Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Рэгістрацыя Міністэрствам юстыцыі Беларусі Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ яшчэ больш заблытала сытуацыю ў спрэчцы паміж дзьвюма часткамі калісьці адзінага Беларускага Народнага Фронту. Цяпер у краіне існуюць дзьве партыі з аднолькавай назваю – “Партыя БНФ”.

Мы неаднаразова паведамлялі пра юрыдычныя аспэкты падзелу БНФ, які адбыўся яшчэ ў верасьні мінулага году. Рэгістрацыя Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ утварыла новую сытуацыю, якая, аднак, ня стала больш дакладнай і зразумелай.

Рэч у тым, што побач з поўнай назваю арганізацыі – (“Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя – БНФ”) зафіксаваная і скарочаная назва – “Партыя БНФ”. Разам з тым, менавіта пад такім назовам з 1993 году існаваў Беларускі Народны Фронт, які сёлета прайшоў перарэгістрацыю з новым лідэрам – Вінцуком Вячоркам. Як у БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі ўспрынялі рэгістрацыю новае палітычнай арганізацыі? Пра гэта кажа сябра Сойму Вера Чуйко, якая займаецца ў партыі праблемамі перарэгістрацыі.

(Чуйко: ) “Для нас была поўнай нечаканасьцю тая рэгістрацыя, якая адбылася 18 лютага, таму што літаральна напярэдадні мы атрымалі ліст зь Міністэрства юстыцыі аб тым, што ў мін’юсьце зараз дакумэнты дзьвюх партыяў з падобнай назвай. Маецца на ўвазе партыя БНФ. Дакладна там было сказана так: “Рашэньне ня можа быць прынятае”. Таму ўсё гэта выглядала дзіўна. Але з вусных маіх гутарак у мін’юсьце выцякала, што зарэгіструюць таго, хто першым падаў заяўку ці прэтэнзію на гэтую назву. І так атрымлівалася, што першымі падавалі свае дакумэнты КХП. Хаця магу сказаць дакладна, што калі ішла гаворка аб назве партыі БНФ, дык нават гэтыя паперы мы падалі раней”.

Гаварыла сябра Сойму БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі Вера Чуйко. Тым часам у Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ упэўненыя, што толькі яны маюць права прэтэндаваць на назву “Партыя БНФ”. “Пазьнякоўцы” называюць “вячоркаўцаў” ня йначай як “група грамадзянаў”. Гаворыць адказны сакратар управы Сойму Анатоль Крыварот:

(Крыварот: ) “Калі гэтая група грамадзянаў сфармуецца як партыя, будуць дачыненьні як зь іншай партыяй, такой як Аб’яднаная Грамадзянская партыя, БСДП. А калі людзі называюць сябе кіраўнікамі ці прадстаўнікамі партыі, якімі яны не зьяўляюцца, ну гэта разумееце, палітычная культура не зусім высокая ў гэтых грамадзянаў. Гэта мякка кажучы”.

– лічыць Анатоль Крыварот.

Вера Чуйко лічыць, што пытаньне аб правапераемнасьці не йснуе. Яна ўпэўненая, што БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі ня мусіць перарэгістроўвацца…

(Чуйко: ) “Спачатку давайце разьбярэмся са спадкаемствам. Мы, так бы мовіць, спрабуем дзяліць спадчыну нябожчыка, які жывы і працягвае дзейнічаць. Нішто ж не зьнікла. Партыя БНФ не зьнікла, і мы на ніякую спадчыну не прэтэндуем, таму што мы былі і ёсьць гэтай партыяй. Ніхто ж яе не забараняў. Яна існуе і менавіта з гэтай назваю. Таму гаварыць пра нейкае спадкаемства і пра тое, хто раней падаў… Таму і дзіўна, што органы юстыцыі прымаюць такое рашэньне. Яно знаходзіцца па-за межамі лёгікі”.

Некаторыя актывісты БНФ упэўненыя, што гэтым рашэньнем Міністэрства юстыцыі жадае зацягнуць у суды абодва Франты. Ці можа да гэтага дайсьці? Вось што кажа намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыіі БНФ Сяргей Папкоў…

(Папкоў: ) “Я хачу нагадаць, што мы неаднаразова зьвярталіся да гэтых грамадзянаў з прапановай нармальна вырашыць гэтыя праблемы, якія паміж намі ўзьніклі пры падзеле. Аднак да гэтага часу яны адказу не даюць. Яны ўзялі тэрмін на прадумваньне пытаньняў, якія мы задалі, але да гэтага часу ніякага адказу мы не атрымалі”.

Зрэшты, тут, як і ў кожным пытаньні, вячоркаўцы, напэўна, маюць сваю адрозную думку. Але пакуль ва ўзаемных звадах былыя палітычныя паплечнікі больш спадзяюцца на Міністэрства юстыцыі.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG