Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“Палітычна-футбольны лік” – так называецца артыкул у газэце International Herald Tribune. Прысьведчаны ён сувязі паміж футболам і палітычным іміджам краінаў у Эўропе.

Футбол у Эўропе – больш чым проста від спорту ці гульня, – піша Фрэдэрык Кэмпэ ў сваім артыкуле. Футбол у Эўропе – на ягоную думку – уплывае на палітыку. Прыклады аўтар дае на падставе сёлетняга чэмпіянату Эўропы “Эўра-2000”. Ён, у прыватнасьці, прасачыў за рэакцыяй францускага заўзятара–парлямэнтарыя – прадстаўніка Францыі ў Радзе Эўропы – пад час гульні “Галяндыя-Югаславія”.

Калі заўзятар глядзеў на злосную, жорсткую, часта супраць правілаў, гульню югаславаў, ён адразу ж казаў: “У іх спрацоўвае мэнтальнасьць ахвяры. Ім падаецца, што ўвесь сьвет зараз супраць іх настоены. Менавіта гэта імі кіруе…” Пакуль галяндцы не перамаглі зь лікам 6:1, той жа заўзятар заўважаў: “Ну, паглядзім – ці памятаюць галяндцы ўрокі Срэбраніцы…” – узгадаўшы пра тое, што пад час Басьнійскае вайны Галяндзкі корпус войскаў ААН стаяў у баку і ня ўмешваўся, пакуль ішла расправа над мусульманскімі жыхарамі Срэбраніцы. Зь іншага боку было заўважана, што ў Югаславіі нават ворагі Мілошавіча ў гэтым матчы жадалі перамогі менавіта сваёй камандзе.

Гэты футбольны чэмпіянат дае падставы палітычным аналітыкам зрабіць свой расклад сілаў і сымпатыяў у Эўропе.

Фрэдэрык Кэмпэ заўважае, што гэтым разам самаўпэўненыя і запаволеныя прадстаўнікі Эўрапейскае Поўначы атрымалі паразу ад больш энэргічнага, больш прагнага да перамогі й рухавага Поўдню. Асабліва вырасла папулярнасьць і вядомасьць пад час гэтага чэмпіянату Румыніі ды Славеніі, якія ўпершыню патрапілі ў гульні гэтага ўзроўню, – піша Фрэдэрык Кэмпэ.

Найбольш істотна, – заўважае ён, – што гэты чэмпіянат паказаў сымпатыі заўзятараў, а значыць і эўрапейцаў. А яны на баку імігрантаў і талеранцыі. Каманда Гяландыі вылучалася на футбольным полі сваім разнастайным расавым складам – і чым выклікала яшчэ больш сымпатыяў на трыбунах… Гэта сталася адказам нацыяналістычным францускаму Лё-Пэну і аўстрыйскаму Гайдэру.

Шэра й слаба на полі выглядала каманда Нямеччыны – сапраўды як сьведчаньне расслабленьня ў краіне пасьля кіраваньня Гэльмута Коля, які ігнараваў эканамічныя рэформы й не хацеў лібэралізацыі эміграцыйных законаў. Футбалісты рухаліся ня надта энэргічна, адчуваўся й дэфіцыт агульнага ўзаемаразуменьня й кіраўніцтва камандаю. Пасьля пройгрышу на футбольным полі французам, у Нямеччыне ў больш стрыманай атмасфэры прайшоў візыт прэм’ер-міністра Францыі Жака Шырака.

Ангельцы, якія прынцыпова не прынялі эўрапейскую валюту, вызначыліся й гэтым разам на футбольным чэмпіянаце… Як хуліганы. Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Блэер вымушаны быў прасіць прабачэньня за сваіх заўзятараў пасьля пагромаў, што яны ўчынілі. Эўрапейскі ж заўзятар вызначыў: калі аўстрыйскі нацыяналізм, анты-імігранцкі, дык ангельскі нацыяналізм – анты-эўрапейскі, – піша ў International Herald Tribune Фрэдэрык Кэмпэ.

Турэцкая каманда прайграла ў чвэрць-фінале, але Турцыя працягвае свой шлях у Эўрапейскую супольнасьць…

Партугалія – адна зь бяднейшых сёньня ў Эўропе краінаў – засьведчыла, што мае найлепшы на кантынэнце футбольны стыль гульні.

Ізноў заўзятары і аматары палітыкі заўважаюць, што жывую кроў старой Эўропе нясуць імігранты.

У французаў армянін – Юры Дзяркаеў і алжырац паводле паходжаньня Зенэдзін Зіданэ. І у гэтым сэнсе згаданы на пачатку францускі парлямэнтарый заўважыў, што можа немцам да наступнага чэмпіянату варта было б “грын карты” на сталае жыхарства выдаць ня толькі імігрантам-кампутарнікам, што прыедуць хутка працаваць з усіх краіну, але й футбалістам…

Галіна Прыгара, Прага

XS
SM
MD
LG