Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У апошні дзень працы сэсіі гэтак званая “Палата прадстаўнікоў” прыняла зварот да Балтыйскай Асамблеі і парлямэнтаў балтыйскіх краінаў. Дэпутаты лукашэнкавага “парлямэнту” спрабуюць даказаць, што ў Беларусі сытуацыя з правамі чалавека лепшая, чым у краінах Балтыі.

Балтыйская Асамблея крытыкавала становішча ў Беларусі, і найперш сытуацыю ў галіне правоў чалавека, яшчэ напрыканцы траўня. “Палата прадстаўнікоў” вырашыла адказаць толькі зараз, калі афіцыйна атрымала гэты дакумэнт празь Міністэрства замежных справаў.

Дэпутаты гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” вядуць дыскусію паводле прынцыпу “сам дурань”. У звароце, у прыватнасьці, сказана, што абвінавачваньні з боку балтыйскіх краінаў гучаць “абсурдна на тле дыскрымінацыі дзясяткаў тысячаў чалавек расейскамоўных жыхароў у краінах Балтыі”.

Дэпутат гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” Сяргей Касьцян з нагоды заявы Балтыйскай Асамблеі сказаў, што балтыйскія парлямэнты абавязкова адрэагуюць на гэтую заяву палаты.

Сяргей Касьцян сказаў:

“Як кажуць у народзе, чыя б мычала, а іх маўчала. Улічваючы, што гэта нашыя суседзі, мы дастаткова мякка й ветліва зьвяртаемся да іх, каб спыніць гэтую непатрэбную валтузьню, таму што тры балтыйскія краіны і па плошчы, і па насельніцтву меншыя за Беларусь. Гэта трэба было б улічваць. Тым больш, што эканамічна мы сёньня ня так ужо залежым ад Прыбалтыкі. Прыбалтыка больш сёньня залежыць эканамічна ад нас, ад нашага эканамічнага супрацоўніцтва…”,

– гэта быў Сяргей Касьцян.

На жаль, у амбасадах балтыйскіх краінаў заяву “Палаты прадстаўнікоў” змогуць пракамэнтаваць толькі на наступным тыдні, калі атрымаюць афіцыйны тэкст гэтага дакумэнту.

Ганна Навумовіч, Менск

XS
SM
MD
LG