Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Страсбургу працягваецца паседжаньне парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Як вядома, у красавіку асамблея разглядала магчымасьць спыненьня сяброўства Расеі ў гэтай арганізацыі з прычыны вайны ў Чачні і пазбавілі яе права голасу. Днямі выканаўчы ворган Рады – камітэт міністраў – рэкамэндаваў аднавіць правы Расеі, паколькі “Масква робіць крокі насустрач”.

Традыцыйна парлямэнтарыі заўсёды настроеныя больш крытычна й рашуча, чым прадстаўнікі выканаўчае ўлады, і падзеі ў Страсбургу пацьвярджаюць гэта. Парлямэнтарыі кантактуюць з праваабарончымі арганізацыямі, якія маюць факты жудаснага парушэньня правоў чалавека ў Чачні; міністры замежных справаў звычайна сустракаюцца з афіцыйнымі прадстаўнікамі Крамля, у якіх на чачэнскую вайну іншы погляд. Цяжка сказаць, што меў на ўвазе камітэт міністраў, калі казаў пра “крокі насустрач” з боку Масквы. На гэтым тыдні найбольш заўважальным крокам ёсьць, безумоўна, афіцыйны байкот Расеі сэсіі парлямэнцкай асамблеі.

Учора перад удзельнікамі паседжаньня Рады Эўропы выступілі вядучы расейскага тэлевізійнага каналу ОРТ Сяргей Дарэнка й генэральны дырэктар НТВ Яўген Кісялёў. Абодва прадстаўнікі вядучых расейскіх тэлекампаніяў (якія, заўважым, знаходзяцца паміж сабою ў стане пэрманэнтнага палітычнага супрацьстаяньня і творчай канкурэнцыі) – абодва заявілі, што ў Расеі існуе сур’ёзная пагроза свабодзе слова.

“Праз год або два проста не застанецца аніякіх грамадзянскіх інстытуцыяў. Вы будзеце размаўляць толькі з адной пэрсонаю – дзяржаўнай машынаю”, – заявіў Дарэнка.

Разам з тым, Яўген Кісялёў папярэдзіў, што спробы пакараць Расею могуць мець адмоўны для Захаду вынік. “Якраз цяпер ўзровень антызаходніх, антыэўрапейскіх настрояў у грамадзтве вельмі высокі, вялікі і ўзровень ізаляцыянізму”, – заявіў Кісялёў.

Тым часам, Арменія і Азэрбайджан чакаюць ўваходу ў склад Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, хаця іх шанцы выглядалі невялікімі.

Арменія ўсё яшчэ мае ў Крымінальным кодэксе сьмяротнае пакараньне; акрамя гэтага, у краіне захоўваецца моцны кантроль дзяржавы над сродкамі масавай інфармацыі.

У Азэрбайджане асоба, якая абразіла прэзыдэнта, можа быць асуджаная да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Тут прэса падвяргаецца жорсткаму ціску, а журналісты – перасьледу.

Праваабарончая арганізацыя “Артыкул XIX”, якая займаецца праблемаю свабоды слова й месьціцца ў Лёндане, навогул лічыць, што пра сяброўства Азэрбайджану ў Радзе Эўропы можна казаць толькі ўмоўна. Вось што заявіў на сэсіі кіраўнік гэтай арганізацыі Эндру Пудыфат:

(Пудыфат: ) “Маецца шэраг выпадкаў, калі ўлада затрымлівала публікацыю непажаданых матэрыялаў і спыняла вяшчаньне. Таксама ёсьць выпадкі фізычных нападаў невядомых асобаў на журналістаў, і гэтыя выпадкі недасьледваныя”.

Ня менш сур’ёзнай перашкодаю да ўваходу ў Раду Эўропы зьяўляецца й супрацьстаяньне абедзьвюх краінаў у справе Нагорнага Карабаху.

Аднак Рада Эўропы, арганізацыя, якая рэпрэзэнтуе сябе як абаронца правоў чалавека й дэмакратыі, лічыць магчымым прыняць Арменію і Азэрбайджан у склад Рады. Цяпер патрэбна толькі фармальнае зацьверджаньне камітэту міністраў Рады Эўропы, якое павінна адбыцца ў лістападзе.

На сэсіі выступілі два судакладчыкі: Жак Бонмэль – у справе Азэрбайджану, і Дзімітрыа Вольчык – у справе Арменіі, якія былі практычна аднадушныя ў сваіх высновах. Яны лічаць, што прысутнасьць краінаў у Радзе Эўропы спрыяла б ня толькі іхнае дэмакратызацыі, але й найхутчэйшаму вырашэньню нагорна-карабаскага канфлікту.

Сяргей Навумчык, Прага

XS
SM
MD
LG