Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Беларусі афіцыйна завершана кампанія перарэгістрацыі прадпрымальнікаў. Паводле папярэдніх зьвестак, больш за палову іх не пасьпелі своечасова прайсьці гэтую працэдуру.

Сёньня, у апошні дзень перарэгістрацыі, у сталічным гарадзкім выканкаме шматлікія прадстаўнікі фірмаў цікавіліся ва ўладаў пэрспэктывамі свайго бізнэсу. Рэч у тым, што да абвешчанай дэкрэтам Лукашэнкі даты – 1 ліпеня – яны ня здолелі прайсьці перарэгістрацыю. Колькасьць такіх фірмаў, паводле зьвестак Беларускага саюзу прадпрымальнікаў, вымяраецца па краіне дзясяткамі тысячаў. Вось якое меркаваньне з гэтае нагоды выказаў нашаму радыё сябра рады прадпрымальніцкага саюзу Сяргей Стрэльчык:

(Стрэльчык: ) “Я спадзяюся, што ў нашых уладаў хопіць розуму не ліквідаваць прадпрыемствы, бо, згодна з Грамадзянскім кодэксам, тыя прадпрыемствы, якія ня пройдуць рэгістрацыю, могуць быць ліквідаваныя ў судзе на пазоў пракуратуры або адміністрацыі, або ворганаў, якія ажыцьцяўляюць рэгістрацыю…

Я спадзяюся, што гэтае палажэньне закону будзе ўжывацца такім чынам – што ўлады маюць права зьвяртацца з пазовамі ў суд, але гэта ўсяго толькі права, а не абавязак, і што ім усё ж такі было б лепш, каб прынесьлі дакумэнты ўсе, хто пажадае іх падаць, чым самімі быць ініцыятарамі судовых працэсаў. Бо гэта зойме значна больш часу, чым усё ж такі прыняць дакумэнты.

Няма аніякіх падставаў, каб фарсажаваць гэты працэс з рэгістрацыяй. Калі б на паўгода яшчэ гэты тэрмін працягнулі – я думаю, нічога б страшнага не адбылося ні для дзяржавы, ні для грамадзтва, ні для бізнэсу, ні для кога…”

(Карэспандэнт: ) “Чаму, на Ваш погляд, байкатуюць прапановы Саюзу прадпрымальнікаў у гэтым пытаньні?”

“Напэўна таму, што тое, што мы прапануем, не адпавядае поглядам уладаў”, – лічыць Сяргей Стрэльчык.

Сапраўды, нягледзячы на правальныя папярэднія вынікі кампаніі, на сёньняшні дзень няма ніякіх афіцыйных рашэньняў пра падаўжэньне тэрмінаў перарэгістрацыі. Разам з тым, як паведамілі мне ў Менскім гарадзкім выканкаме, хутчэй за ўсё, гэты працэс ня будзе спынены, і на наступным тыдні прадоўжыцца прыём заяваў.

Адна з важкіх падставаў для такога разьвіцьця падзеяў – фінансавыя цяжкасьці краіны. Закрыцьцё фірмаў і, як вынік, зьмяншэньне падаткаў, безумоўна, яшчэ больш павялічыць гэтыя цяжкасьці.

Дарэчы, апроч перарэгістрацыі, сёньня сканчаецца і другая гучная кампанія – ліцэнзаваньне прадпрымальнікаў. Вось што распавёў нашаму радыё яшчэ адзін сябра рады Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Балыкін:

“Зь 1 ліпеня трэба мець ліцэнзію на ажыцьцяўленьня аптовага гандлю. Але тэрмін на атрыманьне гэтых ліцэнзіяў быў вельмі кароткі. І прадпрымальнікі фізычна не змаглі атрымаць гэтыя лізэнзіі. З выдачай ліцэнзіяў не спраўляліся нават выканкамы, бо яны прымалі па 250-300 заяваў у дзень і не маглі задаволіць такую колькасьць заяваў.

Няцяжка зразумець, што зь 1 ліпеня колькасьць пасярэднікаў значна скароціцца і, магчыма, гэта пацягне за сабою нейкае падвышэньне цэнаў”, – мяркуе сябра рады Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Балыкін.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG