У нядзелю пад час сустрэчы прадстаўнікоў Менскае раённае Рады БНФ з жыхарамі
вёскі Бараўляны міліцыянты затрымалі Генадзя Таляронка, намесьніка старшыні
раённае Рады БНФ. Сёньня яго выклікалі ў міліцэйскі пастарунак і склалі
пратакол паводле артыкулу 167 Адміністрацыйнага кодэксу (удзел у несанкцыянаванай
масавай акцыі).
Учора ўвечары сябры БНФ Генадзь Таляронак, Юрась Зямчонак і Сяргей Абакунчык
каля анкалягічнага шпіталю ў Бараўлянах сустракаліся зь мясцовымі жыхарамі.
Сабралася вялікая колькасьць людзей, задавалі шмат пытаньняў.
Раптам у натоўпе зьявіліся міліцыянты, схапілі Генадзя Таляронка, які
трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг, і пацягнулі ў міліцэйскі пастарунак.
Там Генадзь Таляронак заявіў, што, паколькі зьяўляецца пацыентам анкалягічнага
шпіталю, дык ня можа доўгі час знаходзіцца ў пастарунку. Супрацоўнікі раённае
міліцыі склалі рапарты затрыманьня і адпусьцілі яго. Але пры гэтым паведамілі,
што трэба будзе зьявіцца ў пастарунак на наступны дзень.
Сёньня Генадзь Таляронак наведаў РАУС. Там начальнік аддзелу міліцыі
паведаміў, што ўчора Таляронак нібыта парушыў заканадаўства паводле артыкулу
167 Адміністрацыйнага кодэксу (удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі)
і склаў на яго пратакол.
Колькі ні тлумачыў кандыдат навук міліцыянту, што аніякага парушэньня
заканадаўства не было – ніякага выніку гэта не прынесла. Копію пратакола
ў міліцыі даць адмовіліся – маўляў, самі накіруюць яго ў суд. Урэшце рэшт
хворы чалавек вымушаны быў ехаць у міжраённую пракуратуру, каб там скласьці
скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.
Намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык так пракамэнтаваў гэтую сітуацыю:
“На вялікі жаль, гэтая сытуацыя традыцыйная – справа ў тым, што сёньняшняя
ўлада зьяўляецца сапраўды акупацыйнай і вельмі нэрвова рэагуе на праяву
беларускасьці, у тым ліку – на бел-чырвона-белы сьцяг. На вялікі жаль,
мы будзем сутыкацца з такімі фактамі, пакуль тут будзе рэжым Лукашэнкі.
Сьцяг зьяўляецца сымбалем Беларусі, таму ў першую чаргу атака скіравана
на чалавека, які трымае сьцяг. І так ёсьць у нашай краіне, на вялікі жаль,
зь 95-га году”, – паведаміў Вячаслаў Сіўчык.
Бел-чырвона-белы сьцяг Генадзю Таляронку аддаць адмовіліся. Спаслаліся
на тое, што ён можа спатрэбіцца як рэчавы доказ віны.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1