Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Колькасьць беларускіх пасярэднікаў у хуткім часе значна скараціцца. Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт пра ліцэнзаваньне пасярэдніцкае дзейнасьці, які пачне дзейнічаць зь 1 ліпеня.

Упершыню Лукашэнка агучыў ідэю пра скарачэньне колькасьці пасярэднікаў яшчэ ў сьнежні мінулага году. Паводле ягонага меркаваньня, пасярэднікаў павінна быць столькі, колькі патрэбна дзяржаве, і ня больш. Лукашэнка назваў пасярэднікаў жулікамі. Ён выказаў упэўненасьць, што калі яны ня будуць стаяць на шляху паміж беларускімі вытворцамі й беларускімі спажыўцамі, адразу наступіць парадак у цэнаўтварэньні.

Плянавалася, што дэкрэт будзе падпісаны ў сьнежні і ўступіць у дзеяньне з пачатку 2000 году. Аднак ягонае падпісаньне было адкладзенае. Ня выключана, што сваю ролю тут адыграла супрацьдзеяньне некаторых прадстаўнікоў ураду, якія зразумелі, што дэкрэт прывядзе да пагаршэньня эканамічнага становішча.

Дакумэнт прадугледжвае, што ўсе пасярэнікі, якія хочуць працаваць на беларускім рынку, павінны мець ліцэнзіі. Гуртовымі партыямі тавару могуць гандляваць безь ліцэнзіі толькі вытворцы прадукцыі.

Паводле меркаваньня адмыслоўцаў, жадаючых парушаць дэкрэт ня будзе, паколькі парушальнікі павінныя будуць плаціць вялічэзныя штрафы. Пасярэднік, які працуе безь ліцэнзіі, можа пазбавіцца падвоенае сумы атрыманага прыбытку, ці 10 адсоткаў кантракту. Але ж і прадпрыемства, якое прадало неліцэнзаванаму пасярэдніку свае тавары, будзе вымушанае аддаць дзяржаве да паловы сумы, якую каштавала партыя тавара.

Віцэ-прэзыдэнт саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць, што ўвод у дзеяньне дэкрэту аўтаматычна прывядзе да значнага памяншэньня колькасьці пасярэднікаў, якія прадаюць неканкурэнтаздольныя беларускія тавары. Спадар Патупа заявіў: “Ня менш важна й тое, што новая сыстэма ліцэнзаваньня дасьць новы штуршок карупцыі, бо зразумела, што пасярэднік апынецца ў залежнасьці ад чыноўніка”.

Ганна Навумовіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG