Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прэзыдэнт Міжнароднае Гэльсынскае фэдэрацыі Людміла Аляксеева зьвярнулася зь лістом да сябраў Беларускага Гэльсынскага камітэту, у якім выказваецца надзея, што яны здолеюць пераадолець супярэчнасьці.

Міжнародная Гэльсынская фэдэрацыя, сябрам якой зьяўляецца й Беларускі Гэльсынскі камітэт, заклікае пераадолець унутраны канфлікт у БГК шляхам паразуменьня. Прэзыдэнт гэтай аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі Людміла Аляксеева даслала ў Менск зь Вены зварот да сябраў БГК.

“Міжнародная Гэльсынская фэдэрацыя ня можа й ня хоча ўмешвацца ва ўнутраныя справы камітэтаў”, – сьцьвярджае спадарыня Аляксеева і выказвае надзею, што “дэмакратычна абраныя ворганы БГК, разумеючы сваю адказнасьць, паспрабуюць наладзіць супрацоўніцтва й пераадолець супярэчнасьці ў дружалюбнай форме”. Працу БГК Аляксеева вызначае як карысную і заяўляе, што “арганізацыя грае важную ролю ў краіне”.

Між тым, унутраны канфлікт, які распачаўся некалькі месяцаў таму, наносіць значную шкоду аўтарытэту БГК…

“Шкада, што вось зараз з-за гэтых унутраных разборак мы проста губляем шмат часу, шмат сілаў, і ад гэтага проста прайграе ўвесь праваабарончы рух. Але, калі людзі выдатна разумеюць, што ад гэтага праваабарончы рух ня мае аніякай карысьці, дык навошта гэта так рабіць”.

Гэтак лічыць выканаўчы дэрэктар БГК Алег Гулак.

Канфлікт у Беларускім Гэльсынскім камітэце палягае на тым, што частка сябраў Назіральнага сойму – у тым ліку Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Карлас Шэйман і Віталь Тарас – выказалася супраць удзелу камітэту ў “дыялёгу” з уладаю ды абвінавацілі старшыню БГК Тацяну Процьку ў імкненьні зрабіць праз гэты ўдзел асабістую палітычную кар’еру.

Тацяна Процька і ейныя намесьнікі з гэтымі абвінавачваньнямі нязгодныя. Яны кажуць, што БГК кантактаваў з арганізатарамі ўрадавага боку яшчэ да рашэньня пра няўдзел у “дыялёгу”, сама ж Процька даўно заявіла пра асабісты няўдзел у парлямэнцкіх ды прэзыдэнцкіх выбарах. Да таго ж, апаратчыкі БГК нязгодныя з формаю, у якой былі выказаныя прэтэнзіі да іх. Яны лічаць, што канфлікт магчыма было вырашыць без шырокай агалоскі. Выканаўчы дэрэктар БГК Алег Гулак заўважае:

“Я думаю, што проста можна было сабраць Назіральны сойм, і ў тым парадку, які вызначаны статутам – калі ёсьць думкі, меркаваньні, што нешта робіцца ня так – гэта можна было ўсё абмеркаваць і забавязаць вызначыць межы дзейнасьці камітэту неяк так больш дакладна…

Калі б былі ўжо парушаныя гэтыя дэмакратычныя рашэньні старшынёй – тады былі б канкрэтныя прэтэнзіі да таго, што “вось вызначана, а не было зроблена”. Тады б была іншая размова”, – лічыць Алег Гулак.

Ці ўдасца сёньняшняму кіраўніцтву БГК знайсьці паразуменьне з аўтарамі ліста, да чаго іх заклікаюць і пасярэднікі зь Міжнароднай Гэльсынскай фэдэрацыі? Сябра Назіральнага сойму паэт Рыгор Барадулін заяўляе пра нязьменнасьць сваёй асабістай пазыцыі:

(Барадулін: ) “Пазыцыя Процькі мне не падабаецца менавіта з-за палітыканства. …Я за тое, што мяняць трэба кіраўніцтва”

Рыгор Барадулін мяркуе, што пры цяперашнім кіраўніку БГК “будзе ўсё роўна займацца “дыялёгамі”, палітыкаю; што пашкодзіць галоўнай справе – праваабарончай дзейнасьці”.

Паводле апошніх рашэньняў кіроўных ворганаў БГК, канфлікт у гэтай арганізацыі мае шанцы вырашыцца на зьезьдзе ў верасьні, дзе на разгляд дэлегатаў будзе вынесенае пытаньне пра пэрсанальны склад кіраўніцтва. Да таго часу камітэтам па-ранейшаму будзе кіраваць Тацяна Процька.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG