Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Расейскія войскі пацярпелі другую сур’ёзную паразу ў Чачні за апошні тыдзень. Больш за трыццаць дэсантнікаў загінулі ў Аргунскай цясьніне на поўдні Чачні. Перад гэтым дваццаць чалавек з элітнага падразьдзяленьняя ОМОН былі забітыя на ўскраіне Грознага.

Праваабаронцы й журналісты паведамляюць усё новыя зьвесткі пра зьверствы з боку расейскіх жаўнераў у адносінах да мірнага насельніцтва Чачні. Захад заклікае кіраўніцтва Расеі расьсьледаваць гэтыя паведамленьні. Аднак, усё гэта ніякім чынам не адбіваецца на высокім рэйтынгу выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

6-я парашутна-дэсантная рота, якая нечакана трапіла пад абстрэл у Аргунскай цясьніне, страціла 31 чалавека забітымі. У нядзелю гэты факт пацьвердзіла расейскае камандаваньне. Ёсьць таксама параненыя. Па расейскім тэлебачаньні быў паказаны эпізод жорсткага бою каля паселішча Сельмен-таў. Цягам мінулых выхадных прыходзілі паведамленьні з Аргунскай цясьніны пра моцную стараляніну ў розных мейсцах.

Вайскавод усходняй групоўкі Сяргей Маркаў заявіў, што дэсантнікі заблякавалі чачэнскія сілы, якія, паводле ягоных словаў, таксама нясуць моцныя страты.

Тым часам, прэзыдэнт Ічкерыі Аслан Масхадаў заявіў у інтэрвію Радыё Свабода:

(Масхадаў: ) “Кожны населены пункт, кожны мэтар на дарогах – замацаваныя за камандзёрамі, за кожнай групай. Канешне, мы ня сьпяшаемся, чакаем вясны... Вось тады й пачнецца сапраўдная вайна”.

Сёньня адбылося пахаваньне загіблых у сераду амонаўцаў з Падмаскоўя. Напярэдадні міністар унутраных справаў Расеі Ўладзімер Рушайла вылецеў у Чачню з мэтай расьсьледаваць абставіны іхнай гібелі. Паводле словаў міністра, мяйсцовыя жыхары падазраюцца ў дапамозе чачэнскім адзьдзелам.

Лічылася, што амаль усе раёны Чачні кантралююцца фэдэральнымі сіламі. Прынамсі, расейкае камандаваньне заявіла на мінулым тыдні, што горнае паселішча Шатой застаецца апошнім прытулкам чачэнскіх атрадаў на тэрыторыі рэспублікі.

Брытанская газэта “Observer” паведаміла ў нядзелю, што расейскія войскі забілі на пачатку лютага, праз некалькі дзён пасьля захопу Грознага, 363 чалавекі ў часе наступу на чачэнскае паселішча Катыр-Юрт. Дзеяньні войскаў апісваюцца газэтай як самыя жахлівыя зьверствы цягам другой чачэнскай вайны. Расейцы збамбавалі вёску, а потым аўтакалёну ўцекачоў пад белымі сьцягамі.

Іншыя карэспандэнты, а таксама чачэнскія крыніцы таксама паведамілі пра моцныя разбурэньні й масавыя забойствы. Прэсавы сакратар Крамля ў спрааве Чачні Сяргей Ястржэмбскі цалкам адпрэчыў гэтыя паведамленьні.

Аднак, карэспандэнт “Observer” Джон Свіні спасылаецца на сьведчаньні жыхароў Катыр-Юрта, якія трапілі пад бамбаваньне.
Лідэры заходніх краінаў асуджаюць Расею за празьмернае выкарыстаньне моцы на тэрыторыях, дзе жыве мірнае насельніцтва. Праваабарончыя арганізацыі абвінавачваюць расейскія войскі ў зьверствах.

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан на мінулым тыдні накіраваў выканаўцу абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімеру Пуціну ліст, у якім заклікаў правесьці шырокае публічнае расьсьледаваньне паведамленьняў аб парушэньні правоў чалавека.

Агенцтва Reuters прыводзіць выказваньне высокапастаўленага прадстаўніка адміністрацыі ЗША аб тым, што для Расеі наступіў “момант ісьціны.”

Дарадца прэзыдэнта Клінтана ў справае нацыянальнае бясьпекі Сэмюэл Бергер заявіў у сыботу: “Мы далі ясна зразумець Расеі, што апошнія паведамленьні аб парушэньнях правоў чалавека ў Чачні даюць магчымасьць Маскве паказаць, наколькі яна гатовая выконваць уласныя законы і міжнародныя абавязальніцтвы.”

Між тым, пасьпяховае завяршэньне ваеннае кампаніі можа дапамагчы Ўладзімеру Пуціну выйграць выбарчую кампанію, у якой удзельнічаюць зараз 11 кандыдатаў у прэзыдэнты.

Апошнія апытаньні грамадзкай думкі ў Расеі паказваюць, што рэйтынг Пуціна – 46 адсоткаў – на мінулым тыдні не зьмяніўся. Ягоны бліжэйшы канкурэнт, камуністычны лідэр Генадзі Зюганаў, набірае, паводле апытаньня, толькі 15 адсоткаў галасоў.

Дарэчы, у інтэрвію ВВС Пуцін нечакана заявіў, што Расея можа аднойчы ўступіць у НАТО, калі Паўночна-Атлянтычны альянс будзе ставіцца да Расеі як да роўнага парнтэра.

Зюганаў назваў гэтае выказваньне наіўным і недаравальным для палітыка такога маштабу.

Віталь Тарас, Менск

XS
SM
MD
LG