Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 1 ліпеня)
Васіль Старавойтаў абвінавачвае намесьніка міністра ўнутраных справаў Леаніда Глухоўскага ў выкананьні палітычнага загаду, накіраванага на дыскрэдытацыю акцыянэрнага таварыства “Расьвет” і ягонага старшыні.
Уладзімер Кудзінаў удзячны “Радыё Свабода” за інфармацыйную падтрымку.
Пытаньне пра канфіскацыю дома Лявонавых перададзенае на разгляд зь Менскага раённага ў абласны суд.

Васіль Старавойтаў у нашай тэлефоннай размове зь ім учора пракамэнтаваў нядаўнюю заяву на сваю адрэсу намесьніка міністра ўнутраных справаў Леаніда Глухоўскага.

Нагадаю, намесьнік міністра (ён жа – кіраўнік сьледчага камітэту) на прэсавай канфэрэнцыі ў чацьвер выказваўся наконт замежных дыпляматаў, якія выкупілі на аўкцыёне й вярнулі Старавойтаву частку канфіскаванай у Старавойтава мэблі й радыёапаратуры. “У нас усяго па краіне на 50 міліёнаў у розных злодзеяў зканфіскавана маёмасьці, чаму яны ўсё гэта ня выкупяць і не вярнуць былым уладальнікам”, – абураўся Леанід Глухоўскі ды заяўляў, што дзеяньньні дыпляматаў, якія дапамагаюць Старавойтаву, можна лічыць умяшаньнем ва ўнутраныя справы нашае краіны. Што ж тычыцца непасрэдна справы Старавойтава, Глухоўскі лічыць ягонае асуджэньне цалкам законным. Ён дарэчы паведаміў, што сьледчыя цяпер разьбіраюцца ўжо з новымі злачынствамі, што адбыліся ў “Расьвеце” ўжо пасьля Старавойтава.

Васіль Старавойтаў такім заявам не зьдзівіўся. Ён лічыць, што спадар Глухоўскі асабіста вінаваты ў арганізацыі перасьледу “Расьвета” і ягоных кіраўнікоў:

(Старавойтаў: ) “Глухоўскі – гэта такі “опричный” чалавек нашага “прэзыдэнта”, і ён вельмі глядзіць за тым, каб я хутчэй пайшоў… З жыцьця. А я ўсё ж такі хачу дачакацца паразы ягонае”.

Пасьля двух гадоў турмы Старавойтаў жыве ў сваім доме на звычайную калгасную пэнсію. Паловы былой мэблі ды іншай хатняй маёмасьці ў доме няма – дыпляматы з АБСЭ проста не пасьпелі выкупіць цалкам тое, што было зканфіскаванае. Але Старавойтаў і цяпер яшчэ лічыцца вінным дзяржаве дзясяткі тысячаў рублёў…

Адкуль узялося гэтае спагнаньне? Старавойтаў абураецца:

(Старавойтаў: ) “Я павінны плаціць за камбайнэраў за 4 гады… я павінны плаціць за ўсіх, каго хавалі – а стагодзьдзямі так было заведзена… я павінны плаціць за тое, што вэтэранаў вайны на загад “зьверху” частавалі… За ўсё за гэта я плачу! З глузду зьехаць! Усе прадстаўнічыя [выдаткі]… Колькі ў “Расьвет” дэлегацыяў накіроўвалі – усё я плачу! У мяне нідзе ні капейчыны грошай няма – усё пакінуў у гаспадарцы…

А ён проста ўсё зманіў – ад пачатку да канца! За апошнія 5 гадоў укладзена 2 млн. даляраў уласных сродкаў – Старавойтаў змог іх зарганізаваць, знайсьці. У той час, як іншыя ўсе развальваюцца.

Паглядзіце на ніх – што яны будуюць? Заробкі сталі ў 5 разоў менш, чым былі. Гэта на сумленьні гэтага чалавека – ён разграміў, разбурыў “Расьвет”! Вінаваты рэжым, які паставіў усе калгасы на мяжу сьмерці”, – мяркуе былы старшыня акцыянэрнага таварыства “Расьвет” Васіль Старавойтаў.

Лісты ад экс-міністра Васіля Лявонава з аршанскай калёніі сваякі атрымоўваюць рэгулярна, мяркуючы па гэтых лістах, ён у нармальным настроі і здаровы, асаблівых праблемаў ня мае. Гэтак кажа дачка Лявонава Сьвятлана Ўласава. А вось ейная цяжба за тое, каб не канфіскоўвалі бацькоўскі дом, зацягнулася.

Мы раней паведамлялі, што рашэньне адносна дома павінен быў напрыканцы чэрвеня абвесьціць Менскі раённы суд, але зноў анічога не атрымалася. Справу для разгляду перадалі ў абласны суд, – паведаміла Сьвятлана.

Яна ўпэўненая, што пытаньне након дома гэтак доўга не вырашаюць наўмысна. “Бацька мае шанец вызваліцца з турмы датэрмінова, па амністыі, і вось тады яны будуць гэтым домам яго трымаць як бы на кручку – каб лепш сябе паводзіў. Інакш я не магу патлумачыць, чаму не вырашаецца такое простае пытаньне”, – кажа дачка экс-міністра сельскае гаспадаркі Лявонава.

Ад дэпутата Ўладзімера Кудзінава нарэшце, пасьля месячнага перапынку, прыйшоў ліст дадому. Жонка дэпутата Зоя Кудзінава распавядае:

(Кудзінава: ) “Зьбіраўся ўжо дадому пасьля канца ліпеня, канешне, думаў, што прымуць гэты Кодэкс крымінальны. Зараз трошкі расстроены, але ўсё роўна – піша – засталося ўжо меней. І кажа, што сілаў хопіць вытрываць да канца”.

Прынамсі, у гэтым лісьце Ўладзімер напісаў, што ўжо ведае пра “пяцёркі” малодшае дачкі на школьных іспытах. Аказваецца, дапамаглі хвалі, на якіх працуе нашае радыё. Ёсьць і сярод турэмных знаёмых Кудзінава людзі, якія слухаюць “Радыё Свабода” і дзеляцца пачутым з арыштантамі.

Прашу гэтых людзей перадаць Кудзінаву, што ягоная дачка Зоя атрымала залаты мэдаль за выдатныя посьпехі ў вучобе. Прабачце, што даводзіцца карыстацца эфірам, але што зробіш, калі пошта працуе кепска…

(Кудзінава: ) “І ягоныя лісты затрымліваюцца вельмі. Таксама напісаў, што мой ліст – які я яму адправіла на прыканцы траўня – ён атрымаў толькі 26 чэрвеня”.

Гэта была жонка зарыштаванага дэпутата Ўладзімера Кудзінава Зоя.

Другі дэпутат – Андрэй Клімаў – па-ранейшаму ўтрымліваецца ў сьледчым менскім ізалятары. Судзьдзі ўсё не прызначаць тэрмін паўторнага разгляду ягонае справы. Клімаў з прысудам ня згодны і патрабуе новага разьбіральніцтва. І сядзіць за кратамі ўжо амаль 2,5 гады.

Справы зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага зь месца ня рухаюцца.

Вярнуся зноў да намесьніка міністра ўнутраных справаў Леаніда Глухоўскага, які ў чацьвер давёў: “Гэтыя справы знаходзяцца пад пільным нашым кантролем, іх вядзе пракуратура, а міліцыя праводзіць апэратыўна-вышуковыя дзеяньні, але пакуль станоўчых вынікаў няма”, – сказаў наконт справаў зьніклых апазыцыянэраў Леанід Глухоўскі.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG