Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Беларусь на адзін дзень прыехаў віцэ-прэм’ер расейскага ўраду, прадстаўнік прэзыдэнта Расеі ў Чачні Мікалай Кошман. Ён правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам і выканальнікам абавязкаў прэм’ера Ўладзімерам Ярмошыным.

Бліжэй да вясны, калі традыцыйна актывізуецца расейска-беларуская інтэграцыя, прадстаўнікі Расеі наведваюць Беларусь ўсё часьцей. Сёньня, акрамя Мікалая Кошмана, Менск наведаў і міністар нутраных справаў Расеі Ўладзімер Рушайла. Да таго ж, Кошман прыехаў у Беларусь з вусным прывітаньнем Лукашэнку ад выканальніка абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Са свайго боку, Кошман дадаў, што Лукашэнка зьяўляецца першым кіраўніком дзяржавы, а Беларусь – першай краінаю, якая разумее ўсю складанасьць сытуацыі вакол Чачні.

Пад час візыту Мікалая Кошмана ў Беларусь абмяркоўваліся праблемы працы беларускіх будаўнікоў на аднаўленьні Чачні. Праўда, прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Зьміцер Жук паведаміў, што пад час сустрэчы Лукашэнкі з Кошманам гэтая праблема не абмяркоўвалася. Паводле словаў Жука, пытаньні ўдзелу беларускіх будаўнікоў у аднаўленьні Чачні, а таксама пастаўкі беларускіх прамысловых і спажывецкіх тавараў у Чачню абмяркоўваюцца на ўзроўні выканальніка абавязкаў беларускага прэм’ера Ўладзімера Ярмошына. Пра што на працягу некалькіх гадзінаў размаўлялі сам-насам Лукашэнка й Кошман, прэсавы сакратар ня ведае.

Дарэчы, пра магчымы ўдзел беларускіх будаўнікоў у аднаўленьні Чачні, як высьветлілася, ніхто нічога дакладна ня ведае. У Міністэрстве архітэктуры й будаўніцтва мне паведамілі, што гэтая тэма сёньня абмяркоўваецца ўпершыню, таму нічога дакладнага на гэты конт сказаць ня могуць. Ва ўрадавым дэпартамэнце будаўніцтва навогул пра такі праект ня чулі.

Трэба дадаць, што заказы на аднаўленьне лічацца вельмі выгоднымі. Гэта гарантаваная праца і яе гарантаваная аплата зь бюджэту. Але калі ўлічваць асаблівыя стасункі паміж Расеяй і Беларусьсю, то сыстэмы разьлікаў могуць быць самымі фантастычнымі. Аднак, паводле меркаваньня адмыслоўцаў, наўрад ці магчыма, што за гэтую працу Расея даруе Беларусі ейную запазычанасьць.

Ганна Навумовіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG