Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Грамадзкі дыялёг, што праводзіцца паводле ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, апошнім часам падзяліўся як бы на дзьве плыні. Першая распачалася паседжаньнем прадстаўнікоў 12 грамадзкіх арганізацыяў 1 сакавіка. Другая – нефармальнымі перамовамі паміж прадстаўнікамі ўлады і Кансультацыйнае Рады апазыцыйных партыяў пры пасярэдніцтве эўрастуктураў 3 сакавіка.

6 сакавіка Кансультацыйная Рада апазыцыйных палітычных партыяў разгледзела пытаньне пра стаўленьне да грамадзкага дыялёгу, што арганізуецца прэзыдэнцкай адміністрацыяй. Як паведаміў намесьнік старшыні Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Аляксандар Дабравольскі, было прынятае рашэньне пакуль не выказваць ніякіх адносінаў да гэтага працэсу, а даручыць кіраўніком чатырох экспэртных групаў увайсьці ў кантакт з адміністрацыяй прэзыдэнта і высьветліць тры асноўныя пытаньні: пра што дыялёг, зь кім і паводле якіх правілаў?

У прыватнасьці, сваю гатоўнасьць неадкладна сустрэцца з прадстаўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігарам Велічанскім выказаў кіраўнік экспэртнай групы па працэдуры Юры Хадыка. Тым ня менш, як зазначае Аляксандар Дабравольскі, галоўны падыход апазыцыі застаецца нязьменным – дыялёг не замяняе перамоваў. Тым больш, што пакуль яна ня мае базавай інфармацыі, што такое гэты грамадзкі дыялёг.

Тым часам, дыялёг, у якім удзельнічае шэраг ляяльных уладзе грамадзкіх арганізацыяў, і які пакуль ігнаруюць палітычныя партыі, паступова абрастае бюракратычнымі фармальнасьцямі. Па-першае, новым куратарам гэтай акцыі прызначаны першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Русакевіч. Па-другое, 6 сакавіка сталі вядомыя вынікі арганізацыйнага паседжаньня ўдзельнікаў дыялёгу, праведзенага супрацоўнікам прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігарам Велічанскім. Яны аформленыя ў пратакол № 1, у якім фіксуецца стварэньне інцыятыўнае групы. Пратакол ўжо разасланы па розных арганізацыях. Галоўным пунктам дакумэнту зьяўляецца рашэньне аб стварэньні Групы інфармацыйна-аналітычнай падрыхтоўкі, у скароце – ГІАП. У гэтую групу павінны ўвайсьці прадстаўнікі дзяржаўных і незалежных аналітычных цэнтраў, яна атрымае тэхнічны пэрсанал і прэсавага скаратара. Функцыямі ГІАП павінна стаць абагульненьне прапановаў ад палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, замежных арганізацыяў…

Калі нейкія партыі і арганізацыі жадаюць браць удзел у прыняцці канкрэтных рашэньняў, то павінны накіраваць сваіх прадстаўнікоў у экспэртныя групы і той самы ГІАП. Прапануецца ўсім зацікаўленым бакам вызначыць першачарговыя праблемы для абмеркаваньня, усяго 5-6 тэмаў. Разам з тым, у пратаколе прызнаецца, што галоўнай тэмай для абмеркаваньня прызнаны Выбарчы кодэкс, асобныя палажэньні якога могуць быць зьмененыя. Тэрмін падачы адпаведных прапановаў абмяжоўваецца сярэдзінай сакавіка.

Што датычыцца новых сустрэчаў за “круглым сталом“ прадстаўнікоў апазыцыі і прэзыдэнцкай адміністрацыі, аналягічных той, што адбылася ў мінулую пятніцу, калі ў Менску знаходзілася парлямэнцкая тройка з Эўропы, то на гэты конт пэўнай інфармацыі ў партыйных лідэраў і прэзыдэнцкай адміністрацыі пакуль няма.

Валер Каліноўскі, Менск

XS
SM
MD
LG