Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Міністэрства адукацыі адрэагавала на патрабаваньні Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны спыніць зьнішчэньне беларускамоўных клясаў.

Старшыня Таварыства Беларускае Мовы Алег Трусаў, які акумулюе інфармацыю наконт становішча зь беларускамоўным навучаньнем, атрымаў ліст зь Міністэрства адукацыі. Спадар Трусаў лічыць, што хуткі адказ стаў вынікам ягоных хаджэньняў разам з прадстаўнікамі бацькоўскага камітэту да намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Івана Пашкевіча. Раней міністэрскія функцыянэры на падобныя запыты рэагавалі вельмі павольна. Вось што, у прыватнасьці, піша начальнік галоўнае ўправы агульнай адукацыі міністэрства Мікалай Фяськоў:

“У сувязі з вашымі пісьмамі галоўнае ўпраўленне агульнай і сярэдняй адукацыі паведамляе наступнае

Міністэрствам адукацыі сумесна з кіраўніцтвам Мінскага гарадскога ўпраўлення адукацыі праведзена нарада, на якой абмеркаваныя пытанні ажыццяўлення моўнай палітыкі ў навучальна-выхаваўчых установах Мінска. З мэтай забеспячэння канстытуцыйных правоў грамадзян прынята рашэнне аб неабходнасці пашырэння сеткі навучальна-выхаваўчых устаноў, якія працуюць на беларускай мове, асабліва ў тых мікрараёнах, дзе такія навучальныя ўстановы на сённяшні дзень адсутнічаюць. Пытанне ўзята на кантроль”.

Ліст зь міністэрства адукацыі чытаў Алег Трусаў.

Разам з тым спадар Трусаў лічыць, што звыклы штамп “узята на кантроль” сам па сабе мала што значыць. Чыноўнікі многае бяруць на кантроль і так жа лёгка на гэта забываюцца… Зьдзіўляе і тое, што неабходнасьць беларускамоўнага навучаньня ў Беларусі і для беларусаў матывуецца “забесьпячэньнем канстытуцыйных правоў грамадзянаў”. Гэта пры тым, што доля беларусаў у краіне перавышае 90%, а за свае канстытуцыйныя правы змагаюцца, як сьлед, нацыянальныя мяншыні. З другога боку, вельмі расплывіста паведамляецца пра намеры пашырыць беларускамоўную сетку школаў у тых мікрараёнах Менску, дзе яны адсутнічаюць. Канкрэтныя адрэсы зноўку не называюцца.

Паводле меркаваньня Алега Трусава, большае ўвагі заслугоўваюць лісты, прысланыя, так бы мовіць, “зьнізу”. Толькі што ён атрымаў копію заявы, якую свайму рэктару Герасімовічу накіравалі студэнты й некаторыя выкладчыкі Беларускага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэта.

Вось пра што пішуць студэнты:

“Два гады таму ў нашым унівэрсытэце спынілася выладаньне асноўных дысцыплінаў на беларускай мове. Улічваючы моўную спэцыфічнасьць кантынгэнту абітурыентаў нашага ўнівэрсытэту, прапануем утварыць на першых курсах буйнейшых факультэтаў беларускамоўныя плыні, што цалкам бы адпавядала дзяржаўнай палітыцы ў галіне мовы. Варта нагадаць, што шэраг агульнаадукацыйных катэдраў цалкам падрыхтаваныя для выкладаньня асноўных дысцыплінаў па-беларуску”.

Ліст студэнтаў БАТУ цытаваў Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “Вось такую паперу яны даслалі Герасімовічу і копію прынесьлі нам. Сказалі, што рэктар згодзен.

Мы пісалі Стражаву, каб перавесьці на беларускую мову сельскагаспадарчыя ўнівэрсытэты. Іх тры – у Горадні, Горках і тут. Я думаю, гэта працяг. І добра, што яны як бы “зьнізу” падтрымалі нашую ініцыятыву “зьверху””.

На жаль, міністэрскіх чыноўнікаў пад час няспынных выпускных баляў знайсьці амаль немагчыма. Напрыклад, сёньня міністэрскія супрацоўнікі ўдзельнічаюць у рэспубліканскім балі, дзе не абыйдзецца без афіцыйна-прапагандысцкай атакі на ўчарашніх школьнікаў. Гаварыць будуць пра ўсё, акрамя праблемаў беларускае мовы.

Праўда, напярэдадні ў размовах з кіраўніцтвам ТБМ начальнік управы адукацыі міністэрства Фяськоў запэўніў, што ягоны апошні ліст – не дзяжурная адпіска. У якасьці доказу сур’ёзнасьці намераў было названае хуткае адкрыцьцё беларускамоўнае гімназіі ў Савецкім раёне сталіцы. Маўляў, пытаньне, так бы мовіць, “узята на кантроль”.

Ігар Карней, Менск

XS
SM
MD
LG