Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня гандляры менскага “Камароўскага рынку” падалі ў гарадзкі выканаўчы камітэт заяўкі на правядзеньне 25 сакавіка трох вулічных акцыяў – шэсьця ад рынку да сквэру Янкі Купалы, мітынгу ля помніка паэту й кірмашу па продажу там тавараў.

Адразу два сходы прыватных прадпрымальнікаў адбыліся сёньня на “Камароўскім рынку”. Спачатку сабраліся гандляры харчовых вырабаў. 1 красавіка сталічныя ўлады зачыняюць іх гандлёвыя шэрагі. Прычым, гэта ўжо ня чуткі. Гандляроў азнаёмілі з афіцыйным рашэньнем, якое прадугледжвае, так бы мовіць, “зачыстку” тэрыторыі. Шэсьць соцень “харчавікоў” павінны разьвітацца з працоўнымі месцамі.

Усьлед за імі ўлады зьбіраюцца выкінуць на вуліцу й 900 прадпрымальнікаў, якія гандлююць прамысловымі таварамі. Паводле згаданага рашэньня, гэта адбудзецца 15 красавіка. Чыноўнікі тлумачаць гэта неабходнасьцю рэканструяваньня “Камароўкі”. Намесьнік старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Валянцін Байдак спасылаецца на састарэласьць збудаваньняў. Маўляў, не павінна паўтарыцца трагедыя, якая адбылася летась на станцыі мэтро “Няміга”.

Камароўскія прадпрымальнікі лічаць такі аргумэнт абсурдным. Як прагучала на сёньняшніх сходах, ініцыятыва ўладаў, зьвязаная з перадзелам камароўскага бізнэсу, які ня мае аніякага дачыненьня да інтарэсаў дзяржавы. У пераразьмеркаваньні даходаў найперш зацікаўленыя прыватныя асобы. А кіраўнікі гораду, паводле меркаваньня гандляроў, выконваюць іх прыватныя даручэньні.

Камароўскія прадпрымальнікі вырашылі бараніць свае працоўныя месцы. Заплянаваныя на 25 сакавіка вулічныя акцыі, паводле сёньняшніх рашэньняў сходаў, пройдуць пад сацыяльна-эканамічнымі лёзунгамі: “Камароўскі рынак для беларускіх прадпрымальнікаў”, “На каго працуе сталічная мэрыя?”, “Гараджанам – танная бакалея” і гэтак далей.

Прадпрымальнікі перакананыя, што ўлады парушаюць іх канстытуцыйнае права на працу. Сёньня было вырашана адную зь мяркуемых акцыяў зарганізаваць так, каб на яе сабралася як мага больш жыхароў сталіцы. На кірмашы прадпрымальнікі вырашылі прадаваць харчаваньне па зьніжаных на 10 адсоткаў коштах.

Вось як патлумачыла згаданую ініцыятыву адзін зь лідэраў прафэсійнага саюзу “Садружнасьць “ Мая Сінайская, якая падавала сёньня заяўку ў гарадзкі выканаўчы камітэт: “Я думаю, што яны павінны даць магчымасьць гараджанам купіць танныя прадукты харчаваньня. Калі гандлярам ня будзе дадзена такое права, то публічна будзе абвешчана, як на самой справе ўлады клапоцяцца пра жыхароў. З другога боку, у прадпрымальнікаў няма іншага выйсьця. Яны павінны да 1 красавіка распрадаць свае запасы”, – патлумачыла Мая Сінайская.

На сёньняшніх сходах прадпрымальнікі “Камароўкі” вырашылі таксама правесьці аднадзённы папераджальны страйк. Папярэдняя дата ягонага правядзеньня – 15 сакавіка. Аднак ня выключана, што гандляры спыняць працу ўжо ў бліжэйшую суботу.

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG