Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Загінуў Мікола Ермаловіч. У нашых слухачоў гэтае імя асацыюецца зь пераваротам ў гістарычнай сьвядомасьці нацыі ды нацыянальнай гістарычнай навуцы ХХ стагодзьдзя.

У суботу каля 11-й гадзіны раніцы ён выйшаў са свайго дому, каб забраць на пошце газэты. Трэба было перайсьці праз вуліцу Рафіева. У гэты момант неслася таксі… Хуткая дапамога прыехала амаль адразу. Яшчэ суткі ён, зьнявечаны, але прытомны, жыў у шпіталі.

У нядзелю а 10-й раніцы Міколы Ермаловіча ня стала. І ніхто пра гэта ня ведаў. Устрывожаная тым, што бацька не адказвае на ейныя званкі, у Менск з Маладэчна прыехала дачка Алена. І толькі тады, позьнім нядзельным вечарам, трагічная навіна дайшла да сяброў, аднадумцаў, прыхільнікаў гэтага надзвычайнага чалавека.

Мастак Уладзімер Крукоўскі быў апошні, хто браў інтэрвію ў Міколы Ермаловіча. Яно надрукаванае ў мінулым нумары газэты “Наша Ніва”. Там жа зьмешчаны і ягоны апошні прыжыцьцёвы здымак. Якраз з нагоды гэтых публікацыяў яны й размаўлялі напярэдадні трагічнага здарэньня…

(Крукоўскі: ) “Хто быў для мяне Ермаловіч у пляне маёй нацыянальнай сьвядомасьці(і ня толькі маёй)? Ён быў для мяне духовым бацькам. Зрабіў ён вельмі шмат, вельмі шмат. Для нас усіх. Мы зараз, можа быць, і не ўсьведамляем, наколькі шмат ён зрабіў для нашай нацыі”.

На кнігах Міколы Ермаловіча нацыянальна выхаваліся сотні й тысячы беларусаў. Але кнігі несавецкага гісторыка Ермаловіча ў савецкай Беларусі ня толькі немажліва было надрукаваць афіцыйна, але нават публічна прызнацца ў існаваньні падобных думак было небясьпечна.

Галоўная “крамола” палягала ў неаспрэчных доказах Ермаловіча факту тысячагадовае гісторыі беларускае дзяржаўнасьці ў той час, калі савецкія гісторыкі ўсьлед за расейскімі дваранскімі сьцьвярджалі, што Беларусь пачалася толькі ў 1919 годзе. І тады на дапамогу прыйшоў самвыдат. Падпольны, зразумела.

Упершыню вынікі сваіх самастойных гістарычных росшукаў Мікола Ермаловіч пачаў зьмяшчаць на старонках рукапіснага самвыдавецкага часапісу “Падсьнежнік”. Было гэта ў 1963 годзе. Выйшла ўсяго чатыры нумары. Артыкулы “Падсьнежніка” аформіліся ў першую кнігу – “Па сьлядах аднага міфа”, якая хадзіла па руках ў самвыдавецкім варыянце да 1989 году.

Новыя вынікі сваіх гістарычных росшукаў Мікола Ермаловіч пачаў друкаваць у 1975 годзе на старонках самвыдатаўскага альманаху “Гутаркі”. Жывучы ў Маладэчне, ён кожны дзень езьдзіў у Нацыянальную бібліятэку краіны ў Менск. Аддрукаваныя на друкарцы ў Маладэчне матэр’ялы ён перадаваў для памнажэньня ў Менску мастаку Яўгену Куліку. Кожны тыдзень зьяўляўся новы нумар “Гутарак”, які імгненна перамнажаўся ды падпольна распаўсюджваўся.

Усяго было выдадзена каля 50 нумароў. Артыкулы “Гутарак” у дапоўненым варыянце склалі першыя разьдзелы новае кнігі Міколы Ермаловіча “Старажытная Беларусь”. Выдадзеная напачатку 90-х, яна была адзначаная Дзяржаўнай прэміяй ужо незалежнай Беларусі.

Тады ж Мікола Ермаловіч страціў свайго адзінага памочніка – жонку Лідзію. Для амаль невідушчага дасьледніка яна была ў літаральным сэнсе вачыма. У сваім апошнім інтэрвію спадар Ермаловіч сказаў, што “Старажытная Беларусь” для яго заўсёды будзе ў жалобнай рамцы. Калі часопіс “Маладосьць” пачаў яе друкаваць, дык дзён за дзесяць да выхаду першага ўрыўку памерла ягоная маці, а перад заканчэньнем друку памерла жонка.

Гэтымі днямі Мікола Ермаловіч чакаў выхаду поўнага выданьня “Старажытнае Беларусі”. У выдавецтве “Беллітфонд”, які ўзяўся за гэтую кнігу, мне сказалі, што вось-вось яна пабачыць сьвет. Жалобную рамку вакол прозьвішча аўтара выдаўцы ўжо, пэўна, зрабіць не пасьпеюць.

Валянціна Аксак, Менск

Разьвітаньне зь Міколам Ермаловічам адбудзецца заўтра, 7 сакавіка, у Менскім доме літаратара ад 10-й да 12-й гадзіны. Пахаваны ён будзе ў Маладэчне побач з жонкаю.

Апошні запіс Міколы Ермаловіча - сёньня ў рубрыцы "Галасы тагодзьдзя".

XS
SM
MD
LG