Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Вяртаньнем да першапачатковага фармату, які быў вызначаны летам 1999 году Рабочай групаю ў Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, можна лічыць “круглы стол”, праведзены парлямэнцкай “тройкаю” 3 сакавіка ў Менску. За адным сталом побач з прадстаўнікамі ўладаў і апазыцыі былі й сябры некалькіх няўрадавых арганізацыяў.

Паводле ініцыятывы парляменцкай “тройкі”, за “круглым сталом” павінныя былі сабрацца 18 чалавек: па 6 ад уладаў, апазыцыі і няўрадавых арганізацыяў, прычым апошніх на парытэтных асновах маглі запрашаць як улады, гэтак і апазыцыя. Аднак апазыцыя дэманстратыўна паказала незадаволенасьць такім фарматам і прынцыпова аддала свае тры месцы замест няўрадавых арганізацыяў кіраўнікам экспэртавых групаў Каардынацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

У свой час апазыцыя здолела пераканаць АБСЭ ў тым, што няўрадавыя арганізацыі толькі перашкаджаюць яе наўпроставаму дыялёгу з афіцыйнымі структурамі й пачалася праца на ўзроўні апазыцыі ды ўраду. Потым Лукашэнка заявіў пра “шырокі грамадзка-палітычны дыялёг”. І вось сёньня адбылося вяртаньне да першапачатковага “бухарэсцкага” фармату.

Пра ранг, а значыць, і пра паўнамоцтвы бакоў можна разважаць, аналізуючы склад урадавае дэлегацыі: сябры лукашэнкавай “Палаты прадстаўнікоў” Красуцкі й Жушма, загадчык аддзелу лукашэнкавай адаміністрацыі Велічанскі й намесьнік кіраўніка ўправы Міністэрства замежных справаў Грамовіч.

Чамусьці не зьявіліся Посахаў і Катляроў, аднак і іхныя пасады ў Выканаўчым камітэце СНД і той жа лукашэнкавай “палаце” не даюць падставы лічыць, што гэтыя людзі здольныя прымаць самастойныя рашэньні. Таму, на думку, да прыкладу, спадара Астапенкі з сацыял-дэмакратычнае партыі, безсэнсоўна абмяркоўваць праблемы з тымі, хто ня мае паўнамоцтваў. Дарэчы, разам з Астапенкам апазыцыю прадстаўлялі Беленькі й Вячорка (дзьве Партыі БНФ), Кароль (“Народная Грамада”), Лябедзька (АГП), Маркевіч (Лібэрал-дэмакратычная партыя).

Юрась Беленькі разглядае вынікі “круглага сталу” вельмі пэсымістычна:

(Беленькі: ) “Я вельмі добра ведаю Лукашэнку яшчэ па Вярхоўным Савеце. Ну і апошнія гады ягонагна кіраваньня ў Беларусі гэта пацьвярджаюць. Чалавек не прызнае ніякіх саступак, ён прызнае толькі сілу. І калі нейкія крокі ім зробленыя, нават такія, скажам, гіпатэтычныя, дык гэта крокі нейкага пляну – як было ў 96 годзе, калі ім была зробленая прапанова пачаць працэс дапрацоўкі канстытуцыі, а скончылася канстытуцыйным пераваротам. Гэтак можа быць і сёньня. Магчыма робіцца спроба зацягнуць час, падвесьці грамадзтва да восені, а там проста ліквідаваць дзяржаўны сувэрэнітэт нашай краіны. Гэта адзін варыянт. Другі варыянт, я дапускаю, што ў сілу таго, што праблемы вельмі вялікія, і эканамічныя, і сацыяльныя ў нашай краіне, то ўлада нейкія крокі спрабуе рабіць, але ў сілу таго, што яна ніколі не вяла цывілізаваны дыялёг са сваімі апанэнтамі, яна проста ня можа гэта цывілізавана рабіць. Бо калі сёньня ацэньваць тое, што адбылося, дык відавочна, што ніякіх рэальных прапановаў урадавы бок ня даў. Гэта былі, звычайныя, скажам так, пасылкі да ўжо вядомых, раней зробленых заяваў і дакумэнтаў, а канкрэтных крокаў насустрач, якія потым маглі б рэалізавацца ў нейкія рэальныя дакумэнты і рэальныя вынікі, зроблена не было. Вы ж бачыце, які ўзровень людзей, якія прысутнічалі (я бяру ў вялікія двукосьсі) на “круглым стале”. Ён сапраўды быў круглым, але толькі паводле фізычнай формы, напэўна”.

У другой палове дня парлямэнцкая “тройка” мела сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра ейныя вынікі журналістам распавядуць на заключнай прэсавай канфэрэнцыі, якая ў гэты час, калі вы нас слухаеце, яшчэ не пачыналася.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG