Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Менску распаўсюдзіла сваю ацэнку Выбарчага кодэксу, падрыхтаваную супрацоўнікам групы Мішэлем Рывалье. Міжнародныя экспэрты прыйшлі да высновы, што “нягледзячы на некаторыя фармальныя і мінімальныя зьмены, нормы гэтага Выбарчага кодэксу ня могуць адпавядаць міжнародным дэмакратычным стандартам…”

У дакумэнце АБСЭ пракамэнтаваныя тыя нормы падпісанага 15 лютага Аляксандрам Лукашэнкам Выбарчага кодэксу, якія выклікалі найбольш заўвагаў у міжнародных экспэртаў. Найперш размова йдзе пра склад выбарчых камісіяў.

Паводле артыкулу 32 кодэксу, Цэнтральная выбарчая камісія складаецца з 12-ці чалавек, 6 зь якіх прызначаюцца прэзыдэнтам і 6 абіраюцца Саветам Рэспублікі. Старшыня камісіі прызначаецца прэзыдэнтам.

Такім чынам, склад Цэнтарвыбаркаму не адпавядае патрабаваньням незалежнасьці гэтага інстытуту. Між тым, менавіта гэтая камісія зьяўляецца асноўнай арганізацыяй, якая павінна выклікаць давер насельніцтва да выбарчага працэсу.

Група АБСЭ неаднаразова прапаноўвала забясьпечыць плюралістычны склад камісіі праз уключэньне ў яе ў якасьці поўнапраўных сябраў прадстаўнікоў палітычных партыяў, у тым ліку й апазыцыйных. Аднак з моманту пачатку працы над праектам кодэксу не было ўнесена аніякіх пазытыўных зьменаў.

Яшчэ адна важная праблема – грамадзкі кантроль за выбарамі. Выбарчы кодэкс нават не прадугледжвае такога паняцьця, як “грамадзкія назіральнікі”. Замест гэтага выкарыстоўваецца недакладная фармулёўка “асобы”, безь якога-небудзь адмысловага статусу.

Зыходзячы з досьведу мясцовых выбараў у красавіку 1999 году, Кансультацыйна-назіральная група сур’ёзна заклапочаная праблемаю грамадзкага кантролю. Размова йдзе пра прысутнасьць назіральнікаў на выбарчых участках як у дзень выбараў, так і на працягу пяцёх дзён, адведзеных для датэрміновага галасаваньня.

Зьвяртаецца ўвага й на такі факт – пад час апошняга разгляду з Выбарчага кодэксу выкрэсьлілі норму, якая давала права “прадстаўнікам і міжнародным назіральнікам атрымліваць ад акруговых камісіяў копію справаздачы паводле вынікаў галасаваньня”. Як сьцьвярджаецца ў дакумэнце АБСЭ, гэта грубае парушэньне падставовых прынцыпаў міжнароднага й грамадзкага кантролю за выбарамі.

Далей ацэнка Выбарчага кодэксу тычыцца такіх ягоных разьдзелаў, як доступ да сродкаў масавай інфармацыі, фінансаваньне выбарчае кампаніі, датэрміновае галасаваньне, вылучэньне кандыдатаў і рэгістрацыя палітычных партыяў і арганізацыяў. І паўсюль вельмі шмат крытычных заўвагаў.

Менавіта гэта й дало падставу Кансультацыйна-назіральнае групе АБСЭ зрабіць наступную выснову: “Кансультацыйна-назіральная група лічыць, што такія дэмакратычныя зьмены адносна вышэйзгаданых пытаньняў не былі дасягнутыя. Нягледзячы на некаторыя фармальныя і мінімальныя зьмены, палажэньні гэтага Выбарчага кодэксу ня могуць адапавядаць міжнародным дэмакратычным стандартам – такім, як пункты 7 і 8 Капэнгагэнскага дакумэнту 1990 году. Акрамя дэмакратычных зьменаў у Выбарчым кодэксе, усё яшчэ неабходна стварыць свабодныя і справядлівыя ўмовы, а таксама вызначыць парадак рэалізацыі заканадаўства”.

Такім чынам, можна меркаваць, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі, калі яны пройдуць паводле цяперашняга Выбарчага кодэксу, ня будуць прызнаныя міжнароднымі арганізацыямі як свабодныя і справядлівыя.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG