе вінаватым не прызнаў, усе прасілі ў вапошнім слове апраўдальнага прысуду.

Аднак шанцы на такі прысуд ацэньваюцца як невялікія. Абаронца Гары Паганяйла, напрыклад, лічыць, што толькі сапраўды незалежнаму суду па сілах прызнаць Клімава ды іншых невінаватымі: “Гэта не крымінальная, а цалкам гаспадарчая справа, якую і трэба вырашаць у гаспадарчым судзе. Аднак, я ня думаю, што ўлады дзеля таго распачыналі гэты яўна палітычны спэктакаль, каб цяпер прызнаць сваё фіяска”, – сказаў Гары Паганяйла.

Тым не менш жонка Клімава Тацяна спадзеваў на апраўданьне свайго мужа не пакідае: “…Усе, хто выступаў на гэтым працэсе, спадзяваліся на незалежнасьць судзьдзяў, на апраўдальны прысуд. Я спадзяюся на розум – што розум пераможа і апраўданьнем суд паставіць кропку ў гэтай недарэчнай справе”, – гэтак мяркуе жонка Клімава Тацяна Леановіч.

Такім чынам, магчымы тры варыянты прысуду.

Першы – Клімаў будзе прызнаны вінаватым, але адпушчаны на волю з улікам тэрміну, які ён ужо адседзеў. З боку беларускіх уладаў гэта будзе пэўная саступка Захаду, якая тым больш чаканая сёньня, калі ўлада дэманструе гатоўнасьць да грамадзкага дыялёгу.

Другі варыянт, жорсткі – дэпутат атрымае больш за два гады й будзе адпраўлены ў калёнію. Як у свой час дэпутат Уладзімер Кудзінаў. У гэтым выпадку Захад атрымае дадатковую падставу крытыкаваць улады Беларусі за перасьлед палітычных апанэнтаў.

Трэці варыянт, і ён таксама не выключаецца, – Клімаў будзе апраўданы й вызвалены з-за кратаў у залі суду.

Які з трох варыянтаў будзе абраны – мы даведаемся ад судзьдзі Веры Тупік 17 сакавіка.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG