Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У гэтыя халодныя сакавіцкія дні ў многіх калгасах і саўгасах Беларусі выгналі кароў на пашу. На палях яшчэ ляжыць сьнег, не зьявілася нават першая зеляніна. Галоднае быдла шукае леташнюю пажоўклую траву і корміцца гольлем кустоў. Такога ў Беларусі не было нават у галодныя пасьляваенныя гады.

Калі даведалася, што ў Пастаўскім раёне напрыканцы лютага пачалі выганяць каровы на пашу, падумала, што гэта адбываецца толькі ў адным раёне. Але высьветлілася, што каровы пагналі на палеткі і ў Гарадзенскай вобласьці, якая лічыцца заможнай. Дарэчы, сёлета гаспадаркі Віцебшчыны, у якіх прадбачылі, што з-за недахопу кармоў каровы да вясны не дажывуць, перадалі ў заходнія вобласьці каля 6 тысячаў галоваў жывёлы. Але і ў Гарадзенскай вобласьці ў параўнаньні зь мінулым годам прывагі значна зьнізіліся, а надоі зьменшыліся амаль на 20 адсоткаў.

Справа ня толькі ў тым, што летась з-за сьпёкі ня здолелі нарыхтаваць належную колькасьць кармоў. Сваю адмоўную ролю адыграла і дырэктыва Лукашэнкі любым коштам захаваць пагалоўе. А як яго захаваць, калі няма грошай на кармы?

Як і ў найгоршыя гады, калгасьнікі кормяць быдла яловым гольлем. Прычым, у многіх гаспадарках галінкі нават не перапрацоўваюць у хвойную пасту, а проста кідаюць каровам. У Браслаўскім раёне ў якасьці ежы для кароў актыўна выкарыстоўваюць трысьнёг, прычым, прыклад браслаўцаў перанялі калгасы і іншых раёнаў. У Краснапольлі Расонскага раёну знайшлі і навогул нетрадыцыйны корм. Як паведамілі афіцыйныя СМІ, там з-пад ільду здабываюць водарасьці. Праўда, як адзначылі ў Расонскім райвыканкаме, мясцовыя жыхары называюць гэтую карысную расьліну асотам. У хуткім часе здабываць яго будзе немагчыма, бо растане лёд. Праз нейкі час нельга будзе карміць кароў і хваёвым гольлем, таму што вясной пачынаюць ісьці смолы.

У Беларусі ня так многа гаспадарак, дзе няма аніякіх праблемаў з кармамі. Часьцей за ўсё гэта так званыя “пацёмкінскія” вёскі, якія заўсёды наведвае кіраўніцтва. А на фэрмах большасьці калгасаў Беларусі ў гэтыя дні чуецца галоднае рыканьне няшчасных жывёлін.

Ганна Навумовіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG