Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прэзыдэнт Малдовы Петру Лучынскі, выступаючы 30 чэрвеня на сустрэчы зь дзелавымі коламі ў Менску, заклікаў пашыраць эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі й Малдовы. Аднак пакуль што міждзяржаўны таваразварот сутыкаецца зь істотнымі перашкодамі, перш за ўсё зь беларускага боку.

Прэзыдэнт Малдовы Петру Лучынскі, выступаючы перад выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе ён атрымаў званьне ганаровага доктара, казаў пра нязьменнасьць курсу на будаўніцтва незалежнае Малдовы, эўрапейскую інтэграцыю, рынкавыя пераўтварэньні ды адкрытасьць да замежных інвэстыцыяў.

Лучынскі падкрэсьліў, што 23% працаздольных жыхароў Малдовы працуюць у малым бізнэсе, што ўся зямля перададзеная ў прыватную ўласнасьць; што эканамічнае ды іншае заканадаўства цалкам пабудаванае паводле эўрапейскіх узораў. Гэта кантраставала зь сёньняшняй беларускай сытуацыяй, хоць Лучынскі адмыслова й не акцэнтаваў увагу на гэтым, заклікаючы да пышырэньня двухбаковага гандлю.

З 96-га году тавааразварот паміж Беларусьсю й Малдоваю паменшыў у тры разы. Акрамя істотнай пакуль што праблемы транзыту праз Украіну, двухбаковы гандаль стрымлівае праблема канвэртацыі беларускіх грошай, завышаныя падаткі і акцызы зь беларускага боку.

Вось як бачыць сытуацыю малдоўскі прадпрымальнік Дзьмітры Кайнак, які ўжо чатыры гады жыве ў Беларусі й прадстаўляе тут эканамічныя інтарэсы Гагаускай аўтаноміі:

(Кайнак: ) “Перашкаджае пакуль недасканаласьць заканадаўчае базы, павольны пераход Беларусі з сацыялістычнага ў капіталістычны стан. Гэта вялікая праблема, бо рынак рухаецца хутчэй, чым зьмяняецца заканадаўчая база…

Малдоўскія прадпрымальнікі больш разьняволеныя за беларускіх. Мы ўжо пераадолелі прадузятасьць да людзей бізнэсу, а ў вас гэта яшчэ ня зроблена. І вашыя прадпрымальнікі яшчэ ня вельмі сьмелыя, бо пабойваюцца, што імі пачнуць “займацца””, – гэта быў прадстаўнік Гагаузіі ў Беларусі Дзьмітры Кайнак.

Пра тое, што эканоміка й грамадзтва Малдовы ў цэлым больш лібэральныя, чым у Беларусі, можна было меркаваць па сустрэчы Петру Лучынскага зь беларускімі ды малдоўскімі прадпрымальнікамі ў Менску.

Па-першае, там чамусці было значна больш гасьцей, чым гаспадароў – беларускіх бізнэсоўцаў. Па-другое, апошнія не задалі Лучынскаму аніводнага пытаньня. Калі малдоўскімі прадпрымальнікамі была ўзьнятая праблема пра наданьне ільготаў у падатку на даданую вартасьць пры бартэрных апэрацыях паміж Беларусьсю й Малдоваю, Петру Лучынскі шчыра прызнаўся , што ня мае такіх паўнамоцтваў і магчымасьцяў, як Аляксандар Лукашэнка, бо гэта ў Малдове належыць да кампэтэнцыі парлямэнту.

А на адмысловай выставе “Малдова прадстаўляе” ў Менску можна было пабачыць шматлікія гатункі малдоўскага віна, якіх у нашых крамах няма або якія недаступныя бальшыні пакупнікоў.

Прыватнае прадпрыемства “Дойна-Він” з гораду Кайнары ў 97–98 гадох пастаўляла сваё віно ў Беларусь, цяпер гэты гандаль згорнуты, бо ў Беларусі няма попыту. Справа ў тым, што малдоўскія бізнэсоўцы прадаюць сваё віно па 70 амэрыканскіх цэнтаў за бутэльку, а ў беларускіх крамах яно каштуе ўжо чатыры даляры.

Пра тое, чаму так адбываецца, гаворыць камэрцыйны дырэктар прадпрыемства “Дойна-він” Віталь Сава:

“Віны недаступныя, таму што вельмі высокія акцызы, мыты – гэта адная з галоўных прычынаў. З малдоўскага боку ўсё спрошчана, вялікіх праблемаў абсалютна няма”.

Гэта быў прадстаўнік аднаго з малдоўскіх бровараў Віталь Сава. Ён і многія ягоныя калегі дамагаюцца, каб беларускі ўрад зьменшыў акцызы й мыты, і каб беларусы ў выніку маглі купляць натуральнае віно.

Валер Каліноўскі, Менск

XS
SM
MD
LG