Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 2 сакавіка)
У офісе Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску прайшла сустрэча эўрапейскае парлямэнцкае “тройкі” з Каардынацыйнай радаю апазыцыйных партыяў. Галоўнай тэмаю размовы стала верагоднасьць удзелу апазыцыянэраў у дыялёгу з уладаю.

Дзьве з паловаю гадзіны за зачыненымі для прэсы дзьвярыма працягвалася сустрэча эўрапейскіх чыноўнікаў зь сябрамі Каардынацыйнае рады апазыцыйных партыяў.

Для некаторых беларускіх удзельнікаў спатканьня падалася занадта моцнай тая настойлівасьць, зь якой эўрапейскія пасярэднікі падштурхоўваюць апазыцыю да дыялёгу з уладамі. Як распавёў мне адзін з удзельнікаў сустрэчы, асабліва зьбянтэжыў беларускіх палітыкаў выступ старшыні палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы брытанскага лейбарыста Тэры Дэвіса.

Спадар Дэвіс, як сьцьвярджаюць удзельнікі размовы, крытыкаваў беларускую апазыцыю за вулічную актыўнасьць, якая, на ягоную думку, ні да чаго не прыводзіць. Сярод іншых эўрапейскіх пасланьнікаў ён найбольш актыўна заклікаў апазыцыю да ўдзелу ў дыялёгу з уладамі. Тут, праўда, варта адзначыць, што спадар Дэвіс першы раз прыехаў у Беларусь, і яшчэ толькі знаёміцца зь мясцовымі палітычнымі рэаліямі.

Зрэшты, удзельнікаў перамоваў зь беларускага боку й так ужо крытыкуюць за тое, што яны занадта шмат распавядаюць прэсе канфідэнцыйных дэталяў. Так што паслухаем інфармацыю зь першых вуснаў.

Вось што сказаў у эксклюзыўным інтэрвію для нашага радыё кіраўнік групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын…

(Севярын: ) “Нашае пасланьне вельмі зразумелае. Па-першае, яны павінны браць удзел у палітычным дыялёгу, любым дыялёгу, пакольку дыялёг лепей за яго адсутнасьць. Іншы шлях – гэта шлях гвалтоўнай канфрантацыі, і гэты шлях не падыходзіць. Гэта шлях адхіленьня, няўдзелу, і я ня думаю, што можна параіць выбраць гэты шлях адхіленьня ад барацьбы за дэмакратыю і правы чалавека. Прынамсі, мы не збіраемся гэтага раіць.

Таму, я думаю, яны – беларуская апазыцыя – павінны пачаць любую форму дыялёгу, а потым спрабаваць ператварыць яго з безсэнсоўнага ў маючы сэнс, з аморфнага – у структурны дыялёг. Гэта лепшае з таго, што можа быць нам дадзенае”.

(Карэспандэнт: ) “Ці азначае гэта, што эўрапейская “тройка” гатовая пайсьці на зьмену фармату, раней вызначанага для правядзеньня перамоваў?”

(Севярын: ) “Зусім не. Нашыя мэты застаюцца нязьменнымі. Мая парада наступная – стратэгічная трываласьць і тактычная гнуткасьць. Тактычна мы мусім быць гнуткімі, але стратэгічныя мэты пры гэтым ня мусяць забывацца. Але, я думаю, мы павінны гаварыць ня толькі пра апазыцыю, мы павінны заклікаць у той жа час і ўрад, нагадваючы зноў нашыя мэты, нашыя падыходы і іхныя забавязаньні”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вы чакаеце нейкія станоўчыя вынікі ад магчымай заўтрашняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам?”

(Севярын: ) “Што ж, калі б я не чакаў станоўчых вынікаў, я б ня быў тут. Калі вы ўвязаліся ў гульню, вы мусіце гуляць па гэтых правілах, і спадзявацца на пэўныя вынікі. Гэта тое, пра што я гаварыў апазыцыйных лідэрам сёньня, і гэта той спосаб паводзінаў, якога я прытрымліваюся”.

Гэта было інтэрвію нашаму Радыё кіраўніка групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына.

Я запытаў у беларускіх удзельнікаў размовы, ці ўбачылі яны што-небудзь новае ў пазыцыі эўрапейскіх пасланьнікаў у параўнаньні з мінулымі сустрэчамі. Гаворыць намесьнік старшыні Беларускае Сацыял-дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Аляксей Кароль…

(Кароль: ) “Прынцыпова новым было зьвязана абвешчаньне Лукашэнкам шырокага грамадзкага дылёгу, які, як і саму прапанову, апазыцыя расцэньвае як спробу падмяніць гэтым шырокім грамадзкім дыялёгам перамоўны працэс, падмяніць самі перамовы. Прынцыповая пазыцыя апазыцыі – такая падмена не павінна адбыцца. Дыялёг, гэта не падмена перамоваў. Мы б лічылі, каб паралельна з дыялёгам ішлі і былі распачатыя перамовы”.

Гэта было меркаваньне Аляксея Караля.

Я запытаў у кіраўніка Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, як паўплывала на пазыцыю парлямэнцкае “тройкі” прапанова Аляксандра Лукашэнкі аб правядзеньні гэтак званага “дыялёгу” ўлады з грамадзтвам? Ці ня можа цяпер у вачох эўрапейскіх структураў дыялёг замяніць перамовы? Гаворыць Вінцук Вячорка…

(Вячорка: ) “Ёсьць прынцыповае адрозьненьне (яно лінгвістычнае і мэнтальнае) у тым, што пад дыялёгам разумеюць эўрапейскія структуры, і што разумеем мы, з аднаго боку (мне здаецца, мы аднолькава зь імі разумеем), і тое, што разумее лукашэнкаўскі рэжым. Для лукашэнкаўскага рэжыму пад словам дыялёг разумеецца нейкі чарговы спэктакаль. Няважна, ці ён адбываецца ў залі, ці ён адбываецца на тэлевізіі. Мы ж разумеем дыялёг, як нармальны стан грамадзтва, калі няма палітычных вязьняў, калі не баісься быць арыштаваным, калі дзяржаўныя і недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі маюць роўныя магчымасьці – і юрыдычныя, і падаткавыя, і фінансавыя. Калі на дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі трапляюць розныя думкі, і якія пры гэтым не цэнзуруюцца. Вось у гэтым сэнсе, калі дэкляруецца пачатак атмасфэры дыялёгу – гэта даводзіцца толькі вітаць, але пакуль што, здаецца, аб гэта рэжыму ня йдзецца”.

Гэта было меркаваньне Вінцука Вячоркі. Застаецца дадаць, што заўтра мусіць адбыцца гэтак званая сустрэча 18-ці, на якую ўскладаюцца пэўныя спадзяваньні. Зь ініцыятывы эўрапейскіх пасланьнікаў за адзін стол сядуць па 6 прадстаўнікоў апазыцыі, ураду й грамадзкіх арганізацыяў. Пасьля гэтага павінна адбыцца сустрэча парлямэнцкае “тройкі” з Аляксандрам Лукашэнкам.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG