Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Амаль кожны другі беларус гатовы галасаваць за Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, калі б яны адбыліся сёньня. Але пры гэтым амаль кожны чацьверты гатовы ўзяць удзел у акцыях пратэсту супраць пагаршэньня жыцьця. Менш як пяць адсоткаў хочуць, каб Беларусь стала суб’ектам Расейскае Фэдэрацыі, а на думку кожнага другога – ключавую ролю ў вырашэньні палітычнага канфлікту ў Беларусі мусяць адыграць самі беларусы.

Такія вынікі былі атрыманыя пад час агульнанацыянальнага сацыялягічнага апытаньня, якое правяла напрыканцы мінулага году дасьледная лябараторыя “НОВАК” пад кіраўніцтвам Андрэя Вардамацкага.

Сацыялягічныя апытанні дэманструюць надзвычайную ўстойлівасьць рэйтынгаў беларускіх палітыкаў. Пад час сьнежаньскага апытаньня лябараторыі “НОВАК” 45 адсоткаў апытаных выказалі гатоўнасьць галасаваць за Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, калі б яны адбыліся цяпер. Дакладна столькі ж было й пад час лістападаўскага апытаньня. Рэйтынгі іншых палітыкаў саступаюць лукашэнкаваму ў шмат разоў: Чыгіра хацелі б бачыць прэзыдэнтам 2,5 адсоткі апытаных, Шушкевіча – 2, Пазьняка – 1,5 адсоткі. У канцы сьпісу Вячорка – 0,2 адсотка, і Шарэцкі – 0,1.

Але прэзыдэнцкія рэйтынгі – не адзіны крытэрый стаўленьня да апазыцыі. Напрыклад, 44 адсоткі апытаных заявілі, што ўхвалілі б прадастаўленьне апазыцыі доступу да дзяржаўных мэдыяў, і толькі 28 адсоткаў выказаліся супраць.

Як высьветлілася, людзі даволі дасьведчаныя ў найбольш значных працэсах, што адбываюцца ў апазыцыйных шэрагах: кожны чацьверты адказаў, што ведае пра раскол у Беларускім Народным Фронце й пра тое, што лідэрам аднае з плыняў стаў Вінцук Вячорка. Гэта значна больш, чым, напрыклад, колькасьць тых, хто адказаў, што чытаў дамову аб утварэньні беларуска-расейскае “саюзнае дзяржавы” – такіх знайшлося 15 адсоткаў. А амаль кожны трэці прызнаўся, што ня толькі не чытаў, але й нават і ня чуў пра йснаваньне гэтага дакумэнту.

Стаўленьне беларусаў да аб’яднаньня з Расеяй застаецца вельмі супярэчлівым. На гіпатэтычным рэфэрэндуме аб аб’яднаньні ў адзіную дзяржаву гатовыя галасаваць “за” 46 адсоткі апытаных, і 35 адсоткаў – супраць. Але калі людзям прапануецца набор магчымых варыянтаў стасункаў паміж дзьвюмя краінамі, карціна мяняецца: толькі 4,5 адсоткі хочуць, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі; 11 адсоткаў выказваюцца за канфэдэрацыю, 48 адсоткаў – амаль палова – за тое, каб Беларусь і Расея заставаліся сувэрэннымі дзяржавамі, якія б шчыльна супрацоўнічалі, а 23 адсоткі – амаль кожны чацьверты – заявілі, што навогул супраць аб’яднаньня Беларусі й Расеі.

Пад час апытаньня ў рэспандэнтаў высьвятлялася, хто, на іхную думку, можа адыграць ключавую ролю ў вырашэньні канфлікту палітычных сілаў у Беларусі. 7 адсоткаў адказалі, што канфлікту навогул няма. Кожны дзясяты ўскладае спадзяваньні на тую ж Расею, 6 адсоткаў – на АБСЭ, 4 адсоткі – на Захад. Але палова – 51 адсотак – адказалі, што ключавую ролю ў гэтым адыграюць самі беларусы.

А як яны будуць вырашаць гэты канфлікт? 20 адсоткаў апытаных адзначылі, што ў мясцовасьці, дзе яны жывуць, цалкам магчымыя масавыя пратэсты супраць пагаршэньня жыцьця. І амаль кожны чацьверты заявіў, што, хутчэй за ўсё, возьме ўдзел у гэтых акцыях пратэсту, калі яны адбудуцца.

Юры Дракахруст, Менск

XS
SM
MD
LG