Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 4 сакавіка)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Падзеі, што адбыліся на апошнім тыдні ў фінансавай сыстэме, засьведчылі далейшае паглыбленьне эканамічнага крызысу. Найперш гэтае падвышэньне Нацыянальным банкам стаўкі рэфінансаваньня аж да 175 адсоткаў гадавых (у разьліку на месяц амаль да 15 адсоткаў). Яно нібыта скіраванае на зьмяншэньне грошай у сфэры абарачэньня й тым павінна аслабіць інфляцыю. Але рэальна, калі адміністрацыйным чынам блякуецца рынкавы мэханізм, то гэта вядзе толькі да скарачэньня крэдытаваньня інвэстыцыяў, якіх і так бракуе, з усімі нэгатыўнымі наступствамі.

Улады самі сякуць сук, на якім сядзяць. А затым, калі ляцяць долу, пасьпешліва шукаюць выйсьце. Прыкладам гэтага ёсьць празьмернае мыта на замежныя перавозкі. Перавозчыкі з Расеі ды іншых краінаў пачалі аб’яжджаць Беларусь. Справа дайшала да таго, што нават Беларуская асацыяцыя міжнародных перавозчыкаў адмовілася апошнім часам ад 880 аўтамабіляў, якія арандавала па лізінгу, бо не магла выкупіць іх з-за прычыны высокага мыта. Гадавыя страты казны (ад перавозчыкаў не паступяць ані мыта, ані падаткі) – складаюць ажно 100 мільёнаў нямецкіх марак.

Згубнасьць фінансавае палітыкі праявілася і ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі № 100 “Аб некаторых пытаньнях абавязковага продажу замежнае валюты”. Як вядома, улады ня раз заяўлялі пра перавагу стымуляваньня вонкавага гандлю. А паводле згаданага ўказу экспартэры мусяць дадаткова прадаваць апроч раней вызначанаых 30 адсоткаў яшчэ 10 адсоткаў валютнае выручкі на працягу бліжэйшых двух месяцаў. Мэта зразумелая: набліжаецца сяўба, патрэбна паліва. А вось сродак яе дасягненьня – ёсьць ударам па экспартэрах.

А як адшукваюцца сродкі на жыльлёвае будаўніцтва? Паводле ініцыятывы новага выканальніка абавязкаў кіраўніка ўраду Ўладзімера Ярмошына будзе створаны адмысловы жыльлёва-інвэстыцыйны фонд кшталту фонду падтрымкі сельскагаспадарчае вытворчасьці. Вядома, коштам адлічэньня ад грашовае выручкі ўсё той жа прамысловасьці.

Адносна такога выйсьця прынцыповых спрэчак ва ўрадзе не было. Спрачаліся, колькі адлічваць – 1 адсотак ці 0,5 адсоткі. Хутчэй за ўсё, будзе ўсталяваная паўадсоткавая стаўка. Але й гэта нямала. Бо ў грашовую выручку прадпрыемства ўваходзіць і амартызацыя, і заробкі, і прыбытак, і кошты сыравіны. І атрымліваецца, як заўсёды: ратуем адно, а губім другое.

Дапушчаныя ў фінансавай ды валютнай палітыцы памылкі хоць часам і ўсьведамляюцца, але выпраўляюцца неахвотна й марудна. Так, апошнім часам стаў больш прыкметна зьніжацца афіцыйны валютны курс рубля. Дзесь на 1,5-2 рублі за дзень, але рух да адзінага валютнага курсу йдзе вельмі марудна. І на 4 сакавіка афіцыйны валютны курс удвая вышэйшы за рынкавы.

Уладзімер Кулажанка, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG