Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Несанкцыянаваны пікет ля будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі ў Менску зарганізавалі сёньня трое маладых апазыцыянэраў. Цімох Дранчук, Філіп Клікушын і Леанід Малахаў патрабавалі ад Аляксандра Лукашэнкі вярнуць Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку і Анатоля Красоўскага. Прадстаўнікамі службы бясьпекі былі затрыманыя як пікетоўцы, гэтак і трое журналістаў, у тым ліку й карэспандэнт “Радыё Свабода”.

Пікет быў прымеркаваны да гадавіны арышту й галадоўкі Віктара Ганчара. Вядомага палітыка тады зарыштавалі на 10 сутак за падрыхтоўку да альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. Перад пачаткам акцыі адзін зь ейных удзельнікаў – 18-ці гадовы Цімафей Дранчук так патлумачыў мэту пікету:

(Дранчук: ) “Год таму, менавіта першага сакавіка, Віктара Ганчара арыштавалі, катавалі ў спэцразьмеркавальніку на Акрэсьціна, таму сапраўды гэтая акцыя вельмі сымбалічная. Год таму ён найбольш сур’ёзна сутыкнуўся з рэжымам, яго дзесяць сутак катавалі ў турме, ён ня здаўся. Таму яго вырашылі зьнішчыць іншым чынам, больш радыкальным,”

– паведаміў Цімафей Дранчук.

Удзельнікі пікету таксама заявілі, што не баяцца магчымых рэпрэсіяў з боку ўладаў, бо ня хочуць жыць у краіне, дзе бязьсьледна зьнікаюць людзі. Пікетоўцы распаўсюдзілі заяву, у якой выказваюць занепакоенасьць лёсам зьніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі й Анатоля Красоўскага, зьняволеных дэпутатаў Андрэя Клімава і Ўладзімера Кудзінава. У заяве таксама гаворыцца пра загадкавыя сьмерці Генадзя Карпенкі й лідэра прапрымальніцкага прафэсійнага саюзу Арнольда Пячэрскага.

Несанкцыянаваны пікет працягваўся ўсяго некалькі хвілінаў. Пікетоўцы толькі пасьпелі разгарнуць плякат з надпісам “Лукашэнка! Вярні Ганчара, Захаранку й Красоўскага!”, як да іх падбег супрацоўнік службы бясьпекі Лукашэнкі. Ён спрабаваў забраць у пікетоўцаў транспарант і перашкаджаў фотакарэспандэнту здымаць акцыю.

Потым ахоўнік выклікаў па рацыі падмогу. Зьявіліся яшчэ некалькі супрацоўнікаў службы бясьпекі ў цывільным, якія затрымалі пікетоўцаў, а таксама карэспандэнта інфармацыйнай агэнцыі “БелаПАН” Руслана Бацянкова, фотакарэспандэнта агэнцыі “Reuters” Васіля Фядосенку і аўтара гэтага рэпартажу й даставілі ў міліцэйскі пастарунак.

На нашыя пратэсты й патрабаваньні растлумачыць прычыну затрыманьня прадстаўнікі спэцслужбы не рэагавалі. Яны таксама адмаўляліся назваць свае прозьвішчы й пасады. Толькі адзін, самы старэйшы, якога астатнія называлі “Антонавічам”, заявіў мне, каб не пратэставаў і сеў у крэсла, дадаўшы пры гэтым, што, маўляў, “у вас там, на “Свабодзе”, павінны ведаць, дзе можна знаходзіцца, а дзе – не”.

Прадстаўнікі службы бясьпекі Лукашэнкі паводзілі сябе ў пастарунку па-гаспадарску, аддавалі каманды міліцыянтам і г.д. Тыя, у сваю чаргу, апраўдваліся перад журналістамі, маўляў “мы да вас аніякіх прэтэнзіяў ня маем, але ж і вы нас зразумейце”.

Нарэшце, праз гадзіну прэзыдэнцкія ахоўнікі вырашылі нас адпусьціць, папярэдне загадаўшы міліцыянтам перапісаць дадзеныя журналісцкіх пасьведчаньняў. На разьвітаньне “Антонавіч” цынічна заявіў, што нас ніхто не затрымліваў, і ўвогуле, мы “прыйшлі ў пастарунак самі”.

А ўдзельнікаў пікету ў пастарунку трымалі больш за тры гадзіны, склалі на іх пратаколы і ўжо зьбіраліся адвезьці ў суд, але тыя запатрабавалі адвакатаў. Прэзыдэнцкія ахоўнікі былі вымушаныя выпусьціць апазыцыянэраў на свабоду. Суд над імі адбудзецца ў пятніцу. Вось як пракамэнтаваў такое нечаканае вызваленьне Цімох Дранчук:

(Дранчук: ) “Мне здаецца, што зараз вось нейкі такі пэрыяд, што Лукашэнка ўсё ж спадзяецца на нейкі дыялёг з апазыцыйнымі палітыкамі. Яны яму ўжо далі адмову, і таму сваімі радыкальнымі дзеяньнямі ён ня хоча яшчэ раз перакрэсьліць свае ж намаганьні наладзіць перамовы”.

Гэта быў адзін з арганізатараў сёньняшняга несанкцыянаванага пікету ля адміністрацыі Лукашэнкі Цімох Дранчук.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG