Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Учора ў ваколіцах места Ігумен прадстаўнікі беларускай, летувінскай ды польскай грамадзкасьці правялі жальбіны ў памяць расстраляных тут 59 год таму супрацоўнікамі НКВД палітычных вязьняў.

Учора ля будынку ігуменскай вэтэрынарнае лякарні, дзе колісь разьмяшчалася перасыльная вязьніца НКВД, было шмат аўтобусаў і легкавікоў зь беларускімі, летувінскімі ды польскімі нумарамі. Людзі са сьцягамі ды харугвамі, аздобленымі чорнымі стужкамі, сталі ў калёну й рушылі ўскрайкам раённага цэнтру на Якшыцкі шлях. Туды, дзе 24–26 чэрвеня 1941 году энкавэдысты расстралялі 4 тысячы польскіх ды летувінскіх ваеннапалонных і беларускіх палітвязьняў.

Дзявятае лета запар напрыканцы чэрвеня там, каля мэмарыяльных знакаў, усталяваных абапал шашы высілкамі Беларускага Народнага Фронту, ладзяць жальбіны нашчадкі ахвяраў бальшавіцкага тэрору.

Сёлетнія жальбіны на Дарозе Сьмерці мелі свае адметнасьці. Адбылося адкрыцьцё яшчэ аднаго помніка палякам, забітым тут у чэрвені 1941 году. Дарэчы, 4-мэтровую драўляную скульптуру з выявамі Божае Маці ды Ісуса Хрыста зрабіў ігуменскі мастак Генадзь Матусевіч.

Выступоўцы на мітынгу дружна асудзілі камунізм, як палітычную зьяву, што прынесла тром суседнім народам тэрор і гэнацыд.

Гаворыць дэпутат Сэйму Летувы Ёзас Дрынгяніс:

“Ад камунізму загінула больш людзей, чым ад фашызму і нацыянал-сацыялізму. Нас непакоіць: чаму гэты рэжым – які нёс у сабе нянавісьць, прыгнёт – чаму ён дагэтуль не асуджаны? Летувінскія сілы незалежнасьці, якія непакояцца пра тое, лічаць, што зараз, калі Сярэдняя Эўропа скінула ярмо камунізму, настаў час суду над камунізмам”.

Актывіст Кансэрватыўна-Хрысьціянскае парыі БНФ Мікола Купава, рэпрэсаваная ў гады сталінізму жыхарка Калодзішчаў Надзея Дземідовіч, магістар гісторыі з Польшчы Яана Янушчык, што цудам ацалела на Якшыцкай дарозе ў чэрвені 1941 году, выказалі спадзяваньне, што да суду над камунізмам далучыцца й беларускі народ.

Дэпутат Сэйму Летувы Пятраш Акалініш у інтэрвію “Радыё Свабода” адзначыў, што ў ягонай краіне многія занепакоеныя тым, што цяперашняя Беларусь пераўтварылася ў дзяржаву, дзе хаваюцца тыя, хто тварыў камуністычны гэнацыд над летувінамі. Пятраш Акалініш паведаміў, што вядомага генэрала Ўсхопчыка чакае Віленскі суд, каб асудзіць за ўчыненыя пад ягоным камандаваньнем у сталіцы Летувы ў студзені 1991 году забойствы летувінаў, якія адстойвалі незалежнасьць краіны. Аляксандар Лукашэнка ня толькі не выдае Ўсхопчыка летувінскім уладам, а прызначыў яго намесьнікам міністра абароны.

Алесь Мікалайчанка, Менск

XS
SM
MD
LG