Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў гарадзкой пракуратуры Менску лідэру сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Міколу Статкевічу было прад’яўленае канчатковае абвінавачаньне ў крымінальнай справе, узбуджанай за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця ў Дзень Незалежнасьці ў ліпені і арганізацыю Маршу Свабоды ў кастрычніку летась. Крымінальная справа будзе накіраваная для разгляду ў гарадзкі суд Менску.

Сёньня Мікола Статкевіч, лідэр “Народнай Грамады”, азнаёміўся з канчатковым абвінавачаньнем, якое было прад’яўленае яму сьледчым гарадзкой пракуратуры Віктарам Фешчанкам паводле артыкулу 186 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія пацягнулі масавыя беспарадкі ). Сьледчы аб’яднаў дзьве крымінальныя справы, узбуджаныя летась за арганізацыю так званага “несанкцыянаванага” шэсьця ў Дзень Незалежнасьці і Маршу Свабоды. Нагадаем, што за арганізацыю шэсьця ў Дзень Незалежнасьці Мікола Статкевіч ужо быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 10 сутак і адседзеў іх у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсціна.

Падчас адбыцьця пакараньня супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа за адно і тое ж правапарушэньне, што супярэчыць нормам крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Каб пазьбегнуць гэтага становішча, пракуратура ўнесла пратэст на адміністрацыйную справу і пакараньне па ёй, як на незаконнае, і, такім чынам, адмяніла рашэньне суду. Але Мікола Статкевіч, які ўсе 10 сутак правёў у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку, так і не дачакаўся нават прабачэньня з боку праваахоўчых ворганаў.

Пасля азнаямленьня з абвінавачаньнем лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч паведаміў радыё “Свабода”:

(Статкевіч: ) “Сьледчы не хаваў, што ён вельмі сьпяшаецца, што перад ім пастаўленая задача да 14 сакавіка перадаць матэрыялы справы ў суд. Гэта зьвязана з наступнымі абставінамі.

Ну калі такую сытуацыю, што матэрыялы перададзеныя ў суд 14-га, і там справа, як кажуць, ужо выдзеленая ў асобную, і потым 15 сакавіка ці на наступнай дэманстрацыі мне зноў прад’явяць абвінавачаньне, гэта будзе справа ўжо асобная. Яны ня могуць быць зьведзеныя ў адну. Па першай справе працэс ідзе, і потым мне, напрыклад, даюць два гады ўмоўна па першай справе, а потым па другой справе – штраф. Дык вось пры такіх абставінах, два ўмоўна ператвараюцца ў два гады сапраўднага зьняволеньня. Я не хаваю, што я чакаў і плянаваў, што напярэдадні Марша Свабоды-2 улады гэта зробяць. Але, безумоўна, гэта не паўплывае на мае паводзіны, на маю пазыцыю, і я пляную ўзяць удзел у Маршы Свабоды-2 і ў астатніх масавых акцыях апазыцыі”.

Гаварыў лідэр “Народнай Грамады” Мікола Статкевіч.

Крымінальныя справы Міколы Статкевіча і Валерыя Шчукіна будуць разглядацца разам напачатку красавіка ў гарадзкім судзе Менску. А крымінальныя справы маладафронтаўцаў Германа Сушкевіча, Глеба Догіля і Андрэя Валабуева – напрыканцы сакавіка.

Любоў Лунёва, Менск

XS
SM
MD
LG