Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Драматычная сытуацыя склалася на Барысаўскім домабудаўнічым камбінаце, які ўжо два з паловай месяцы не працуе. Рабочыя адзін за адным звальняюцца з працы. А кіраўнікі прадпрыемства спадзяюцца, што адрадзіць камбінат дапаможа буйны, так званы “чачэнскі”, заказ на будматэрыялы дзеля аднаўленьня разбуранай Чачні.

(ляскат малатка)

Гэты ляскат малатка ёсьць сьведчаньнем таго, што сёньня на Барысаўскім домабудаўнічым камбінаце застаўся толькі адзін работнік, які займаецца нейкай вытворчасьцю. Прыбіральшчыца цётка Ліля, да якой у ейную каморку я завітаў на той грукат сёньняшняй раніцай, патлумачыла мне свой фронт работ:

(Прыбіральшчыца: ) “Рамантую сваю швабру”.

У астатніх працы на заводзе няма – няма заказаў. Галоўны інжынэр прадпрыемства Зьміцер Тарасевіч распавёў, што зараз з камбінату зьбягаюць апошнія рабочыя ды інжынэры. І гэта ня дзіва: у Міністэрстве будаўніцтва і архітэктуры афіцыйныя асобы паведамілі кіраўнікам Барысаўскага камбінату: фінансаваньне спыненае не на месяц-другі, а на два гады. Прынамсі, да таго часу, пакуль у Менску пад кантролем Аляксандра Лукашэнкі ня будзе ўзьведзеная Алімпійская вёска.

Таму, паводле меркаваньня спадара Тарасэвіча, цяпер адрадзіць ДБК можа адно: буйны, з папярэдняй праплатай, расейскі заказ дзеля аднаўленьня разбуранага вайною Грознага ды іншых местаў Чачэніі.

(Тарасэвіч: ) “Мы сваімі сіламі можам адгрузіць 42 тысячы квадратных мэтраў жыльля ў панэльным варыянце.(…) Калі зрушыцца гэта ўсё зь месца, то гэта будзе добры пакет заказаў для нашага камбіната. Вельмі добры. Загрузка на ўсю катушку”.

- зазначыў Зьміцер Тарасевіч. Але пакуль ён быў гатовы да самага горшага:

(Тарасэвіч: ) “Калі абстаноўка застанецца такой, як ёсьць на сёньняшні дзень, то дамы трэба будзе дэмантаваць, таму што яны ня могуць стаяць гадамі, кансэрвацыя аб’ектаў ня будзе праводзіцца”.

У цэхах камбіната стаяла мёртвая цішыня. Гэткая ж цішыня, паводле сьведчаньня чыноўнікаў, ужо апанавала і мантажныя пляцоўкі распачатых камбінатам дамоў у Барысаве, Жодзіне, Смалявічах. Адсюль цяпер здымаюцца вежавыя краны ды іншая тэхніка.

(Голас работніка: ) “Нету работы, нету оплаты работы,”

- сьведчыў кранаўшчык Андрэй, які адмовіўся назваць сваё прозьвішча, але паведаміў, што ўжо знайшоў сабе па спэцыяльнасьці больш грашовую працу ў іншай будаўнічай арганізацыі Барысава.

На маіх вачах звальнялася начальніца асноўнага, вытворчага аддзелу камбінату Натальля Гаварухіна.

Алесь Мікалайчанка, Барысаў

XS
SM
MD
LG