Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Расея спадзяецца ў хуткім часе закончыць апэрацыю ў Чачні. У міжчасе Масква адхіліла як прадузятую справаздачу Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША аб парушэньнях правоў чалавека ў Чачні. Аднак катаваньні і вымагальніцтвы у дачыненьні да вязьняў пацьвярджаюць усе тыя, хто прайшоў, у прыватнасьці, праз “фільтрацыйны лягер” ў Чарнакозаве. Сярод іх – карэспандэнт нашага Радыё Андрэй Бабіцкі.

Учора расейскае камандаваньне ў Чачні паведаміла пра захоп фэдэральнымі сіламі ключавой базы чачэнскіх сэпаратыстаў у вёсцы Шатой на поўдні рэспублікі. Паводле генэрала Трошэва, “бандыцкія фармаваньні разгромленыя”, і засталіся толькі невялікія групы, якія будуць працягваць партызанцкую вайну.

Дарэчы, аналітыкі ў гэтым не сумняюцца. Учора чачэнскія байцы атакавалі расейскія пазыцыі каля гораду Урус- Мартан на тэрыторыі поўнасьцю кантраляванай фэдэральнымі войскамі. У сувязі з гэтым Масква вырашыла паўстрымацца з вывадам сваіх сілаў з рэспублікі, якія зараз агулам налічваюць 90 тысяч вайскоўцаў.

Аднак, на думку генэрала, гэткім чынам шасьцімесячная, ваенная апэрацыя ў Чачні набліжаецца да канца. Фэдэральныя сілы хочуць зьнішчыць рэшткі чачэнскіх фармаваньняў як мага хутчэй, найпазьней да дня прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі 26-га сакавіка. Для Ўладзіміра Пуціна перамога у чачэнскай кампаніі роўназначная з выбарчай перамогай. Ягоныя дараднікі лічаць, што пасьля заканчэньня вайны паступова будуць сьціхаць міжнародныя пратэсты супраць гвалту ў Чачні, і нармалізуюцца адносіны з Захадам. Акрамя таго, з надыходам вясны адкрыліся б горныя пераходы для паставак зброі і папаўненьня шэрагаў байцоў.

Арганізацыя “Лекары за правы чалавека” апытала ў лягеры ў Інгушэтыі 326 чачэнскіх уцекачоў. Згодна іхным паказаньням, жахлівыя парушэньні правоў чалавека маюць месца у “фільтрацыйным лягеры” ў Чарнакозаве. Расейскія вайскоўцы жорсткімі мэтадамі спрабуюць прымусіць маладых чачэнцаў прызнацца да супрацоўніцтва з партызанамі. Сьведкі згодна паведамляюць пра сыстэматычныя катаваньні, згвалтаваньні і вымагальніцтва у дачыненьні да вязьняў.

Дарэчы, Андрэй Бабіцкі, які таксама быў зьняволены ў Чарнакозаве, пацьвердзіў пасьля свайго вызваленьня “садыстычныя” паводзіны лягерных ахоўнікаў. “Праз першыя тры дні майго знаходжаньня там зьбіцьцё вязьняў адбывалася круглыя суткі. Я ніколі ў жыцьці ня чуў такіх віскаў і енкаў,” – сказаў ён.

Аднак у панядзелак і аўторак групе замежных журналістаў было дазволена наведаць Чарнакозава. Генэрал Міхаіл Назаркін з Міністэрства юстыцыі Расеі паведаміў рэпартэрам, што ў дачыненьні да 80% затрыманых былі падазрэньні ў іхнай прыналежнасьці да ўзброеных фармаваньняў. Паводле генэрала, 452 чалавекі ўжо апраўдана і вызвалена. Аднак журналісты сустрэлі ў Чарнакозаве пяць жынчын, якія ня ведаюць, за што яны апынуліся ў лягеры. Іх абвінавачваюць ў дапамозе партызанам, а яны лічаць, што проста дапамагалі параненым.

У Чарнакозаве заходнія журналісты сьцьвердзілі, што ўмовы ўтрыманьня ў халодных камэрах цяжкія, але не пачулі і зьвестак пра нейкія лютасьці і гвалт. Усе вязьні заяўлялі, што іх ня бьюць і не ўжываюць у часе допытаў электраўдары. Адзін зь вязьняў сказаў, што пасьля таго, як у сьвет пайшла інфармацыя пра зьверствы ў Чарнакозаве, адміністрацыя і ахоўнікі пачалі адносіцца да вязьняў лепш. “З часу як сюды прыбыў, наступіла радыкальная зьмена да лепшага, і я удзячны за гэта,” – заявіў жыхар Грознага Махмаіл Ахар, які быў затрыманы два месяцы таму на кантрольна-прапускным пункце бяз пашпарту.

Аднак для журналістаў было відавочна, што лягер быў падрыхтаваны да іхнага прыезду. На лягерным панадворку яны ўбачылі нават палявы шпіталь, штопраўда, відавочна нядаўна ўсталяваны і бяз ніводнага пацыента. Зьняволеныя расказвалі пра абыходжаньне зь імі ў прысутнасьці ахоўнікаў. На адной з запісак, усунутых крадком у руку журналіста было напісана “Дапамажыце нам”. Калі аўтобус з журналістамі выяжджаў з лягеру, людзі спрабавалі прарвацца да журналістаў, але ахоўнікі не падпускалі іх.
Згодна адміністрацыі лягеру, зараз у ім знаходзяцца толькі 99-ць чалавек, хаця раней іх было звыш васьмісот. Сем’і зьняволеных паведамілі, што некалькі дзён таму сотні затрыманых былі вывезеныя адтуль, але ніхто ня ведае куды.

Масква далей не дазваляе назіральнікам з Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, а таксама зь Міжнароднага Чырвонага Крыжа наведаць Чачню для азнаямленьня з гуманітарнай сытуацыяй. Расея адкінула таксама прапанову АБСЭ прыступіць да перамоваў з прэзыдэнтам Чачні Асланам Масхадавым.

“Вы ня маеце ніякага права крытыкаваць нас за Чачню,” – заявіў прадстаўнікам АБСЭ ў Вене спецыяльны расейскі пасланік ў Чачні Мікалай Кошман. Прадстаўнікі Крамля Сяргей Ястржэмбскі назваў “фальсыфікацыяй году” відэа-стужку нямецкага журналіста, на якой расейскія вайскоўцы скідаюць растраляных чачэнцаў у масавую магілу. Правесьці міжнароднае сьледзтва у справе ваенных злачынстваў ў Чачні заклікала Вярхоўны Камісар ААН ў справах уцекачоў Мэры Робінсон. Верагодна, гэтае пытаньне будзе паўторна ўзьнятае ў часе паседжаньня ААНаўскай Камісіі Правоў Чалавека, якая пачнецца 20-га сакавіка.

Кастіусь Бандарук, Прага

XS
SM
MD
LG