Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Працягваем падаваць зьмест беларускага падразьдзелу ў справаздачы Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША за 1999-ы год аб сытуацыі з правамі чалавека ў сьвеце. Сёньня – другая частка агляду, прысьвечаная грамадзянскім правам.

У першым разьдзеле гэтай часткі, які мае назву “Свабода слова й друку” адзначаецца, што гэтыя канстытуцыйныя правы грамадзянаў таксама парушаюцца ўладамі на практыцы. Ціск на незалежную прэсу ёсьць часткай агульнай палітыкі ціску супраць апазыцыі. Беларускія ўлады працягвалі ў 99-м годзе практыку абмежаваньня правоў недзяржаўнай прэсы й матэрыяльнай падтрымкі манапалізаваных дзяржавай сродкаў масавай інфармацыі, а таксама пазбаўленьне акрэдатыцыі журналістаў за крытыку рэжыму.

2 сакавіка праваахоўчыя ворганы Ленінскага раёну Горадні ўзбудзілі сьледзтва супраць мастака Аляксея Сурава ў сувязі з “абразай гонару й годнасьці” вышэйшых прадстаўнікоў дзяржаўнай улады. Сьледзтва было распачатае на падставе зьяўленьня невялічкага буклету з карыкатурамі Сурава на Аляксандра Лукашэнку. Быў праведзены ператрус Тэатру лялек, дзе працуе Сураў. Пазьней мясцовы пракурор пастанавіў спыніць справу.

14 кастрычніка міліцыя ў Менску затрымала на 5 гадзінаў 13-гадовага Рамана Шкора, які распаўсюджваў улёткі напярэдадні апазыцыйнай дэманстрацыі. Улёткі былі канфіскаваныя.

7 лістапада міліцыя ў Барысаве часова затрымала сябру Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Алесю Ясюк пасьля таго, як яна разгарнула бел-чырвона-белы сьцяг

17 сьнежня 1998 Аляксандар Лукашэнка падпісаў папраўкі да Закону аб друку ды іншых сродках масавай інфармацыі Беларусі. У адпаведнасьці са зьменамі ў законе забаронена распаўсюджваць інфармацыю ад імя палітычных партыяў, прафсаюзаў і няўрадавых арганізацыяў, калі яны незарэгістраваныя Міністэрствам юстыцыі.

Незалежныя выданьні шырока даступныя ў Менску, аднак па-за межамі сталіцы, у большасьці гарадоў выходзяць толькі мясцовыя газэты, і толькі лічаныя зь іх – незалежныя.

Летась 17 лютага дзяржаўны камітэт друку папярэдзіў шэсьць незалежных выданьняў – газэты “Навіны”, “Народная воля”, “Белорусская деловая газета”, “Имя”, “Згода” і “Пагоня” – аб магчымасьці іхнага закрыцьця за публікацыю абвестак апазыцыі аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў у сувязі з заканчэньнем пяцігадовага тэрміну ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

13 траўня Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі адхіліў скаргі названых газэтаў аб незаконнасьці вынесенага папярэджаньня.

26 травеня Дзяржаўны камітэт друку вынес паўторнае папярэджаньне газэце “Навіны” за публікацыю артыкулу, у якім, паводле сьцьверджаньня камітэту, “распальваецца сацыяльная варожасьць” і ўтрымліваецца паклёп на супрацоўнікаў міліцыі.
24 чэрвеня Дзяржаўны камітэт друку вынес паўторнае папярэджаньне газэце “Имя” за публікацыю пра Аляксандра Лукашэнку.

24 верасьня газэта была абвінавачаная ў паклёпе на сакратара Рады бясьпекі Беларусі Віктара Шэймана. Газэта і аўтар публікацыі пра Шэймана былі аштрафаваныя на агульную суму 30 тысячаў даляраў ЗША, што прывяло да банкруцтва газэты.

26 кастрычніка падатковыя ворганы апісалі асбістую маёмасьць выдаўца газэты “Навіны” Паўла Жука.

30 верасьня Дзяржаўны камітэт друку ануляваў рэгістрацыю 9-незалежных выданьняў, у тым ліку газэты “Навіны” на той падставе, што гэтыя выданьні не адзначылі ў дакумэнтах зьменаў сваіх адрасоў.

У справаздачы прыводзяцца шматлікія факты дзеяньняў уладаў супраць журналістаў

Так, 7 красавіка карэспандэнт газэты “Навіны” Алег Грузьдзіловіч быў пакліканы на суразмову ў КДБ, якая цягнуўся некалькі гадзінаў, у сувязі з публікацыяй артыкулу пад назвай “Сакрэтны плян дзеяньняў супраць апазыцыі”.

22 ліпеня міліцыя правяла ператрус у газэце “Имя”, пасьля чаго неўзабаве быў праведзены допыт галоўнага рэдактара газэты Ірыны Халіп. Менская пракуратура ўзбудзіла супраць яе крымінальную справу ў сувязі з публікацыяй артыкулу аб карупцыі ў вышэйшых колах улады.

11 жніўня міжнародная арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” абвесьціла Беларусь ворагам Інтэрнэту ў сувязі з тым, што яе грамадзяне ня маюць магчымасьці свабодна карыстацца глябальным Сецівам. Некалькі афіцыйных правайдэраў у Беларусі прыктычна кантралююца дзяржавай. Дзякуючы дзяржаўнай манаполіі, падтрымліваюцца высокія кошты на Інтэрнэт-паслугі ды электронную пошту.

Віталь Тарас, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG