Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Два дні экспэрты шэрагу эўрапейскіх краінаў на запрашэньне беларускага боку абмяркоўвалі ў Менску праблему зьнішчэньня арсэналаў супрацьпехотных мінаў, якіх у Беларусі захоўваецца некалькі мільёнаў штук. Сэмінар праходзіў з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства абароны Беларусі.

Паводле беларускіх спэцыялістаў, каб вырашыць праблему зьнішчэньня супрацьпехотных мінаў, Беларусі патрэбна ад 50 да 100 мільёнаў даляраў. Гаворка йдзе толькі пра тыя міны, тэрмін захоўваньня якіх ужо скончыўся. Спэцыялісты ацэньваюць колькасьць такіх мінаў у 3 з паловаю мільёны.

Колькі ўсяго ў Беларусі назапашана гэтае зброі, афіцыйныя каналы зьвестак не даюць. У неафіцыйным парадку кажуць пра дзясяткі мільёнаў – гэта й міны старога ўзору з цьвёрдым выбуховым рэчывам, і больш сучасныя з вадкім начыньнем, і самыя апошнія – плястыкавыя.

У Беларусі, нарэшце, зразумелі, што нешта трэба рабіць з гэтымі арсэналамі небясьпечнае і непатрэбнае зброі. Утрымліваць іх не хапае сродкаў, а на зьнішчэньне таксама патрэбныя грошы. Паводле інфармацыі прэсавае службы Міністэрства замежных справаў, якое зарганізавала сэмінар, прадстаўнікі беларускага боку паднімалі гэтае пытаньне перад замежнымі ўдзельнікамі – прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Швэцыі, Аўстрыі ды іншых краінаў.

Самы пераканаўчы аргумэнт беларускага боку – гэта тое, што Беларусь магла б прадаць частку мінаў і на заробленыя грошы пачаць зьнішчэньне лішкаў мінаў, але гэта супярэчыла б інтарэсам міжнароднае супольнасьці.

Нагадаю, 120 краінаў падпісалі канвэнцыю аб нераспаўсюджваньні мінаў. І хаця Беларусь, як і Расея ды Кітай, да гэтае канвэнцыі не далучылася, усё ж з 1995 году, паводле беларускіх уладаў, мы міны нікому не прадаем. Дзейнічае мараторый. Ва ўсялякім разе, пра гэта заяўляюць на вышэйшым узроўні. А нядаўна Аляксандар Лукашэнка сваім загадам працягнуў мараторый яшчэ да 2002 году.

Што будзе пасьля? Пачне Беларусь прадаваць міны, калі не дачакаецца фінансавае дапамогі Захаду, ці гэта своеасаблівы шантаж, спроба зарабіць валюту?

Паводле аднаго з удзельнікаў сэмінару, пасланцы Эўропы ўважліва выслухалі прапановы беларускага боку, але нічога канкрэтнага не абяцалі. Праўда, як адзначае крыніца, такія абяцаньні й не ўваходзяць ў кампэтэнцыю экспэртаў. Аднак удзельнікі семінару з розных краінаў неаднаразова падкрэсьлівалі, што праблема мінаў – агульная, і вырашаць яе трэба агульнымі намаганьнямі.

Такім чынам, крыніца робіць выснову, што, калі беларускі бок і надалей будзе актыўна дэманстраваць сваю гатоўнасьць зьнішчыць міны й прытрымлівацца мараторыю на іхны продаж, то пэўны посьпех можа быць дасягнуты, і ў рэшце рэшт нейкія грошы Беларусь атрымае. Памеры магчымай дапамогі крыніца-ўдзельнік сэмінару вызначыць не бярэцца.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG