Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Рэжысэра Валерыя Панамарова, аўтара экранізацыі аповесьці Васіля Быкава “На чорных лядах”, не пусьцілі на кінафэстываль краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў польскай Зялёнай Гуры.

Яшчэ 1 чэрвеня генэральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” Вячаслаў Шанько атрымаў афіцыйнае запрашэньне ад прэзыдэнта кінафоруму пана Кавалы на ўдзел у фэстывалі двух беларускіх рэжысэраў: Вячаслава Нікіфарава і Валерыя Панамарова.

Але калі справа дайшла да зацьверджаньня кандыдатураў у міністэрстве культуры, прозьвішча Панамарова са сьпісу было выкрасьленае. У Зялёну Гуру накіраваўся Вячаслаў Нікіфараў са стужкаю “Рэйнджары з атамнай зоны”.

Валеры Панамароў, які пяць год таму экранізаваў аповесьць Васіля Быкава, застаецца непажаданай асобаю для Міністэрства культуры. Намесьнік міністра Юры Цьвяткоў, які кіруе беларускім кіно, заявіў: “Калі гэтую стужку ўбачыць шырокі глядач, увесь сьвет узьненавідзіць наш народ”.

Вось што з гэтае нагоды сказаў рэжысэр Валеры Панамароў:

“Асноўная прэтэнзія, якую чыноўнікі закідваюць вось ужо пяць год на адрэсу Васіля Быкава і, адпаведна, маю – стужка ўбівае клін у “дружбу паміж рускім і беларускім народамі”. Вось чаму фільм дагэтуль пыліцца ў фондах і наогул існуе толькі адна ягоная копія.

Ёсьць адмысловы загад не падпускаць Панамарова да фільматэкі, не даваць мне стужку. Я да гэтага часу ня маю магчымасьці перакласьці яе на тую ж расейскую мову, каб расейцы самі далі ацэнку, ці ёсьць у сюжэце нейкі палітычны клін”.

Гаварыў Валеры Панамароў.

Стужцы, агульны працяг якой складае толькі гадзіну й 7 хвілінаў, за гэтыя гады накавана было перажыць шмат нягодаў. Многія памятаюць, зь якім скандалам была сарваная прэм’ера фільма ў кінатэатры “Москва”, калі літаральна за дзьве гадзіны да пачатку было абвешчана, што стужка як быццам скрадзеная.

З тае пары жыцьцё быкаўскай экранізацыі ўступіла ў фазу падпольных праглядаў. Пасьля некалькіх паказаў, зарганізаваных беларускім ПЭН-цэнтрам, відэакопіі разьехаліся ў Амэрыку, Аўстралію, Францыю, Нямеччыну ды іншыя краіны. Двойчы меў намер набыць стужку расейскі канал НТВ. Значна пазьней Панамароў даведаўся, што на імя кіраўніцтва “Беларусьфільма” дасылаліся афіцыйныя запрашэньні на фэстывалі ў Таронта й Берлін.

Але адносіны мясцовых уладаў заставаліся ранейшымі: фільм “На чорных лядах” непажаданы да прагляду ані за межамі, ані ў межах краіны. Кажуць, кінаначальства зараз заяўляе, што нібыта аніякіх “Чорных лядаў” няма, і нічога падобнага на “Беларусьфільме” не здымалася.

Сапраўды, няма матэрыялу – няма праблемы.

На кінафэстывалі ў Зялёнай Гуры стужка Валерыя Панамарова павінна была ўдзельнічаць у намінацыі “рэтраспэктыва” ў шэрагу асаблівых дасягненьняў за апошнія 10 год. Такой пашаны ўдастойваюцца адзінкі.

Ігар Карней, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG